навіны

«BELPOL»: «БелАЗ» амаль нічога не зарабляе – мільёны долараў у набліжаных да Лукашэнкі

Самазвал «БелАЗ»
Самазвал «БелАЗ». Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: belaz.by
podpis źródła zdjęcia

«БелАЗ» недаатрымлівае мільёны долараў даходаў, а беларускі бюджэт падаткаў праз пасрэдніцкія схемы набліжаных да сям'і Аляксандра Лукашэнкі. З аднаго самазвала «БелАЗ» коштам ад $2 млн да $7 млн прадпрыемства губляе палову ад названай сумы, вынікае з новага расследавання «BELPOL».

Аляксандр Лукашэнка ўжо 15 гадоў змагаецца з «неабгрунтаваным» пасрэдніцтвам, пакуль «БелАЗ» з-за адной фірмы-пасярэдніка губляе практычна ўсё, што зарабляе, паведамляе «BELPOL».


Прадукцыя «БелАЗ» вельмі дарагая, але мала яе вырабіць, трэба яшчэ прадаць. Гэтым займаецца генеральны дыстрыб'ютар Гандлёвы дом «БелАЗ». У 2023 годзе гэтая кампанія ўвайшла ў топ-50 найбуйнейшых замежных кампаній у Расеі, заняўшы 38 месца. Выручка ГД «БелАЗ» склала RUB 65,9 млрд (каля $0,7 млрд).


Паводле апошніх апублікаваных дадзеных, чысты прыбытак самога «БелАЗ» склаў у 2020 годзе BYN 30,8 млн (каля $ 10 млн), а ў 2019 годзе – BYN 265,6 млн (каля $ 83 млн).


Чаму такая велізарная розніца, калі Гандлёвы дом не вытворца? Справа ў выбудаванай дылерскай сістэме і перадачы ёй тэхнікі «БелАЗ» па заніжаным кошце, адзначае «BELPOL». Акрамя таго, грошай, якія атрымлівае Гандлёвы дом не бачаць ні прадпрыемства, ні беларусы. Падаткі плацяцца ў Расеі, паколькі кампанія зарэгістраваная там, а таксама вялікія дывідэнды ў Беларусі забірае Прэзідэнцкі спартыўны клуб пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Лукашэнкі.


Як гэта працуе?

Самазвал-арашальнік «БелАЗ». Фота: belaz.by
Самазвал-арашальнік «БелАЗ». Фота: belaz.by

«BELPOL» распавядае пра схему ўзбагачэння дылераў на прыкладзе запыту ад кампаніі «Павлик» у 2023 годзе. Ёй спатрэбілася 10 самазвалаў. Каб іх атрымаць, кампанія вымушана звярнуцца ў Гандлёвы дом «БелАЗ». Наўпрост у вытворцы купіць тэхніку немагчыма. Тады Гандлёвы дом робіць запыт «БелАЗу» і паміж імі заключаецца дамова. Згодна з ёй, кошт аднаго самазвала – RUB 87 млн. Потым Гандлёвы дом прадае гэты самазвал свайму дылеру-кампаніі «СКМ» – за RUB 112 млн. Толькі потым ад «СКМ» самазвал пераходзіць да кампаніі «Павлик» за RUB 132 млн.

,,

«Вынік – на рахунках гандлёвага дома і дылера асядае 45 млн расейскіх рублёў або больш за палову ад першапачатковага кошту самазвала, – адзначае прадстаўнік „BELPOL“ Уладзімір Жыгар. – Хіба не мог бы сам холдынг прадаваць сваю прадукцыю? Ды вядома ж мог. Але тады ўсе грошы даставаліся б яму».


А хто атрымлівае грошы?


Частка грошай відавочна застаецца Гандлёваму дому пры перапродажы. Аднак і іншая частка звязана са структурамі Гандлёвага дома. Стаць дылерам проста так нельга. У склад дылерскай кампаніі павінны ўваходзіць асобы, звязаныя з кіраўніком Гандлёвага дома «БелАЗ» Аляксеем Ляміным або Прэзідэнцкім спартыўным клубам. Гэты клуб з'яўляецца саўладальнікам гандлёвага дома. 45% належыць яму, а 55% – «БелАЗу». Такім чынам, грошы круцяцца сярод адных і тых жа людзей. Прыдумаў гэтую схему і кантралюе паток сам гендырэктар гандлёвага дома «БелАЗ» Аляксей Лямін.

Аляксей Лямін (трэці злева) на фоне самазвалу «БелАЗ». Крыніца: ossetia.tv
Аляксей Лямін (трэці злева) на фоне самазвалу «БелАЗ». Крыніца: ossetia.tv

Лямін нарадзінец Расеі. Чатыры гады ён працаваў у «КузбассБелАвто» (з 2010 года працуе як дылер БелАЗа ў Расеі). У 2013-2014 гадах ён узначальваў кампанію.


У 2016 годзе супраць кіраўніцтва «КузбассБелАвто» была распачатая справа аб ухіленні падаткаў у асабліва буйным памеры. Сума шкоды – больш за 100 млн рублёў. «КузбассБелАвто» праз некалькі сваіх кампаній стварала бачнасць абгрунтаванай куплі тавараў па завышаным кошце.

,,

«Віна Ляміна была цалкам даказаная, але 31 траўня 2017 года справу спынілі, бо ўся шкода была выплачаная, а Лямін быў асобай, якая ўпершыню ўчыніла злачынства паводле такога артыкула», – адзначае Уладзімір Жыгар.


