Крэмль ужо доўгі час шчодра спансуе сваіх марыянетак у Беларусі, заяўляе «Бюро» са спасылкай на здабытыя матэрыялы расейскага Фонду падтрымання і абароны правоў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой.
Дацкая трансляцыйная карпарацыя атрымала доступ да сакрэтных дакументаў расейскага Фонду падтрымання і абароны правоў суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой («Праўфонду»), падзялілася імі з арганізацыяй OCCRP, якая выдала расследаванне пра расейскі ўплыў у розных краінах.
Асобнае расследаванне пра расейскі ўплыў у Беларусі зрабіла «Бюро» пры дапамозе «Кіберпартызанаў».
«Праўфонд» быў заснаваны Міністэрствам замежных справаў Расеі і Федэральным агенцтвам справаў СНД («Рассупрацоўніцтва»). З чэрвеня 2023 года «Праўфонд» застаецца пад еўрапейскімі санкцыямі. Заяўленая мэта – абарона правоў грамадзянаў Расеі за мяжой. OCCRP мяркуе, што «Праўфонд» працуе прыкрыццём для расейскіх агентаў, а цэнтры праўнага падтрымання працуюць як цэнтры ўплыву.
Расследавальнікам дасталася каля 50 тысяч электронных лістоў «Праўфонду» ад яго заснавання ў 2012 годзе да лістапада 2024-га, якія паказалі, сярод іншага, шляхі фінансавання агентаў уплыву, у тым ліку праз кантрабанду грошай.
«Бюро» адзначае, што ў Беларусі «Праўфонд» фінансаваў, сярод іншага, дзейнасць прарасейскага актывіста з неанацысцкім мінулым, кіраўніка руху «Саюз» Сяргея Лушча. Менавіта ў офісе ягонай арганізацыі ў самым цэнтры Менску працуе і Цэнтр прававых кансультацыяў, на адкрыццё якога Крэмль выдаткаваў 60 тысяч долараў. Частку гранту атрымала арганізацыя Лушча «Судзейнічанне развіццю інтэграцыі, міжнароднага сацыяльна-культурнага і дзелавога супрацоўніцтва».
Праца Лушча і цэнтру спачатку не задалася: у 2021 годзе Лушч пісаў паслу Расеі, што адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі перашкаджае, разгляд заяваў зацягваюць. Першы транш у Адміністрацыі Лукашэнкі ўхвалілі толькі праз тры месяцы пасля адкрыцця цэнтру і толькі пасля непасрэднага ўмяшання расейскага пасольства. Другі транш увогуле не ўзгаднілі. Пасля «Праўфонд» вылучаў грошы на працу цэнтру ў Менску непасрэдна Лушчу. Паводле падлікаў «Бюро», бюджэт Цэнтру праўных кансультацыяў за 2022–2023 гады перавысіў 160 тысяч долараў. Больш за палову пайшло на заробкі працаўнікоў: кіраўніка, юрыста, сакратара, сістэмнага адміністратара. На 2024 год Лушч запытаў у «Праўфонду» на працу цэнтру больш за 60 тысяч долараў. Кіраўнік Цэнтру атрымліваў ад «Праўфонду» грошы таксама на правядзенне прапагандысцкіх акцыяў, напрыклад, на круглы стол «Права на гістарычную памяць», каб «супрацьстаяць спробам фальсіфікацыі гісторыі» пра Другую сусветную вайну.
Пры пасольстве Расеі працуе таксама Каардынацыйная рада расейскіх суайчыннікаў, кіраўніку якога Андрэю Герашчанку «Праўфонд» з 2018 года даў каля 70 тысяч долараў на выданне кніг пра Другую сусветную вайну. Рада вядзе сайт з расейскай прапагандай «Вместе с Россией» («Разам з Расеяй»), на які «Праўфонд» выдаткаваў у 2022 годзе каля 10 тысяч долараў. Герашчанка таксама атрымліваў ганарары як тэхнічны спецыяліст сайту.
Заяўку на грант для сайту «Разам з Расеяй» падаваў намеснік старшыні Саюзу, юрыст Андрэй Лапацкі. Гэты нарадзінец Севастопалю заснаваў у Беларусі сацыяльна-культурніцкі цэнтр «Крымскае зямляцтва», ад імя гэтага цэнтру ён падпісваў пагадненне пра супрацу з чыноўнікамі з акупаванага Крыму. У 2023 годзе Лапацкі прасіў удвая больш грошай на сайт.
Прадпрымальніца Наталля Ільніцкая, колішняя дырэктарка берасцейскага рынку і гераіня мэмаў пра няўдалы фотамантаж, займалася зборам дэмантаваных у Польшчы камуністычных манументаў і стварэннем у Берасці музею «Алея памяці» з гэтымі манументамі. Пасольства Расеі прасіла даць Ільніцкай фінансавую падтрыманне на музей, яна атрымала амаль 13 тысяч долараў.
«Праўфонд» таксама займаўся дзейнасцю, блізкай да заяўленай мэты: так, фонд вылучыў больш за 7 тысяч долараў на кампенсацыю адвакацкіх паслугаў для палітычнай зняволенай Соф’і Сапегі – грамадзянкі Расеі і дзяўчыны Рамана Пратасевіча. Іх затрымалі чатыры гады таму, захапіўшы самалёт «Ryanair», асудзілі на працяглыя тэрміны зняволення і амніставалі неўзабаве пасля судоў. Таксама «Праўфонд» кампенсаваў штраф і паслугі адваката для прарасейскай актывісткі Эльвіры Мірсалаімавай, грант на 1100 долараў атрымаў ейны муж.
За апошнія пяць гадоў «Праўфонд», паводле падлікаў «Бюро», вылучыў на праекты ў Беларусі каля 400 тысяч долараў. Гэтыя праекты, лічаць расследавальнікі, нясуць пагрозу для незалежнасці Беларусі.
Алесь Наваборскі belsat.eu