Рэпартаж

«Мяжу з ардой трэба мець не пад Берасцем, а пад Смаленскам». Камандзір палка Каліноўскага спаткаўся з беларусамі Варшавы

Хвіліна маўчання ў памяць аб загінулых ваярах палка Каліноўскага падчас сустрэчы ў Варшаве.
Хвіліна маўчання ў памяць аб загінулых ваярах палка Каліноўскага падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Камандзір палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька ладзіць сустрэчы з беларусамі замежжа. Наведаў Вільню, Гданьск і Вроцлаў, а 1 снежня спаткаўся з беларускай дыяспарай у Варшаве. Камандзір ПКК адказаў на пытанні і распавёў, як у падраздзяленні ідуць рэформы і чаму новае кіраўніцтва палка лічыць карыснай супрацу са Святланай Ціханоўскай. «Белсат» пабываў на сустрэчы.

З камандзірам палка Каліноўскага Паўлам Шурмеем знаёмімся за 10 хвілін да пачатку сустрэчы. Дзядзька выглядае сапраўдным волатам: 201 см росту, сівая барада, далоні як лапаты. Пасміхаецца нам і прызнаецца, што адчувае сябе не вельмі ўтульна, бо яго тут фатаграфуюць, а ў той жа час ягоныя хлопцы «мерзнуць зараз у акопах». 

Але, заўважае, калі вынікі паездкі будуць добрыя, то гэта было варта рабіць – «фатаграфуйце сабе» …

Камандзір палка Каліноўскага Павел «Дзядзька» Шурмей падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Камандзір палка Каліноўскага Павел «Дзядзька» Шурмей падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат

«Гэта цяжкія, але вельмі важныя змены»


Сустрэча ладзіцца ў самай вялікай пратэстанцкай царкве ў Польшчы – у памяшканні Цэнтру хрысціянскай супольнасці «Поўнач» (Społeczność Chrześcijańska Północ). Велізарная зала на паўтысячы чалавек. На жаль, большасць з месцаў не занятыя – Дзядзьку слухае не больш за 50 беларусаў. Ці не большасць з іх – былыя байцы ПКК. З палітыкаў прысутнічаюць прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў і лідар руху «Разам» Вячаслаў Сіўчык.  


Спатканне пачынаецца з ушанавання памяці беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі, баронячы незалежнасць Украіны. Потым да прысутных звяртаецца кіраўнік прэс-цэнтру палка імя Каліноўскага Эрнэст


«Мы хацелі б сёння данесці да вас, прадстаўнікоў дыяспары, пэўныя важныя рэчы. Паўгода прайшло, як ў палку распачаліся рэформы. Гэта цяжкія, але вельмі важныя змены, яны маюць на мэце палепшыць жыццядзейнасць і рэпутацыю палка… Сёння трэба разумець, што полк Каліноўскага – гэта не проста нейкая там вайсковая структура, якая ваюе дзеля вайны. Мы ўсе прыйшлі на фронт, каб праз перамогу Украіны вызваліць Беларусь», – кажа кіраўнік прэс-цэнтру ПКК.


Слова бярэ камандзір палка Павел Дзядзька Шурмей. Пачынае з таго, што рэформы ў палку сапраўды ідуць (ягоная правая далонь сціскаецца ў кулак) – «штосьці – прасцей і хутчэй, штосьці – цяжэй». 


«Але я маю надзею, што мы іх скончым», – гаворыць камандзір.


Ён кажа, што галоўным вынікам гэтай паездкі могуць быць пазітыўныя змены ў пытаннях легалізацыі і рэабілітацыі былых добраахвотнікаў і іх сем'яў. А таксама – фінансавай дапамогі, у тым ліку для сем'яў загінулых ваяроў. Ці адбудуцца гэтыя змены, пакуль невядома, прызнаецца Павел Шурмей. Але раней, зазначае ён, офіс Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйная рада «не жадалі дакранацца да мілітарных кейсаў». 


«Але ж былыя добраахвотнікі – гэта ўжо не мілітарныя, а гуманітарныя кейсы… Вельмі ўсё складана, але маем надзею, што нешта пайшло наперад. Магчыма, пераломным момантам стала тое, што адбылося з Васілём Верамейчыкам», – мяркуе Павел Шурмей. 


«І таксама трэба рабіць ўся магчымае, каб шматлікія фонды, якія дапамагаюць нашым дэмакратычным сілам, таксама гэтым заняліся. Таму што стала зразумела, што, калі мы жадаем нешта рабіць добра, мы павінны рабіць гэта самі», – дадае камандзір палка. 


