Польская кампанія атрымлівае з Беларусі разабраныя БелАЗы, збірае іх і прадае як польскія. Як такое магчыма пры ўведзеных супраць БелАЗу санкцыях? Журналіст Аляксандр Ярашэвіч тлумачыць: для абыходу абмежаванняў выдумляюць спецыяльныя схемы і ствараюць «пракладкі», а мытнікі не заўсёды могуць за гэтым усачыць.
Супольнае расследаванне «BelPol», «Белсату» і польскага выдання «Gazeta Wyborcza» паказала, што БелАЗ абыходзіць санкцыі і пастаўляе ў Еўропу сваю прадукцыю.
Абыход санкцыяў кепска хаваюць: беларускія самазвалы разбіраюць, у такім выглядзе правозяць праз мяжу, а ў Польшчы збіраюць тыя самыя машыны, толькі пішуць на іх ужо не БелАЗ, а «Kronos». Перавозкай займаецца кампанія «Еўрамарк Камплект», якой кіруе былы прадстаўнік «БелАЗ-Холдынг», а зборкай у Польшчы – шматгадовы партнёр БелАЗу, кампанія «Polmark». У працоўнай перапісцы кіраўніцтва БелАЗу, якую здабыў «BelPol», адкрыта гаворыцца пра абыход санкцыяў. Ды і «Polmark» не надта старанна замятае сляды: нават на сайце відаць, што БелАЗы проста пераназвалі, а месцамі і «зафаташопілі». Хіба паставілі іншыя рухавікі, адпаведныя еўрапейскім экалагічным стандартам.
Чаму Еўразвяз гэта прапускае? Журналіст «Бюро Медыя» Аляксандр Ярашэвіч кажа «Белсату»: нельга казаць, што Еўразвяз проста дазваляе абыходзіць санкцыі. БелАЗу спатрэбілася каля года, каб прыдумаць схему абыходу абмежаванняў.
Восенню 2021 года БелАЗ спрабаваў увезці праз Літву кантэйнеры з запчасткамі сваіх аўтаў у порт Клайпеды, каб прадаць іх у Лацінскую Амерыку, але тады груз спынілі і вярнулі ў Беларусь. Давялося прыдумляць хітрэйшую схему: разабраць машыну на «скрынкі», яны, паводле дакументаў, праходзяць як непадсанкцыйны тавар, які вязе непадсанкцыйнае прадпрыемства.
Ярашэвіч згадвае, як Беларускі расследавальніцкі цэнтр рабіў расследаванне пра «Горадня Азот», які працягваў прадаваць у Еўразвяз падсанкцыйныя ўгнаенні: стварыў «фірмы-пракладкі», якія на мытні паказвалі дакументы, што гэта не ўгнаенні «Горадня Азоту», а зусім іншы прадукт, зроблены на арандаваных магутнасцях «Горадня Азоту». Расследаванне выйшла ў лютым 2023 года, а санкцыі супраць згаданых у ім кампаніяў увялі толькі ў снежні 2024 года. Ярашэвіч спадзяецца, што гэтым разам рэакцыя будзе хутчэйшая.
,,«Трэба проста набрацца цярплівасці, – кажа Ярашэвіч. – Добра, што расследавальнікі выкрываюць такія схемы».
Ён адзначае яшчэ адзін момант: маўляў, чуў ад літоўскіх мытнікаў, што ім не хапае чалавечых рэсурсаў і кампетэнцыі, каб адсочваць усе падсанкцыйныя тавары, бо «нерэальна шмат працы» – праз мяжу ідзе вялікі аб’ём тавараў.
Якое можа быць выйсце? Ярашэвіч адзначае: калі забараніць працаваць адной «фірме-пракладцы», створаць новую, будзе бясконцая гульня. Ды нават пры такой гульні той жа «Беларуськалій», мяркуючы са здабытых «Нашай Нівай» дакументаў, нясе эканамічныя страты на два з нечым мільярды долараў.
«Беларуськалій», у адрозненне ад БелАЗу, трапіў пад сектаральныя санкцыі: яны больш адчувальныя для прадпрыемства ў параўнанні з адраснымі санкцыямі. Але для БелАЗу можа быць важны не столькі экспарт аўтаў у Еўропу, колькі імпарт запчастак.
Асноўны рынак збыту БелАЗаў – Расея, адзначае Ярашэвіч. І менавіта на продажы БелАЗаў у Расею зарабляе сям’я Аляксандра Лукашэнкі, як паказала ранейшае расследаванне БРЦ і наступнае расследаванне «BelPol». БелАЗы прадае ў Расею Гандлёвы дом «БелАЗ», а яго наўпрост кантралюе Дзмітрый Лукашэнка, сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі. У Расеі ж працуе некалькі дылераў, якія прадаюць самазвалы ў рэгіёнах. Выходзіць вялікая накрутка для пасярэднікаў і нізкія прыбыткі для самога БелАЗу.
Польская кампанія «Polmark» удзельнічае не толькі ў продажы прадукцыі БелАЗу ў Еўропу, звяртае ўвагу Ярашэвіч. «Polmark» таксама прадае БелАЗу дэталі для аўтаў ад кампаніяў, што адмовіліся супрацоўнічаць з падсанкцыйным прадпрыемствам. Гэтыя дэталі апынаюцца ў БелАЗах, якія адпраўляюцца на расейскі рынак і даюць сям’і Лукашэнкі «зняць вяршкі».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Антон Бяздольны, Алесь Наваборскі belsat.eu