23 траўня – аранжавы ўзровень небяспекі. Ападкі чакаюцца і наступныя два дні.
Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі выставіла штармавое папярэджанне на 22–23 траўня ў сувязі з моцнымі дажджамі, навальніцамі і ветрам з парывамі да 15–20 м/с. Белгідрамет абвясціў на 23 траўня, як і на мінулы дзень, аранжавы ўзровень небяспекі.
МНС папярэджвае, што магчымыя пашкоджанні лініяў сувязі і электраперадач, перапады з энергазабеспячэннем, падзенне дрэваў, узнікненне пажараў, падтапленне асобных дамоў і дарог.
На поўначы і ў цэнтры Беларусі магчымыя нават смерчы: Еўрапейская служба прадказання штормаў «ESTOFEX» дае каля 5 % імавернасці сур’ёзных «тарнада, граду, парываў ветру і дажджоў».
На большай частцы Беларусі 23 траўня прагназуюць дажджы, тэмпературу днём ад +12 ° на паўночным захадзе да +26 на паўднёвым усходзе.
Раніцай 23 траўня фронт над Горадняй, ён ідзе на ўсход. Апоўдні навальніцу прагназуюць у Менску, пад вечар яна мае дайсці да Барысава, можа зачапіць Віцебск, але наўрад ці зойдзе далей за Воршу, Бабруйск і Мазыр. Навальніца таксама мае абмінуць Баранавічы.
На 24 траўня прагназуюць пераважную воблачнасць, дажджы на большай частцы краіны, месцамі – моцныя, у асобных раёнах навальніцы, у многіх – моцны парывісты вецер. 25 траўня – воблачна з праясненнямі, дажджы пераважна кароткачасовыя і на паўднёвым усходзе, але недзе зноў моцныя дажджы і навальніцы. Розніца ў тэмпературах захаваецца: на паўночным захадзе найхаладней, на паўднёвым усходзе найцяплей.
Паводле папярэдніх прагнозаў, дажджы могуць быць у найбліжэйшыя 10 дзён, хіба ў нядзелю можа быць суха ў Берасці і Горадні, у суботу і нядзелю – у Гомлі.
Алесь Наваборскі belsat.eu