З 1 да 25 снежня штодзень вы маеце магчымасць адкрываць новыя цікавінкі пра вядомых беларусаў і беларусак у адвэнт-календары «Белсату».
Нагадваем, кожнага з іх чакае тузін традыцыйных пытанняў і адно пытанне-«неспадзяванка». Кім бы хацелі апрануцца на святы нашыя госці? Які галоўны шчаслівы момант і фэйл здарыўся з імі? А хто стаўся для іх галоўным адкрыццём года?
Цікава? Тады глядзіце святочную анкету і трымайце добры настрой ужо зараз!
У акенцы № 6 нашага святочнага календара схаваліся адразу двое – гэта фатографы «Kanapleidiki» і вядоўцы праекту «Без ретуши» на «Маланка Медыя» Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў. Таленавіты дуэт паспеў папрацаваць з шэрагам вядомых людзей: ад Д'ега Марадоны і Дольфа Люндгрэна да Віктара Бабарыкі і Сяргея Пукста. У 2022 годзе Юлія і Яўген пераехалі жыць у Польшчу.
13 шчырых адказаў Юліі і Яўгена глядзіце ніжэй.

1. Галоўная падзея гэтага года для вас? Пераезд з сям’ёю з кватэры плошчаю 30 м² у кватэру плошчаю 54 м²
2. Апішыце гэты год адным словам: Прыгоды!
3. Якім персанажам на Каляды вы б апрануліся? Юля – чорнай казою, Жэня – Хагрыдам*
4. Самы шчаслівы момант 2024 года: Дачка зрабіла адвэнт-каляндар з утулак
5. А галоўны фэйл: Украінскае агенцтва, нягледзячы на зацверджанне кліентам, адмовілася браць нас фатографамі для рэкламы «Adidas», бо мы беларусы
6. Якая беларуская навіна ўразіла вас сёлета больш за ўсё? Сустрэча Марыі Калеснікавай з бацькам
7. З кім з беларусаў вы хацелі б пазнаёміцца? З бабуляю-шаптухаю з Беларусі
8. Якая песня ў вас гучала сёлета часцей за ўсё? «True Litwin Beat» – «Свобода боли».
9. Хто з беларусаў стаўся для вас асабістым адкрыццём года? Святлана Курс*
10. Ваш улюбёны калядны фільм: «Гары Потэр»
11. Якія здымкі былі для вас найбольш складанымі і чаму? «Тата ў тэлефоне» – сучасны партрэт украінскай сям’і
12. Вашая мара на наступны год: Убачыць родных
13. Што б вы хацелі пажадаць беларусам у новым годзе? Нічога не бойцеся!
*Рубэюс Хагрыд – персанаж кніг Джаўэн Роўлінг пра Гары Потэра, ляснічы ў школе вядзьмарства і чараўніцтва «Гогўартс».
*Святлана Курс (творчы псеўданім Ева Вежнавец) – беларуская пісьменніца і журналістка, аўтарка кнігі «Па што ідзеш, воўча?».
Паглядзець папярэднія адказы можна тут, а заўтра вас ізноў чакае новае акенца адвэнт-календара і новы герой. Не пераключайцеся!
Тэса Анэйда belsat.eu