Напярэдадні стала вядома пра смерць яшчэ аднаго палітвязня. У 2023-м Валянцін Штэрмер быў прысуджаны за каментары супраць расейскай агрэсіі да пяці гадоў зняволення і накіраваны ў шклоўскую калонію – тую самую, дзе роўна чатыры гады таму загінуў іншы палітвязень, Вітольд Ашурак. Менавіта 21 траўня па ўсім свеце неабыякавыя беларусы адзначаюць Дзень салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.
Дата, абраная для Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі, невыпадковая: менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе пры нявысветленых абставінах у папраўчай калоніі № 17 у Шклове загінуў актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. У афіцыйную версію – спыненне сэрца – блізкія загінулага не вераць.
«Нават ад пачатку было ясна, што гэта папросту брудная хлусня. Чалавек, у якога ніколі не балела сэрца і цела каторага аддалі з забінтаванай галавой – сэрца так не становіцца», – кажа брат загінулага Андрэй Ашурак.
Гэта была першая, але не апошняя смерць палітвязня ў нашай краіне. Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», сямёра апанентаў рэжыму Лукашэнкі памерлі за кратамі, яшчэ прынамсі трое – на волі, але ў выніку ціску або нечалавечых умоваў у ізалятарах. Яшчэ як мінімум тры асобы загінулі ў выніку ўжывання ўладамі сілы супраць мірных пратэстоўцаў. Літаральна за крок ад смерці знаходзяцца шмат якія з цяперашніх палітзняволеных – праз хваробы, нечалавечыя ўмовы ўтрымання за кратамі і адсутнасць медычнай дапамогі.
Некаторых жа смерць даганяе пасля вызвалення. Гэтак, надоечы стала вядома пра смерць дзвюх былых палітзняволеных Ганны Кандраценкі і Тамары Каравай. Згадалі загінулых і сёння ў часе прэс-канферэнцыі з удзелам былых палітзняволеных беларусак у Варшаве.
«Дзве жанчыны – яны нават года не пражылі на свабодзе. І я думаю, што вось гэтая праблема, гэтыя зацяжныя рэпрэсіі і зацяжныя зняволенні – яны будуць яшчэ горшыя і горшыя. Нас папросту чакае вельмі шмат смерцяў», – кажа арганізатарка прэс-канферэнцыі і стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.
Агулам у Беларусі сёння праваабаронцы налічваюць каля 1200-1300 палітвязняў. Аднак іхная рэальная колькасць можа быць нашмат большая: рэжым хавае інфармацыю пра свае злачынствы, не спяшаюцца дзяліцца звесткамі і сваякі рэпрэсаваных, баючыся ўзмацнення ціску. А таму і салідарнасць з палітвязнямі, упэўнены брат Вітольда Ашурка Андрэй, павінна быць як мага шырэйшая: калі ізаляцыю зняволеных прабіць няма магчымасці, трэба падтрымліваць іхныя сем’і, а таксама самім станавіцца голасам палітвязняў.
«Усё-ткі ў родных ёсць хоць малы, але шанец хоць штосьці даведацца. Ну, тэарэтычна ёсць хоць маленькі шанец. Для грамадства гэта патрэбна для таго, каб яно ведала, колькі людзей сядзіць у турме за нас», – тлумачыць Андрэй.
Менавіта таму 21 траўня ўжо чацвёрты год запар па ўсім свеце неабыякавыя беларусы выходзяць на акцыі з адзіным патрабаваннем – вызваліць усіх палітычных зняволеных у Беларусі.
Валера Руселік, «Белсат»