навіны

Наймальнікаў у Беларусі абавяжуць правяраць умовы пражывання працоўных мігрантаў

Працаўнікі
Працаўнікі. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
podpis źródła zdjęcia

Аляксандр Лукашэнка 21 траўня падпісаў указ «Аб падвышэнні ролі наймальнікаў у галіне вонкавай працоўнай міграцыі». Галоўны пункт указу – увядзенне адказнасці наймальнікаў за замежных працаўнікоў.

Чытайце таксама:
Пакістанскія работнікі. Фота: nebevihayatdergisi.com

Рабочы рух: Пакістанцаў могуць паслаць туды, дзе «непажаданае вока беларуса»

Указам на наймальнікаў ускладаюцца пэўныя абавязкі ў дачыненні працаўнікоў з-за мяжы (за выняткам грамадзянаў дзяржаваў – сябраў ЕАЭС). Так, працадаўца будзе абавязаны наведваць працоўных мігрантаў удома з мэтай вывучэння ўмоваў іхнага пражывання «з прыняццем пры неабходнасці захадаў ліквідацыі выяўленых парушэнняў».


Акрамя таго, наймальнікаў абавяжуць ладзіць абавязковае тэставанне мігрантаў на веданне расейскай ці беларускай моваў.


Падпісаць дамову з замежнікам будзе неабходна за 30 дзён з моманту ягонага прыбыцця ў Беларусь.


Забараняецца часовы перавод замежных працаўнікоў да іншых наймальнікаў.


Працадаўца, які ўладкоўвае да сябе замежніка, мусіць даводзіць да таго «на зразумелай для яго мове патрабаванні беларускага заканадаўства, палажэнні з аховы працы», правяраць ягоныя веды ў гэтых тэмах, а таксама сачыць за тэрмінам дзеяння візы, пасведчання кіроўцы ды іншых дакументаў працаўніка.


Невыкананне прапісаных ва ўказе абавязкаў пагражае наймальнікам адміністратыўнай адказнасцю, а мігрантам – датэрміновым скасаваннем працоўнай дамовы і неабходнасцю выезду з краіны.


Міністэрства ўнутраных справаў разам з Нацыянальным цэнтрам электронных паслугаў да 1 студзеня 2026 года забяспечыць магчымасць для працадаўцаў інфармаваць падраздзяленні грамадзянства і міграцыі АУС пра падпісанне, працяг тэрміну дзеяння ці спыненне працоўнай дамовы з мігрантамі.


У красавіку Лукашэнка абвясціў пра намер залучыць у Беларусь 100–150 тысяч працоўных мігрантаў з Пакістану, а таксама казаў, што не бачыць нічога кепскага ў тым, каб 6–10 % насельніцтва Беларусі складалі працоўныя мігранты з іншых краінаў. Пры гэтым ён абвінаваціў беларусаў у неабходнасці клікаць у краіну працаўнікоў з-за мяжы. Маўляў, і прадукцыйнасць працы ў нас нізкая, і нараджаюць замала, а іначай і не давялося б запрашаць. Ідэя з запрашэннем пакістанцаў выклікала хвалю незадаволенасці ў беларускім грамадстве.


Прадстаўнік Беларускага прафсаюзнага руху Дзяніс Садоўскі лічыць, што гэта «выкліча вялікія сацыяльныя канфлікты ўнутры Беларусі»: «З прывозам такіх людзей Беларусь будзе мець шмат іншых праблемаў, якіх дагэтуль не мела».


З ім згодны і вядоўца праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч:


«Вядома, гэта была б катастрофа для краіны. Таму што ў Пакістане ўзровень непісьменнасці – амаль 30 %. У Пакістане працуюць толькі 30 % жанчын, астатнія не занятыя на працы. Гэта краіна, дзе гвалт – кожны дзень. Там каля тысячы тэрактаў на год».


Многія эксперты называюць прыезд 150 тысяч пакістанцаў нерэальным.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10