Кіраўнік прэс-цэнтру палка Каліноўскага Эрнэст падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Кіраўнік прэс-цэнтру палка Каліноўскага Эрнэст падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат

«Праз два месяцы чалавек трапляе ў полк з падпісаным кантрактам» 


Павел Шурмей не хавае, што сярод мэтаў паездкі па еўрапейскіх гарадах – і спроба «аднавіць рэкрутынг». Дзядзька сцвярджае, што, калі патэнцыяльны добраахвотнік звяртаецца ў полк праз чат-бот, то ўжо праз два тыдні атрымлівае адказ. Чалавека запрашаюць ва Украіну, дзе цягам тыдня той праходзіць медкамісію ды іншыя тэсты. Калі ўсё ў парадку – падпісвае кантракт (мінімум на паўгода) і трапляе на палігон, дзе цягам 5 тыдняў атрымлівае базавую вайсковую падрыхтоўку. Такі шлях.


«То бок у сярэднім праз два месяцы чалавек ужо трапляе ў наш полк з падпісаным кантрактам», – сцвярджае камандзір палка.


Ужо пасля сустрэчы, адказваючы на пытанне «Белсату» пра навабранцаў, камандзір ПКК прызнаецца, што ў астатні год рэкрутаў значна паменшылася. «Таму нашая задача – палепшыць і аднавіць рэкрутынг», – кажа.


Закранаюцца падчас сустрэчы і пытанні, датычныя фінансавай празрыстасці у дзейнасці падраздзялення, «да якой раней было шмат нараканняў». Па словах кіраўніка прэс-цэнтру ПКК, у працэсе рэформы ўдалося вярнуць поўны кантроль над фондам Кастуся Каліноўскага, якім раней кіраваў «сумна вядомы Ваніш» (Арцём Войніч – былы начштабу ПКК). Часовым дырэктарам фонду з'яўляецца зараз экс-камандзір ПКК Дзяніс Кіт Прохараў (ён жа – заснавальнік фонду). Цяпер праводзіцца поўны аўдыт фонду, але пачынаць даводзіцца «з чыстага ліста». 


«Праз тое, што ніхто ніякіх папер, зыходнікаў, нам не перадаў, усё гэта адбываецца з вялікімі цяжкасцямі», – пацвярджае Павел Дзядзька Шурмей.


Важны напрамак рэформы, якая трывае у палку, – рэструктурызацыя кіраўніцтва. Ранейшы штаб, а насамрэч адміністратыўна-тылавая служба, як кажа Эрнэст, «невядома чым займалася». 


«Сёння нашая структура максімальна простая: ёсць камандзір палка, якога падтрымала большасць ваяроў і вайсковая частка, і ёсць людзі, якія яму дапамагаюць у тылавой і адміністратыўнай службе. А таксама – кіраўнік прэс-центра», – тлумачыць Эрнэст.


,,

Камандзір палка, у сваю чаргу, пералічвае падраздзяленні, якія ўваходзяць у склад ПКК: пяхотныя, артылерыйскі, БПЛА, медычны, узвод матэрыяльнага забеспячэння і прэс-служба. 



«Дыяспара – гэта наш тыл»


«Трэці год адбываецца вайна. Хтосьці кажа, маўляў, яны ўжо стаміліся там. Мы не стаміліся. Мы разумеем, дзеля чаго мы гэта робім. Бо маем мэту – вярнуцца дадому. Не нешта абстрактнае, а канкрэтную мэту. Колькі яшчэ вайна працягнецца – цяжка сказаць. Але мы працягваем гэтую барацьбу – і мы там», – гаворыць кіраўнік прэс-службы палка.


Ён кажа: важна быць часткай гэтых гістарычных падзеяў і не рабіць выгляд, што гэта не наша вайна. І вельмі важна, каб да гэтага далучалася ўся беларуская дыяспара. «Бо мы разглядаем дыяспару як наш тыл. Таму супольная праца з вамі і ўзаемадапамога – найважнейшая рэч», – звяртаецца да прысутных Эрнэст і прапануе задаваць пытанні.


«Што канкрэтна чакаеце ад дыяспары?» – пытаецца Павел Усаў.


«Першае – пра што ўжо казалі: дапамога дыяспары патрэбная будзе ў легалізацыі і рэабілітацыі добраахвотнікаў, у дапамозе іхным сем'ям. Другое – гэта дапамога ў набыцці БПЛА і аўтатранспарту», – адказвае камандзір палка. 


Па словах Дзядзькі у палку налічваецца каля 250 адзінак аўтатранспарту, але «палова з іх, на жаль, стаіць трунамі».


Заснавальнік і трэнер спартовага клубу «Волат» Віталь Рак цікавіцца, як мы будзем перамагаць, калі «беларускі пратэставы патэнцыял распыляецца».


«Калі хлопцы вырашылі, што я буду камандзірам палка, у мяне спыталі, якая мая галоўная мэта. Адказваю так: рабіць, каб як мага больш хлопцаў прыехала да нас і атрымала вайсковы досвед, а калі вырашаць вярнуцца – каб вакол кожнага з іх сабралася яшчэ 10 чалавек, каму яны перададуць свой досвед. І калі 10 чалавек вернуцца сюды, то вакол іх згуртавалася б сотня новых людзей. І вось чаму я ўвесь час раблю акцэнт на легалізацыі», – адказвае Шурмей. 


