Маштабныя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца больш як тры з паловай гады: рэдкі дзень мінае без навінаў пра новыя палітычныя затрыманні і суды. «Белсат» расказвае, што стала вядома за адзін толькі дзень 26 лістапада.
У Беларусі людзей ізноў караюць за ўдзел у дваровых чатах – супраць жыхароў розных рэгіёнаў распачынаюць крымінальныя справы, абвінавачаным пагражае да 15 гадоў зняволення. У Генеральнай пракуратуры заяўляюць, што сам факт удзелу ў дваровым чаце – ужо крымінальнае злачынства.
«Экстрэмізм» улады бачаць у самых нечаканых месцах: так, аўтарцы роліку пра чаргу а пятай гадзіне раніцы ў рэгістратуру паліклінікі Магілёва пагражаюць крымінальнаю справаю за нібыта «дыскрэдытацыю Беларусі». ГУБАЗіК заявіў, што лепш наогул не здымаць відэа, якія ў сваіх мэтах можа выкарыстаць экстрэмісцкі рэсурс.
У 2024 годзе ў «экстрэмісцкі» спіс дадалі амаль 2000 матэрыялаў, цяпер ён налічвае звыш 6500 пазіцыяў. За апошні час стала вядома, што «экстрэмісцкімі матэрыяламі» назвалі акаўнты спецпасланніцы Літвы па Беларусі і спявачкі Святланы Бень (гурт «Серебряная свадьба»), старонку «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў», памежны чат «Каменный Лог-Medininkai», TikTok выдання Reform.news і іншае.
Першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч на дзяржаўным тэлеканале СТВ растлумачыў, што сацыяльныя сеткі ў Беларусі не блакуюць таму, што там могуць працаваць дзяржаўныя медыі, а калі не змогуць – дык, магчыма, і сацсеткі заблакуюць.
За «распаўсюд экстрэмізму» прыцягваюць да адказнасці нават падлеткаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» звярнуў увагу на рэпрэсіўную статыстыку, якую паказалі ў эфіры СТВ: за 9 месяцаў 2024 года ўчынена 925 «злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці», за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП РБ) прыцягнулі да адказнасці 5368 чалавек – сярод іх 34 непаўнагадовых.
І за «экстрэмісція матэрыялы» беларусаў караюць не толькі штрафамі і арыштамі: як пішуць гарадзенскія праваабаронцы «Право имеют», прынамсі двойчы супрацоўнікаў сферы адукацыі звальнялі з працы пасля затрыманняў за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У Менскім гарадскім судзе 26 лістапада мелі пачаць судзіць бубнача Аляксея Сіленку, які, як піша «Наша ніва», на нейкі час з’язджаў у Грузію, але вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Яго абвінавачваюць у «Закліках да санкцыяў» (ч.3 арт. 361 КК) і «распальванні варожасці» (ч.1 арт. 130 КК). Таксама ў Менску пачалі судзіць былога ратавальніка Антона Булаха, які публічна звольніўся ў 2020 годзе – яго судзяць за «Грубае парушэнне парадку» на пратэстах 2020 года (арт. 342 КК РБ).
У Берасці Мікалая Клока родам з Украіны пачалі судзіць за «Здраду дзяржаве» (ч.1 арт. 356 КК) і «Прычыненні маёмаснай шкоды без прыкметаў крадзяжу» (ч.2 арт. 216 КК). Сутнасць абвінавачванняў невядомая, суд закрыты. Берасцейскі абласны суд 25 лістапада пачаў у закрытым рэжыме разглядаць справу супраць настаўніка фізкультуры Ігара Ільюкевіча, піша берасцейская «Вясна». За каментары ў сацсетках яму выставілі абвінавачванне паводле чатырох артыкулах: «абразіў» Аляксандра Лукашэнку і прадстаўнікоў улады, «распальваў варожасць» і «заклікаў да санкцыяў». У Пінску пачаўся суд супраць Аляксея Шпакоўскага за «Масавыя беспарадкі» (ч.2 арт.293 КК) – мужчыну закідаюць удзел у акцыях пратэсту ў жніўня 2020 года.
У Віцебску пачалі судзіць 56-гадовага колішняга актывіста БНФ Іосіфа Дулебу, яго вінавацяць ва «Удзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» (ч.3 арт. 361-1 КК). Як заўважыў канал «Витебск, я гуляю», на Віцебшчыне за мінулы дзень судзілі з палітычных матываў мінімум чатырох чалавек. У Чашніках за «Несанкцыянаваную акцыю» (ч.1 арт. 24.23 КоАП РБ) на 4 снежня прызначылі суд над Сяргеем Недаводавым – былым дзяжурным выцвярозніка і ліквідатарам наступстваў чарнобыльскай катастрофы, цяпер пенсіянерам з інваліднасцю.
Яшчэ два палітычныя суды мелі прайсці 26 лістапада на Гомельшчыне: як даведалася «Гомельская вясна», у Рэчыцы за «Абразу Лукашэнкі» (ч.1 арт. 368 КК) судзяць Дзмітрыя Лагачова, у Жлобіне – за «Грубае парушэнне парадку» Кацярыну Труханаву. Днём раней у Карме за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» другі раз судзілі праўладнага блогера Аляксандра Петрачкова.
У Горадні за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» мелі судзіць галоўнага рэжысёра Тэатру лялек Алега Жугжду, піша Hrodna.Life.
У снежні ў судзе Першамайскага раёну Менску маюць разглядаць апеляцыю ў справе палітвязня Змітра Дашкевіча, якому дадалі тэрмін зняволення за «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі» (ч.1 арт. 411 КК).
Днём 26 лістапада з’явілася паведамленне пра тое, што палітвязня Анджэя Пачобута вызвалілі ці то з памяшкання камернага тыпу, ці то з карцару, і вярнулі ў атрад у калоніі. Але паведамленне аказалася памылковым: Пачобут усё яшчэ ў ПКТ, але прынамсі, атрымлівае лісты ад блізкіх, да яго часам дапускаюць адваката.
Расея дадала ў сваю базу вышуку амаль 800 беларусаў за апошнія 10 месяцаў. У ліку тых, каго шукае Расея, беларускія журналісты (у тым ліку некалькі журналістаў «Белсату»), праваабаронцы, добраахвотнікі ва Украіне і іншыя беларусы.
Ва ўзросце 62 гадоў памёр былы супрацоўнік Камітэту дзяржаўнай бяспекі Іван Корж, які займаў кіроўныя пасады ў КДБ па Віцебскай, Гомельскай і Гарадзенскай абласцях, кіраваў Інстытутам нацыянальнай бяспецы, быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, трапіў пад санкцыі Еўразвязу. Прычынаў смерці не паведамілі.
Алесь Наваборскі belsat.eu