Гісторыі

«БелАЗ» абыходзіць санкцыі праз продаж сваіх самазвалаў як «польскіх». Расследаванне

«Польскі БелАЗ» – «Kronos 7555»
«Польскі БелАЗ» – «Kronos 7555». Фота: Polmark-kielce.pl
podpis źródła zdjęcia

Кампанія «Polmark Kielce» прадае самазвалы «Kronos», якія не проста падобныя да самазвалаў «БелАЗ», а імі і з’яўляюцца. Гэта не надта старанна ўтойваюць. «BELPOL», «Белсат» і «Gazeta Wyborcza» выкрылі схему абыходу санкцыяў, уведзеных супраць «БелАЗу» як крыніцы даходаў сям’і Аляксандра Лукашэнкі.

Расследаванне «Белсату» глядзіце ў перадачы «Тыдзень» 22 снежня.

Сваю гісторыю кампанія «Polmark Kielce» адлічвае ад 1992 года: тады яна была зарэгістраваная ў горадзе Кельцэ – цэнтры Свентакшыскага ваяводства, што на поўдні Польшчы. У 1994 годзе кампанія купіла першы цэх, у 1995-м выпусціла першыя грузавыя кузавы і прадала першыя самазвалы, сабраныя ў Кельцах. 


У 2017 годзе кампанія выпусціла першы самазвал мадэлі «7547S» з рухавіком «Scania». У матэрыялах на сайце кампаніі (PDF) бачна, што гэты самазвал амаль ідэнтычны самазвалу «БелАЗ 7547». Файл нават так і падпісаны: «Biełaz 7547S DC16 600KM Stage V [PL]». Не супадаюць хіба характарыстыкі рухавіка. І брэнд: на «польскіх БелАЗах» напісана «Kronos». 


Іншыя самазвалы «Kronos» таксама надзіва падобныя да «БелАЗаў». А выява самазвала «Kronos 7540» – гэта літаральна фота самазвала «БелАЗ 7540» з не надта ахайна абрэзаным фонам і «прыфаташопленымі» лагатыпамі ў неадпаведна нізкім разрозненні.

«Kronos 7540» і «БелАЗ 7540». Калаж з фота: Polmark-kielce.pl / Belaz.by / Белсат
«Kronos 7540» і «БелАЗ 7540». Калаж з фота: Polmark-kielce.pl / Belaz.by / Белсат

«BELPOL» і «Белсат» знайшлі доказы таго, што гэта не проста капіяванне беларускіх самазвалаў. Гэта і ёсць беларускія самазвалы, якія прадаюць у трэція краіны пад выглядам польскіх, замяніўшы ў іх адну дэталь.


Навошта «апалячваць» самазвал


«БелАЗ» – адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў кар’ерных самазвалаў і абсталявання для горназдабывальнай і будаўнічай прамысловасці. Беларуская кампанія прынамсі раней займала каля 30 % рынку кар’ерных самазвалаў. 


Ды 21 чэрвеня 2021 года «БелАЗ» трапіў пад санкцыі Еўразвязу. Да санкцыяў неўзабаве далучыліся Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія, Паўночная Македонія і Чарнагорыя, пазней свае санкцыі адносна «БелАЗу» ўвялі Канада і Швейцарыя. 24 сакавіка 2023 года «БелАЗ» і ягоны дырэктар Сяргей Нікіфаровіч трапілі пад санкцыі Злучаных Штатаў» (сам Нікіфаровіч 21 снежня 2023 года трапіў за краты ў Беларусі праз падазрэнні ў карупцыі).12 траўня 2023 года санкцыі супраць «БелАЗу» ўвяла Украіна.


Еўразвяз у паведамленні пра санкцыі пісаў, што «БелАЗ» – «крыніца значных даходаў» для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, а таксама кампанія, якая давала свае памяшканні і прадукцыю для акцыяў у падтрымку Лукашэнкі, а сваіх супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў забастоўках і мірных акцыях пратэсту, застрашвала і пагражала звальненнямі. 