«Хлопцы у форме ўсё разумеюць, але ўсе кажуць адно: мы вайскоўцы, але загады нам тут аддаюць палітыкі. То бок, усё, на жаль, даводзіцца рабіць праз палітыкаў. Або – рабіць ціха. Але мы працуем ужо і над гэтым», – дадае камандзір.


Кіраўнік прэс-цэнтру палка Каліноўскага Эрнэст і камандзір палка Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Кіраўнік прэс-цэнтру палка Каліноўскага Эрнэст і камандзір палка Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат

Чаму беларусаў не бяруць у польскае войска


Былы ваяр ПКК запытвае ў камандзіра палка, чаму беларусаў, якія прайшлі праз вайну ва Украіне, не бяруць у польскае войска («Маем такі досвед, і дзяліліся б ім з палякамі, а не шукалі б працы ў таксі»).


«Ідзе ўжо размова аб тым, каб данесці ўладам Літвы і Польшчы, што мяжу з ардою трэба мець не ў Берасці ці Горадні, а пад Смаленскам. І тут нашыя інтарэсы супадаюць. Трэба гэта выкарыстаць – каб нашыя хлопцы маглі служыць у польскім ці літоўскім войску. Для літоўцаў і палякаў быў бы вельмі карысны той досвед, які беларусы набылі ва Украіне», – адказвае Павел Дзядзька Шурмей.


На пытанне, ці вядзецца расследаванне, хто і чаму забараніў вярнуцца ва Украіну Васілю Верамейчыку (пазыўны Пацук), камандзір палка адказвае, што гэтую забарону той дакладна атрымаў не з вайсковай часткі. 


«Хто насамрэч гэта зрабіў – ўжо расследуецца. Праца вядзецца. І з нашым вяртаннем ва Украіну яна будзе весціся яшчэ хутчэй. А потым трэба будзе зрабіць не проста нейкія высновы, я лічу, а зрабіць з тымі людзьмі так, каб потым нават думак не ўзнікала ў іншых дзейнічаць падобным чынам», – дае адказ камандзір палка.


Камандзір палка Каліноўскага Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат
Камандзір палка Каліноўскага Павел Шурмей з пазыўным Дзядзька падчас сустрэчы ў Варшаве, Польшча. 1 снежня 2024 года. Фота: Белсат

«Перамір'е?.. Пройдзе год, тры, пяць – і Расея пачне новую вайну»


Адзін з удзельнікаў спаткання цікавіцца, навошта полк працягвае супрацу з «кабінетам Святланы Ціханоўскай» («Я не бачу з яго боку рэальнага падтрымання нашых ваяроў»). 


«Дзякуй за пытанне. Па-першае, мы вайскоўцы ЗСУ, і, пакуль мы служым на кантракце, мы не можам займацца палітыкай і казаць пра полк як пра палітычную сілу. Я вам шчыра адкажу – чаму працягваем супрацу. Каб скарыстацца з тых сродкаў, якія ў іх ёсць, – на карысць палка і нашай справы. Не атрымаецца – значыць не атрымаецца», – адказвае камандзір палка Каліноўскага.


Сустрэча з камандзірам палка імя Кастуся Каліноўскага Паўлам Дзядзькам Шурмеем у Варшаве працягвалася больш за паўтары гадзіны. Пасля заканчэння да камандзіра выцягнулася чарга ахвотных паразмаўляць з ім вочы ў вочы. Дзядзька ўважліва слухае кожнага і нешта адзначае ў нататніку. 


Мы задаём камандзіру толькі адно пытанне: што думаюць і гавораць шараговыя байцы наконт магчымага перамір'я з Расеяй, пра якое так шмат у гэтыя дні пішуць у еўрапейскай прэсе.


«Нічога байцы не кажуць – байцы займаюцца ці баявой працай, ці аднаўленнем і падрыхтоўкай перад баявой працай. Ім ёсць чым заняцца… Я скажу так: Расея павінна апынуцца ў такіх умовах, калі ў яе не будзе магчымасці лезці ў нашыя справы – Беларусі і Украіны. Праз паражэнне ў гэтай вайне ці праз цяжкае эканамічнае становішча. А перамір'е… Мы ўсе разумеем, што пройдзе год, тры, пяць – і Расея адновіць свае сілы і пачне новую вайну…»


Павел Шурмей нарадзіўся ў Лідзе, яму 48 гадоў. Ён прафесійны спартовец, вясляр, удзельнік дзвюх Алімпіядаў. Амаль з самага пачатку вайны ва Украіне ваюе ў складзе палка Каліноўскага. Быў паранены і ўзнагароджаны медалём БНР за адвагу. У ліпені 2024 года быў выбраны камандзірам ПКК, змяніўшы на пасадзе Дзяніса Кіта Прохарава. У Беларусі на Паўла Шурмея завялі крымінальную справу. 


Зміцер Міраш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10