Вайна

Украіна можа страціць Пакроўск. Што гэта значыць – і чаму ўкраінцы не губляюць стрыманага аптымізму

Закрыты кінатэатр з банерам «Пакроўск – сіла казацкага роду»
Закрыты кінатэатр з банерам «Пакроўск – сіла казацкага роду». Пакроўск, Украіна. 12 снежня 2024 года. Фота: Сергій Нужненко / Radiosvoboda.org
podpis źródła zdjęcia

Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1028 дзён. Найбольш інтэнсіўныя баі цяпер – на пакроўскім напрамку. Апошнім часам шмат размоваў пра тое, што Украіна можа страціць сам Пакроўск. Ды кажуць і пра тое, што Расея кідае на Пакроўск вялізныя сілы – і нясе вялізныя страты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы нясуць труну Сяргея Паўлічэнкі, які загінуў у баях з расейскімі войскамі ў Запарожскай вобласці, падчас паніхіды на могілках у Кіеве, Украіна. 29 лістапада 2023 года. (Фота: Roman Pilipey / AFP / East News)
Ініцыятыва расейцаў амаль па ўсім фронце. Што адбываецца ва Украіне? навіны

Пакроўск (да 2016 года – Краснаармейск) – раённы цэнтр у Данецкай вобласці Украіны. Да пачатку вайны на Данбасе ён меў насельніцтва каля 64,5 тысячы чалавек. Цяпер там засталося не больш за 11 тысяч жыхароў. Горад меў буйную прамысловасць: гэта адзін з «вугальных цэнтраў» Данбасу, а на дадатак да вугальных шахтаў там да нядаўняга часу працавала шмат іншых заводаў, у тым ліку пяць машынабудаўнічых. У 2,5 км ад Пакроўску – мястэчка Мырнаград, дзе таксама ёсць вугальныя шахты і важныя заводы.


Горад крытычна важны і для Украіны, і для Уладзіміра Пуціна, піша «Bloomberg». Там знаходзіцца адзіная шахта Украіны, якая здабывае каксоўны вугаль для цэментацыі сталі (хімічны працэс для падвышэння цвёрдасці і зносаўстойлівасці паверхні). Таксама Пакроўск – важны чыгуначны і дарожны вузел, праз які ідуць пастаўкі на абарончыя лініі Украіны. І гэта амаль апошні горад Данецкай вобласці, які яшчэ не захапіла Расея. Выданне называе сітуацыю пад Пакроўскам «калапсам у запаволеным руху» – і заклікае Еўропу як найхутчэй даць Украіне абяцаную дапамогу.


Брытанская выведка 15 снежня адзначала, што Расея сапраўды прасунулася пад Пакроўскам, захапіла вёску Шаўчэнка ў 3 км на поўдзень ад гораду, на скрыжаванні двух дарог у Пакроўск, які ёсць крытычным лагістычным хабам Данецкай вобласці, і будзе прасоўвацца далей. Ды амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) 16 снежня заўважыў, што, мяркуючы па геалакацыі свежых здымках, Збройныя сілы Украіны адбілі заходнюю частку Шаўчэнка. Расейскія «ваенкоры» сцвярджаюць, што расейскія войскі пад Пакроўскам прасунуліся і па іншых напрамках, але пацверджанняў гэтаму няма.

Мапа баявых дзеянняў пад Пакроўскам. 16 снежня 2024 года. Выява: Understandingwar.org
Мапа баявых дзеянняў пад Пакроўскам. 16 снежня 2024 года. Выява: Understandingwar.org

Галоўны рэдактар украінскага выдання Censor.net Юрый Бутусаў лічыць, што Украіна можа страціць Пакроўск нават без баёў за сам горад: калі Расея захопіць Шаўчэнка, а таксама суседнія сёлы Нвватроіцкае і Пішчаны, то расейскія дроны змогуць кантраляваць асноўную магістраль Дніпро–Пакроўск. У сяле Шаўчэнка ёсць тэрыкон (штучны пагорак – пародны адвал) вышынёй аж 200 метраў, на якім зручна ўсталяваць антэны, каб кантраляваць дронамі радыюс у восем кіламетраў, а гэта перакрывае ўсе ўездаў Пакроўск. Дроны, як адзначыў Бутусаў, і цяпер далятаюць да Пакроўску, але калі ўдасца захапіць згаданыя сёлы, то дроны будуць лятаць з такой інтэнсіўнасцю і шчыльнасцю, што забеспячэнне войскаў стане немагчымым.


А ў Пакроўску кажуць, што там «дроны лятаюць, як вароны», перадае «Настоящее время». Гукі баёў не сціхаюць, эвакуяваць мірных жыхароў усё цяжэй, бо расейскія войскі абстрэльваюць некаторыя ўчасткі дарог, па якіх ідзе эвакуацыя. Украінскае выданне «ТСН» са спасылкай на абаронцу Шаўчэнкі пад пазыўным Мучны піша, што бягучы тыдзень можа быць вырашальным для Пакроўску. 


Што далей, невядома: як кажа вайсковы эксперт Уладзіслаў Селязнёў, Расея можа атакаваць як наўпрост «мяснымі штурмамі», так і выбраць тактыку паўатачэння, бо «клешчы» на поўдні і паўднёвым захадзе ўжо сфармаваныя. Прадстаўнік аператыўна-стратэгічнага камандавання групоўкі войскаў «Хортыця» Назар Валошын 16 снежня расказаў, што Расея выстаўляе на адну ўкраінскую брыгаду чатыры сваіх, ды пакуль не пачынае лабавых атак і спрабуе абыходзіць Пакроўск па флангах, дыверсійна-выведныя групы ў сам горад не закідвае.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 15 снежня прызнаваў, што сітуацыя на пакроўскім напрамку цяжкая. Але ў той жа дзень сакратар камітэту Вярхоўнай рады Украіны ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Раман Кастэнка казаў «Радыё NV», што сітуацыя не крытычная: прасоўванне расейскіх войскаў пакуль толькі на тактычным узроўні, а вораг зазнае вялікія страты. Кіраўнік Рады рэзервістаў Сухапутных войскаў ЗСУ Іван Цімчанка нагадаў у эфіры «Эспрэса», што Расея яшчэ на подступах да Пакроўску страціла 150 тысяч чалавек асабовага складу, каля 1800 адзінак бранятэхнікі. Цімчанка мяркуе, што з улікам кінутых на Пакоўск сілаў Расеі і расейскіх стратаў можна казаць пра тое, што нападнік там прайграе.


Гэта далёка не адзінае месца ва Украіне, дзе ідуць цяжкія баі. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за мінулы дзень на пакроўскім напрамку было 52 баявыя сутыкненні, на курахаўскім 30, на ўрэменеўскім 22, на ліманскім і сіверскім па 16, на тарэцкім 12 і гэтак далей. Зяленскі прызнаваў, што сітуацыя таксама цяжкая мястэчкам Курахава, што ў 29 км на поўдзень ад Пакроўску. Валошын расказваў, што баі трываюць у паўднёвай забудове мястэчка. А маніторынгавы праект «Deep State» пазначае дзве траціны Курахава як кантраляваныя Расеяй. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10