Аляксандр Лукашэнка за рулём «БелАЗу». Жодзіна, Беларусь. 8 кастрычніка 2013 года. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка за рулём «БелАЗу». Жодзіна, Беларусь. 8 кастрычніка 2013 года. Фота: president.gov.by
Самазвал «БелАЗ». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: belaz.by

«BELPOL»: «БелАЗ» амаль нічога не зарабляе – мільёны долараў у набліжаных да Лукашэнкі

навіны

Сувязь «БелАЗу» і Лукашэнкі наўпроставая. Асноўны рынак збыту для ААТ «БелАЗ-Холдынг» – гэта Расея. Там, а таксама ва Узбекістане і шэрагу краінаў Афрыкі, холдынг прадстаўляе ЗАТ «Гандлёвы дом „БелАЗ“», 45 % акцыяў якога належаць «Прэзідэнцкаму спартоваму клубу», які ўзначальвае Дзмітрый Лукашэнка, сярэдні сын Аляксандра Лукашэнкі.


У сувязі з санкцыямі цяжка гандляваць нават з краінамі, якія тых санкцыяў не ўводзілі. «BELPOL» звярнуў увагу на закрыты даклад Міністэрства прамысловасці Беларусі. Тое наракае, што ў гандлі «БелАЗамі» з Індыяй асноўная праблема нават не ў адсутнасці маршрутаў правядзення плацяжоў, а ў праблемах плацяжоў між індыйскім банкам і індыйскімі філіямі беларускіх банкаў на адрас падсанкцыйнага «БелАЗу». За гэта могуць пагражаць другасныя санкцыі ўжо супраць індыйскіх кампаніяў. Беларускі Мінпрам па выніках сустрэчы ў сакавіку 2024 года прасіў Мінфін Індыі даць дазволы індыйскім банкам на плацяжы «БелАЗу». Індыйскі Мінфін правёў нараду з індыйскімі банкамі – і тыя ўсё роўна адмовіліся праводзіць плацяжы на адрас падсанкцыйнага прадпрыемства. Даводзіцца выдумляць схемы абыходу санкцыяў.


Схема простая: разабраць, прывезці, сабраць


«Polmark Kielce» да ўвядзення санкцыяў адносна «БелАЗу» прадстаўляла інтарэсы беларускага вытворцы ў Літве, Польшчы, Славаччыне і Чэхіі. Пасля забароны працаваць з «БелАЗам» праз санкцыі ў схему паставак дадалі «пракладку»: 20 сакавіка 2022 года «Polmark» зарэгістравала ў Беларусі прадстаўніцтва пад назвай ААТ «Еўрамарк Камплект», якім кіруе былы прадстаўнік «БелАЗ Холдынг» Аляксандр Томчык (які, дарэчы, мае адрасы электроннай пошты, звязаныя і з «Еўрамарк», і з «Polmark»).


«BELPOL» здабыў ліст прэзідэнта праўлення «Polmark Kielce» Марэка Сверча дырэктару «БелАЗ-Холдынгу» Нікіфаровічу, у якім наўпрост гаворыцца, што «Еўрамарк Камплект» створаны дзеля паставак тэхнікі «БелАЗу» да «Polmark» і што «пракладка» прапрацоўвае магчымасць паставак еўрапейскай вытворчасці ў Беларусь. Гаворыцца гэта ў забаўным кантэксце: Нікіфаровіч прасіў у польскай кампаніі стаць спонсарам футбольнага клубу «Тарпеда-Белаз», Сверч адмовіў праз санкцыі, але дапусціў, што «Еўрамарк» можа праспансаваць каманду, калі справы кампаніі пойдуць добра.


Ды й «БелАЗ» ведае пра санкцыі. «BELPOL» здабыў праект дакладу гендырэктара ААТ «БелАЗ» (кіроўнай кампаніі холдынгу) Сяргея Лесіна, у якім наўпрост гаворыцца: «„БелАЗ“ выкарыстоўвае схемы з прыцягненнем непадсанкцыйных беларускіх і расейскіх кампаніяў („Лідсяльмаш“, „Еўрамарк Камплект“, „Ростмарк“), каб „абезаблічыць“ наўпроставую санкцыйную сувязь з прадукцыяй для спажыўца і забяспечыць магчымасць разлікаў за пастаўляную прадукцыю». Таксама «BELPOL» звярнуў увагу на службовую запіску начальніка юрыдычнага аддзелу «БелАЗу»: каб пазбягаць праблемаў з дастаўкай прадукцыі спажыўцу, трэба перадусім здымаць лагатыпы «БелАЗ» і ідэнтыфікацыйныя шыльды.


