Латвія запланавала правесці мадэрнізацыю адзінага адкрытага пункту пропуску на мяжы з Беларуссю і яшчэ двух – на мяжы з Расеяй. Бюджэт праекту – 35,7 млн еўраў. Працы прадугледжаныя маштабныя, але памежная служба кажа «Белсату», што планаў закрываць пераход на час рэканструкцыі няма.
Памежная служба Латвіі анансавала 9 траўня рэканструкцыю трох памежных пераходаў: таварыства «Дзяржаўная нерухомасць» («Valsts nekustamie īpašumi» або VNĪ) падпісала кантракт з Бюро грамадзянскіх канструктараў («Būvinženieru konstruktori birojs») на праектаванне і нагляд за працамі на памежных пераходах «Патэрніекі» на мяжы з Беларуссю (па беларускім баку яму адпавядае «Грыгораўшчына»), «Церахава» і «Грэбнева» на мяжы з Расеяй.
На 2026–2028 гады запланаваныя маштабныя працы: увесь праект ацэньваюць на 35 727 489 еўраў (з гэтага больш за 30 млн дае Фонд згуртаванасці Еўразвязу), адныя толькі праектныя працы ацанілі больш чым на мільён еўраў.
У пераходзе «Патэрніекі» запланавалі працы на 13 млн еўраў з будынкамі плошчай 3430,8 м² і тэрыторыямі плошчай каля 5000 м². Пункт збудавалі яшчэ ў 1999 годзе, з 2018-га яго паслядоўна рэканструявалі і дабудоўвалі. Цяпер там ёсць тры паласы руху ў кожным напрамку, новыя навесы і кантрольныя павільёны на палосах, тэрмінал правярання ручной паклажы пасажыраў аўтобусаў. Плануюць перабудаваць ці адрамантаваць адміністрацыйны будынак, кантрольныя павільёны, будынак кантролю жывёлінаў, будынак паглыбленага мытнага кантролю, галоўны будынак санітарнага кантролю, а таксама звязаныя з імі інжынерныя сеткі і інфраструктуру.
Ці не прывядуць гэтыя працы да часовага закрыцця пункту «Патэрніекі»?
,,«У распараджэнні Дзяржаўнай памежнай аховы няма інфармацыі, каб планавалася закрыццё пункту пропуску "Патэрніекі" ў сувязі з працамі мадэрнізацыі», – адказалі «Белсату» ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю Памежнай аховы Латвіі.
«Мадэрнізацыя датычыць найперш рэканструкцыі адміністрацыйных будынкаў, павільёнаў кантролю доступу, інжынерных сетак і інфраструктуры, якія адносяцца да будынкаў, для пабудовы новых сучасных памяшканняў, прыдатных для сучаснага працоўнага асяроддзя, а таксама інфраструктуры, неабходнай для рэалізацыі сэрвісных функцыяў».
«Патэрніекі» – адзіны дзейны пункт пропуску на беларуска-латвійскай мяжы. 19 верасня 2023 года ўрад Латвіі пастанавіў закрыць другі пункт пропуску «Сілэнэ» (з беларускага боку гэта «Урбаны») у сувязі са штучна створаным уладамі Беларусі міграцыйным крызісам. Калі «Патэрніекі» ці адпаведны яму беларускі пункт «Грыгораўшчына» часова закрываліся, найбліжэйшымі спосабамі трапіць з Беларусі ў Латвію ці з Латвіі ў Беларусь былі «Церахава» на мяжы Латвіі з Расеяй за 70 км напрасткі і 107 км дарогаю або «Мядзінінкай» на мяжы Літвы з Беларуссю за 190 км напрасткі ці больш за 500 км дарогаю.
Цяперашнюю рэканструкцыю трох пунктаў пропуску таксама звязваюць з міграцыйным крызісам ды іншымі пагрозамі бяспецы Латвіі. Міністр фінансаў Латвіі Арвілс Ашэрадэнс казаў, што бяспека ёсць прыярытэтам у цяперашняй геапалітычнай сітуацыі, а ўсходняя мяжа – «непасрэдны гарант нашай бяспекі». Міністр унутраных справаў Рыхардс Казлоўскіс заяўляў, што памежнікі ўвесь час працуюць у надзвычайным рэжыме і на перадавой гібрыднай вайны, таму трэба рабіць усё магчымае, каб яны мелі сучасныя і камфортныя ўмовы службы.
Алесь Наваборскі belsat.eu