навіны

Канец статыстычнага прагалу? Нацыянальны статыстычны камітэт вярнуўся да публікавання звестак пра нараджальнасць і смяротнасць

Дзіця на руках у маці. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Дзіця на руках у маці. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Нараджальнасць на рэкордна нізкім узроўні, смяротнасць – найніжэйшая за апошнія 10 гадоў. Гэта афіцыйныя дэмаграфічныя звесткі. Праз чатыры гады маўчання Белстат, як нічога і не было, вярнуўся да публікавання звестак пра нараджальнасць і смяротнасць. Што засталося схаваным у чатырохгадовым прагале?

Афіцыйна летась на кожную тысячу чалавек у Беларусі нараджалася 6,5. Гэта амаль удвая менш, чым патрэбна для аднаўлення насельніцтва.

У той жа час на кожную тысячу чалавек у мінулым годзе прыпадала 12,6 смерці. Звесткі апублікаваў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі – праз чатыры гады статыстычнай цішы ў пытанні дэмаграфіі.


Чаму маўчалі?


«Гэтая праблема называлася COVID. Колькасць смерцяў была надзвычай вялікай, пра гэта кажуць розныя крыніцы. І адпаведна, каб не паказваць гэтага высокага ўсплёску, улада дачакалася, калі нарэшце паказнікі нараджальнасці і смяротнасці вернуцца прыблізна да той крывой, якая была раней», – кажа выканальнік абавязкаў прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе нацыянальнага адраджэння Павел Баркоўскі.

Згодна са звесткамі Белстату, графік смяротнасці ў апошнім дзесяцігоддзі роўны: каля 119-120 тыс. смерцяў да 2019 года і 115 тыс. – у 2024-ым. Запоўнім прагал звесткамі Міністэрства аховы здароўя, здабытымі «Кіберпартызанамі»: смяротнасць у 2021 годзе, падчас пандэміі, даходзіла да 178 тысяч.

Запоўнім таксама прагал у графіку нараджальнасці, карыстаючыся атрыманай «BELPOL» інфармацыяй таго ж Міндароўя. Нараджальнасць стабільна падае – 3–6 тыс. на год.

Гэтыя лічбы паказваюць, што насельніцтва Беларусі старэе і скарачаецца, бо людзей нараджаецца менш, чым памірае. Віцэ-прэм'ер Уладзімір Каранік напярэдадні заявіў, што каля 30 % жанчын не выконваюць план аб нараджэнні дваіх дзяцей.

Павел Баркоўскі пералічыў некаторыя з прычынаў: «Безумоўна, што палітыка рэпрэсіяў і гвалту, якая праводзіцца ў Беларусі, вядзе да адтоку перадусім самай маладой і працаздольнай часткі насельніцтва. І натуральна, што тыя нізкія сацыяльныя стандарты жыцця, якія дэманструе да сённяшняга дня Беларусь (у параўнанні нават з суседнімі народамі), прыводзяць да таго, што насельніцтва мае ранні паказнік мужчынскай смяротнасці».

Са звестак Белстату аб нараджальнасці вынікае, што колькасць насельніцтва Беларусі скарацілася на 346 тыс. чалавек пасля перапісу 2019 года.

У Цэнтры новых ідэяў у сваю чаргу падлічылі, што пасля 2020 года толькі ў выніку міграцыі краіна страціла 500–600 тыс. чалавек.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10