Таксама для абыходу санкцыяў выкарыстоўваюць расейскія парты і парты трэціх краінаў, якія не падтрымліваюць санкцыі: у праекце дакладу гаворыцца, што сёлета ў Арменію праз Іран паставілі 8 самазвалаў «БелАЗ 7513D» на суму звыш 8,6 млн долараў.

«Польскі БелАЗ» працуе ў кар’еры. Фота: Polmark-kielce.pl
«Польскі БелАЗ» працуе ў кар’еры. Фота: Polmark-kielce.pl

Незаўважна правезці кар’ерны самазвал праз мяжу дзяржавы, якая падтрымлівае санкцыі, цяжка. Схема з Польшчай працуе больш складана: «БелАЗ» разбірае самазвал, прадае «Еўрамарк Камплект» камплект для буйнавузлавой зборкі (або SKD-камплект – ад англійскага semi knocked down, «паўразабраны»), а «Еўрамарк» прадае гэты кампелкт «Polmark». 


«Польскі БелАЗ» не ідэнтычны беларускаму праз ліміты Еўразвязу на шкодныя выкіды ў асяроддзе: «Polmark» збірае з камплекту «БелАЗу» практычна цэлы самазвал, але замест арыгінальнага рухавіка ставіць рухавік «Scania» ці «Liebherr». 


З дастаўкай разабраных «БелАЗаў» узнікла праблема: калі давозіць іх да мяжы беларускімі машынамі (траламі для негабарытных грузаў) і потым перагружаць на польскія, можна пашкодзіць дарагі груз (у месцах патэнцыйнай перагрузкі няма спецыяльных прыстасаванняў для такога грузу), а каб адразу загрузіць разабраныя «БелАЗы» на польскія грузавікі, трэба спецыяльны дазвол Міністэрства транспарту. 


Намеснік гендырэктара «БелАЗ-Холдынгу» Васіль Шостак спецыяльна пісаў ліст міністэрству і прасіў дазвол на паездкі па Беларусі спецыяльных машынаў «Polmark» і польскага прадпрымальніка Рафала Растоўскага («Przedsiębiorstwo Przewozowe R - R Rafał Rostowski») дзеля перавозкі, цытата, «на адрас польскіх спажыўцоў кар’ернага самазвалу», каб «захаваць экспартны патэнцыял Міністэрства прамысловасці Беларусі ў краінах Еўрапейскага звязу і іншых краінах рэгіёну». Намеснік міністра транспарту Сяргей Дубіна даў дазвол. «BELPOL» здабыў і зварот, і адказ. 


Сярод іншых здабытых дакументаў – праграма прыёму прадстаўнікоў «Polmark» на «БелАЗе» 9–10 красавіка 2023 года. Дырэктара «Polmark» Сверча і Томчыка як дырэктара прадстаўніцтва «Polmark» у Беларусі прымалі на заводзе, частавалі абедам у сталовай, падарылі рэкламна-сувенірную прадукцыю, але прыезд і ад’езд дэлегацыі не арганізавалі – госці дабіраліся самастойна. 


Мы паглядзелі на ўласныя вочы


Журналісты «Белсату» выправіліся ў Кельцэ, каб пабачыць, як дзейнічае «Polmark». На месцы сустрэліся з калегам з польскага выдання «Gazeta Wyborcza», які разам з «Белсатам» і «BELPOL» расследуе гэтую справу. 