Сам Лямін да таго часу ўжо перабраўся ў гандлёвы Дом «БелАЗ». Пяць месяцаў ён прапрацаваў там камерцыйным дырэктарам. А з сярэдзіны 2014 года стаў гендырэктарам ГД «БелАЗ».


Раней «BELPOL» адзначаў, што 70% экспарту «БелАЗа» прыпадае на Расею. У 2020 годзе гандлёвым домам з усімі яго дылерамі зацікавілася антыманапольная служба Расеі, бо аб канкурэнцыі там няма і гаворкі. Аднак ЗАТ Гандлёвы дом «БелАЗ» проста памянялі на АТ Гандлёвы дом «БелАЗ» і пакінулі ўсю структуру.

Чытайце таксама:
Самазвал «БЕЛАЗ». Фота: belaz.by

Гандлёвы дом «БЕЛАЗ» выплаціў рэкордныя дывідэнды сям’і Лукашэнкаў і іх сябрам

«І ўсе парушэнні былі спісаныя. Пакуль „БелАЗ“ жыве на дзяржаўных датацыях, крэдытах, карыстаецца асаблівым парадкам спісання страт пры рэгулярным зніжэнні чыстага прыбытку да смяхотных для такога прадпрыемства 30 млн рублёў, колькасць работнікаў памяншаецца, а астатняя частка атрымлівае дастаткова сціплыя зарплаты, Прэзідэнцкі спартыўны клуб у 2021 годзе атрымлівае толькі дадатковых дывідэндаў ад гандлёвага дома ў памеры 239 млн расійскіх рублёў», – кажа Жыгар.


У 2022 годзе дывідэнды выплачваліся Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу двойчы – RUS 303 млн (больш за $ 3,2 млн) і RUS 258 млн (каля $ 2,8 млн).


«Мы паказваем суму чыстымі, пасля выплаты падаткаў. А падаткі выплачваюцца ў Расеі, таму што гандлёвы дом зарэгістраваны ў Расеі. У дзяржаўны бюджэт не ідзе ні капейкі. Пры гэтым Прэзідэнцкі спартыўны клуб яшчэ прымудраецца атрымліваць так званую спонсарскую дапамогу ад гандлёвага дома – на 13 млн, 25 млн рублёў», – кажа Уладзімір Жыгар.


Лямін не абдзяліў сябе


Самому Ляміну таксама належаць долі ў некаторых дылерскіх кампаніях, якія створаны пры яго ўдзеле. Напрыклад, у яго ёсць долі ў «Б-24 Майнинг», а яго жонцы Ліліі Лямінай належыць амаль 57,5 % у «Б24».

Чытайце таксама:
Здымак мае ілюстрацыйны характар. (Фота: TUT.by / AP / East News)

Сям'я. Як клан Лукашэнкаў ператварыў Беларусь ва ўласны бізнес

Зарплата самога Ляміна ў 2020 годзе складала RUS 442 тысячы (амаль $ 5 тысяч) у месяц, а ў 2024 годзе RUS 732 (амаль $ 8 тысяч). А яшчэ ёсць дывідэнды. У 2018 годзе ён атрымаў RUS 26 млн ад «Б24 Майнинг». У 2019 годзе ад іх жа крыху больш за RUS 89 млн (амаль $1 млн). Таксама ён атрымлівае выплаты як сябра рады дырэктараў Гандлёвага дому «БелАЗ». З актывамі жонкі атрымліваецца яшчэ больш.


Вытрачае грошы Лямін на нерухомасць, якую потым здае ў арэнду і акцыі расейскіх, а таксама заходніх кампаній (Amazon, Facebook, Microsoft, Tesla, Citibank). У пачатку 2022 года ён вырашыў «купіць» для сябе і сям'і грамадзянства Грэнады праз інвестыцыю ў будаўніцтва на $357 тысяч. Цяпер яго заяўка разглядаецца. А ў канцы 2022 года ён атрымаў сербскі пашпарт і актыўна папаўняе сербскія рахункі – на € 400 тысяч, € 500 тысяч.


Што звязвае Ляміна і сям'ю Лукашэнкі?


Аляксей Лямін непасрэдна працуе з Дзмітрыем Лукашэнкам. Бо Прэзідэнцкі спартыўны клуб, які з'яўляецца акцыянерам «БелАЗа», ўзначальвае Дзмітрый.


У 2019 годзе Дзмітрый Лукашэнка напісаў у МЗС Беларусі рэкамендацыю для Ляміна на пасаду ганаровага консула Беларусі ў Кемераўскую вобласць Краснаярскага краю Расеі. Ён адзначыў, што ГД «БелАЗ» падтрымлівае фінансава футбольны клуб «Тарпеда-БелАЗ» і вельмі цёпла адклікаецца аб Ляміне.


У структуры гандлёвага дома раней працавала і жонка Дзмітрыя Лукашэнкі – Ганна Лукашэнка (творчы псеўданім Ганна Сялук). Яна была на пасадзе начальніка камерцыйнага аддзела з акладам RUS 125 тысяч (каля $ 1,3 тысячы).


Улетку 2023 года практыку ў ГД «БелАЗ» праходзіла студэнтка МДУ Ламаносава, Дачка Дзмітрыя Лукашэнкі – Анастасія Дзмітрыеўна.


Таксама ГД «БелАЗ» заплаціла за страхоўкі ўсёй сям'і Лукашэнкі.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10