Меркаваннi

А потым усё славянскае назвалі расейскім

Канцэрт на Краснай плошчы ў Маскве, Расея. 2015 год. Фота: Sigwald / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0
Канцэрт на Краснай плошчы ў Маскве, Расея. 2015 год. Фота: Sigwald / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 4.0
podpis źródła zdjęcia

Ёсць такі выраз: «яны спачатку ўсё расейскае называюць славянскім, каб потым усё славянскае назваць расейскім». І наколькі ж трапным ён бывае! Але гэтыя самыя «яны» не проста самі засвойваюць чужыя культуры ды вынаходствы, але і вымушаюць афіцыйны Менск рабіць выгляд, што гэта ўсё праўда.

Актывістка Алана Гебрэмарыям і былая палітзняволеная Вольга Філатчанкава падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню палітвязня ў Беларускім доме. Варшава, Польшча. 21 траўня 2025 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Гэта не гандаль – гэта выратаванне жыццяў!» Былыя палітзняволеныя заклікаюць да перамоваў у справе вызвалення тых, хто застаецца за кратамі Рэпартаж

24 траўня – Дзень славянскага пісьменства і культуры. Ён прывязаны да постацяў Кірылы і Мяфодзія, але Расея ўпарта лічыць гэтае свята сваім і робіць выгляд, што належыць яно найперш Расейскай праваслаўнай царкве. Ну ладна, так і быць, яшчэ яно трошкі належыць праваслаўнай частцы Беларусі – усё ж саюзная дзяржава. А тое, што для каталікоў браты таксама святыя, дык гэта дробязі, на якія не трэба звяртаць увагі. Сказана ж: што славянскае, тое расейскае – а значыць, праваслаўнае!

Карацей, у мяне ёсць пытаннечкі.

Па-першае, іранічна тое, што браты Кірыла і Мяфодзій у пытаннях асветніцкай дзейнасці былі літаральна на супрацьлеглым баку спектру ад цяперашніх расейскіх уладаў. Стваральнікі славянскага пісьменства спрыялі гуманітарнаму прагрэсу і відавочна адыгралі вялікую ролю ў тым, каб людзі ў тых мясцінах не пачуваліся адарванымі ад свету. А што цяпер робіць прэзідэнт Расеі разам з кіраўніком Расейскай праваслаўнай царквы? Яны насаджаюць цэнзуру, забараняюць розныя віды асветніцтва і ўвогуле выступаюць супраць любых несанкцыянаваных дзеянняў. Замест ідэалаў пазнання – курс на сляпую пакору. Калі б браты Кірыла і Мяфодзій гэта бачылі, ім, баюся, было б сорамна і страшна.

Па-другое, расейскія ўлады і інтэлектуалы паводле старой добрай традыцыі пастанавілі, што яны мусяць быць у цэнтры падзеяў. Ды яны нават на помніку «Тысячагоддзе Расеі» ў Ноўгарадзе размясцілі Кірылу і Мяфодзія! Ну славяне ж? Значыць, расейцы. Мы, дарэчы, для іх таксама расейцы, і ўкраінцы – расейцы. У расейкай «Вікіпедыі» ўзгадванне пра святкаванні дня славянскай пісьменнасці ў Кіеве ў 1989 годзе і ў Менску ў 1990 годзе дагэтуль застаецца ў раздзеле пра святкаванні на тэрыторыі Расеі. Ну падумаеш, трапілі два гарады з суседніх краінаў, дый ці краіны гэта ўвогуле? Так, аскепкі былой імперыі, у якіх, натуральна, жывуць расейскія людзі.

Гэта я, вядома, іранізую і пераказваю логіку расейцаў, як я яе бачу. Хтосьці скажа, што гэта проста памылка, не трэба, маўляў, так востра рэагаваць… Але неяк зашмат вакол гэткіх аднатыпных памылак. І заўжды людзі памыляюцца ў адзін бок! Ніхто яшчэ не прыпісаў Мурманск да Беларусі, а Нарыльск – да Украіны.

Яшчэ хтось скажа, што няма чаго звяртаць увагу на нейкую там «Вікіпедыю». Але я не маю аргументаў, навошта ігнараваць вядомы буйны інфармацыйны рэсурс. Людзі гэта чытаюць – і менавіта з такой драбнюткай прапаганды складваецца ў выніку стаўленне накшталт «ай, што там разбірацца – усе расейцы». І крамы ў Нямеччыне і ЗША, дзе можна набыць грэчку, традыцыйна называюцца расейскімі, і людзі шмат з якіх краінаў за мяжою па-ранейшаму называюць сябе расейцамі.

А цяперашнія ўлады Беларусі робяць толькі горш. Прапаганда ўжо не ведае, як яшчэ перакруціцца, каб паказаць, што мы з Расеяй – адное цэлае. Вось некалькі цытатаў з газеты «Менская праўда»:

«Мова – гэта не проста сродак камунікацыі, але і носьбіт цывілізацыйнага коду. У расейскага і беларускага народаў ён унікальны».

«Захаванне і абарона адзінага светапогляду, спадчыны, прынцыпаў і перакананняў дазваляюць гарантаваць бяспеку і суверэнітэт Саюзнай дзяржавы, адмежаваць новае пакаленне ад насаджаных краінамі Захаду чужых і разбуральных ідэалагічных каштоўнасцяў».

І так, гэта цытаты з артыкулу пра Дзень славянскага пісьменства і культуры. Тон – варожы, рыторыка – ваенная. Я ад тэкстаў пра такія святы чакаю чагось натхняльнага і нават мілага – але не: у нас жа паўсюль ворагі, нам з Расеяй трэба разам ад іх абараняцца, бо крый Божа знішчаць нашыя скрэпы сваімі заходнімі паскудствамі… Дзеці яшчэ, мо, крытычнаму мысленню навучацца!

Гэта ўсё настолькі ж абсурдна, наколькі і сумна. Расея літаральна крадзе і прысвойвае сабе ўсё, што можа, лукашэнкаўская прапагандысцкая машына гэты працэс інфармацыйна абслугоўвае ды робіць выгляд, што так і трэба. У выніку Беларусь рэальна робіцца часткаю так званага расейскага свету, а ўвесь свет можа спакойна выдыхнуць, запісаць беларусаў і беларусак у ворагі заходняй цывілізацыі – і нават не заікацца больш пра тое, што нам трэба дапамога.

Як той казаў, якое жыццё, такія і святы. А Кірылу і Мяфодзію дзякуй за ўсё, без іх свет быў бы куды горшым.

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10