На нашае здзіўленне, нават цяпер, у 2024 годзе, «Polmark» не хавае сваіх шчыльных сувязяў з беларускім прадпрыествам. На сцяне аднаго з будынкаў – велічэзны надпіс «БелАЗ». Падворак, запоўнены самазваламі беларускае вытворчасці. Частка з іх з шыльдамі «БелАЗ», частка пад уласнай гандлёвай маркай «Kronos». Побач аўтамабілі з рэкламай: «Сэрвіс БелАЗ». Побач з некаторымі машынамі здэмантаваныя запчасткі і новенькія скрынкі з надпісамі кірыліцай. Бачым назву беларускай «фірмы-пракладкі» – «Еўрамарк Камплект». 

Тэхніка на складзе «Polmark» у Кельцэ, Польшча. 18 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Тэхніка на складзе «Polmark» у Кельцэ, Польшча. 18 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Перад прыёмнай дырэкцыі – сцяна з дыпломаў і ўзнагародаў. У дырэктара «Polmark» Сверча ёсць цэлы набор граматаў: як ад кіраўніцтва «БелАЗ», так і ад Савету Міністраў Беларусі і асабіста міністра прамысловасці Беларусі Віталія Воўка.


Дырэктара на месцы не было, але з намі пагадзіўся сустрэцца віцэ-дырэктар. Яго таксама клічуць Марэк Сверч – імаверна, гэта сын кіраўніка. Ён папрасіў выключыць камеру, перастаць здымаць. Нягледзячы на тое, што мы спынілі запіс, размова з віцэдырэктарам не заладзілася, мы выйшлі з прадпрыемства без адказаў на пытанні. Затое паглядзелі на «БелАЗы».


Сетка не абмяжоўваецца Польшчай


Таксама «BELPOL» здабыў сведчанні таго, што кампанія Растоўскага возіць прадукцыю «БелАЗу» ў Балгарыю, «Polmark» быў дылерам «БелАЗ» у Польшчы, Вугоршчыне, Нямеччыне, Францыі, Партугаліі, Нідэрландах, Іспаніі, Італіі, Бельгіі, Чэхіі і Славаччыне. «БелАЗ» мае таксама дылераў у Балгарыі, Эстоніі, Іране, Пакістане, Індыі і іншых краінах, а сербская «Sky Tropeco» лічыцца дылерам у Босніі і Герцагавіне, Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Славеніі, Паўночнай Македоніі, Аўстрыі і Турэччыне. 


«Polmark» часам нават не карыстаўся «фірмай-пракладкай». У адным з лістоў, якія здабыў «BELPOL», Сверч просіць знізіць цэны на два «БелАЗы», якія «Polmark» збіраецца прадаць кліенту на тэрыторыі Еўразвязу. У яшчэ адным, у сакавіку бягучага года, просіць дырэктара маркетынг-цэнтру «БелАЗ» Васілія Шостака прадставіць камерцыйную прапанову на дзесяць «БелАЗаў» для ўдзелу «Polmark» ў філіпінскім тэндары.

Саўладальнік «Polmark Kielce» Матэўш Жукоўскі і самазвал «БелАЗ 75710». Жодзіна, Беларусь. 19 снежня 2019 года. Фота: Polmark Kielce / Facebook
Саўладальнік «Polmark Kielce» Матэўш Жукоўскі і самазвал «БелАЗ 75710». Жодзіна, Беларусь. 19 снежня 2019 года. Фота: Polmark Kielce / Facebook

У дакументах, якія здабыў «BELPOL», паведамляюць толькі, што «БелАЗ» разглядае працяг дылерскай дамовы з «Polmark» да канца 2028 года. Ці ўхвалілі працяг дамовы, невядома. Ды «BELPOL» лічыць, што гэты разгляд – толькі фармальнасць, такія дамовы заўсёды ўхваляюць.


«Еўрамарк» жа не толькі пастаўляе беларускую тэхніку ў Польшчу, але і дапамагае «БелАЗу» са здабычай падсанкцыйных запчастак. З дакументаў, якія здабыў «BELPOL», вынікае, што «Polmark» праз «Еўрамарк» пастаўляў «БелАЗу» сядзенні для кар’ерных самазвалаў. Вёз не сам: «Еўрамарк» замаўляў у Гандлёва-лагістычнага цэнтру «Азярцо-лагістык» дастаўку з Менску ў Жодзіна на «БелАЗ». 


Ігар Кулей, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10