КДБ мог шукаць не праграміста Зельцара, якога забілі ў часе штурму кватэры, і не ягоную жонку, якую ў выніку змясцілі на прымусовае лекаванне, а брата жонкі, які цяпер спрабуе атрымаць міжнародную ахову ў Грузіі.
Максім Юрчанка, брат Марыі Успенскай, удавы забітага сілавікамі Андрэя Зельцара, падзяліўся з «Нашай нівай» здагадкамі аб прычынах штурму ягонай кватэры.
28 верасня 2021 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі штурмаваў кватэру ў Менску на вуліцы Якубоўскага, жыхар якой Андрэй Зельцар сустрэў «асобаў у цывільным» са стрэльбай і быў застрэлены сілавікамі. У страляніне загінуў таксама супрацоўнік КДБ Дзмітрый Федасюк. Жонка Зельцара, Марыя Успенская, была ў той момант у кватэры. Яе затрымалі і абвінавацілі ў суўдзеле ў забойстве Федасюка, а пазней скіравалі на прымусовае псіхіятрычнае лекаванне.
Максім Юрчанка расказаў, што быў прапісаны ў кватэры, якую штурмавалі сілавікі. Ён думае, што ішлі па яго, бо за два дні да таго мужчына публікаваў у Instagram'е відэа супольнасці «Чорны бусел» пра атаку дронам базы АМАПу ва Уруччы. «Наша ніва» адзначае, што Аляксандр Лукашэнка ў кастрычніку 2021 года рабіў выказванне, з якога вынікае тое ж: маўляў, што кватэра належыць брату жонкі забітага, які «не проста актыўны ўдзельнік гэтага пратэснага, як мы мякка кажам, мяцяжу».
У момант штурму кватэры Максім быў у Расеі, даведаўся пра здарэнне на наступны дзень ад сяброў, якія прыслалі яму адпаведныя навіны. У Беларусі ён не жыў з 17 гадоў (цяпер яму 36), часам прыязджаў на радзіму. Па здарэнні ён звязаўся з маці – тая сказала, што шукаюць яго, бо ён «тэрарыст». З таго часу мужчына не размаўляў з маці. Максім называе сваю сям’ю «лукашысцкай» і кажа, што сястра раней падтрымлівала рэжым Лукашэнкі, але магла змяніць сваё стаўленне праз падзеі 2020 года.
На думку Максіма, Андрэй Зельцар і Марыя Успенская маглі не ведаць, што «асобы ў цывільным», якія ломяцца ў кватэру, ёсць супрацоўнікамі КДБ. Таму яны выклікалі міліцыю і здымалі відэа. Паводле Максіма, сілавікі апублікавалі свой мантаж відэа штурму, бо лічылі, што відэа Зельцара транслявалася ў інтэрнэт.
Поўнага відэа Зельцара і відэа, якое здымала на тэлефон Успенская, сілавікі не публікавалі. Гэта дае падставы да розных інтэрпрэтацыяў: з апублікаваных урыўкаў выглядае, што супрацоўніка КДБ Федасюка маглі застрэліць свае ж. Да такой высновы прыйшло сярод іншых аб’яднанне былых сілавікоў «BYPOL»: Федасюка мог параніць у спіну хтосьці з ягоных калегаў. На карысць гэтай версіі кажа характар крывацёку і тое, як падала цела супрацоўніка, які браў удзел у штурме кватэры. Чаму штурмавалі кватэру, невядома.
У «справе Зельцара» пацярпелі не толькі тыя, хто быў у кватэры падчас штурму. За каментары аб справе былі затрыманыя больш за дзве сотні чалавек, за краты трапіў нават журналіст, які асвятляў справу.
Марыя Юрчанка застаецца ў няволі. 10 кастрычніка 2024 года было чарговае судовае пасяджэнне ў ейнай справе. Вядома толькі, што разглядалі змену прымусовых захадаў лекавання. Што было на судзе, невядома. Максім не кантактуе са сваякамі ў Беларусі, таму не ведае, што адбывалася па затрыманні сястры. Адно што 11-гадовага сына Марыі і Андрэя даглядае маці Марыі.
Максім з сям’ёй цяпер у Грузіі, падаваўся на міжнародную абарону і атрымаў адмову. Ён цяпер напісаў скаргі ў суд, збірае доказы, а калі не здолее абскардзіць адмовы, спадзяецца легалізавацца ў бяспечнай еўрапейскай краіне.
Алесь Наваборскі belsat.eu