навіны

Улады супраць сацыяльных сетак: «Яны баяцца, што з гэтага пачнецца новы Ціханоўскі»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі затрымліваюць мужчыну падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Менску, Беларусь. 15 лістапада 2020 года. Фота: Stringer / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сілавікі затрымліваюць мужчыну падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Менску, Беларусь. 15 лістапада 2020 года. Фота: Stringer / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Аўтарцы роліку пра чаргу а пятай гадзіне раніцы ў рэгістратуру паліклінікі Магілёва пагражаюць крымінальнаю справаю за нібыта дыскрэдытацыю Беларусі. Гэта не першая заведзеная справа супраць блогераў. Чаго баіцца рэжым і ці магчыма прымусіць людзей замаўчаць, запыталі ў адмыслўцаў.

«Улады мяркуюць, што з гэтага можа пачацца нейкі вялікі блогер, новы Ціханоўскі. Яны ўсяго гэтага баяцца», – кажа блогер Мікалай Маслоўскі.

Відэа з Магілёва далёка не адзінае. Чэргі ў паліклініках у сацыяльных сетках паказваюць рэгулярна, а іх распаўсюд надае розгалас праблемам. Датычыць гэта не толькі нястачы дактароў, а, да прыкладу, стану дарог ці цяжкасцяў жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

,,

«Нармальная ўлада як бы рэагавала? Яны спрабавалі б вырашыць праблемы з чэргамі, яшчэ штосьці зрабіць. А цяпер разглядаюць як пагрозу для іхнай так званай стабільнасці. Дарэчы, гэта сведчыць наколькі "моцная" стабільнасць, што нават проста відэа ў TikTok'у непалітычнае можа выклікаць такую рэакцыю», – разважае намеснік прадстаўніка ў транзіце ўлады АПК, былы чыноўнік Арцём Брухан.


ГУБАЗіК, вядомы брутальнымі затрыманнямі за лайкі і рэпосты, заявіў, што лепш наагул не здымаць відэа, якія ў сваіх мэтах можа выкарыстаць экстрэмісцкі рэсурс. А прадстаўнікі ўнутраных органаў раяць перш як перапошчваць нейкую інфармацыю ў інтэрнэце: «пераканайцеся ў ейнай даставернасці, зверце інфармацыю з афіцыйнымі крыніцамі».

Паводле прадстаўніка Генеральнай пракуратуры Валерыя Шуляка, летась тры чвэрці злачынстваў так званай экстрэмісцкай скіраванасці ў Беларусі здзяйсняліся менавіта ў інтэрнэце. Сёння ў спісе экстрэмісцкіх рэсурсаў – больш за 6,5 тысячы пазіцыяў, сярод іх не толькі насамрэч экстрэмісцкія матэрыялы, але і ўсе незалежныя медыі, шэраг тэлеграм-каналаў і нават закрытыя дваровыя чаты.

«Літаральна два тыдні таму ў Беларусі па ўсіх рэгіёнах была выкрытая сетка падобных чатаў, якія спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю. Гэтая спроба не мела поспеху. Людзі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці», – заявіў начальнік аддзелу для нагляду за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Генпракуратуры Валерый Шуляк у эфіры СТВ.

Дваровыя чаты найчасцей ствараюцца акурат дзеля таго, каб развязваць сацыяльныя пытанні асобнага дому ці раёну.

,,

«Большасць людзей непалітызаваныя, яны здымаюць гэтыя чэргі, штосьці робяць не таму, што хочуць разгайдаць краіну, як кажуць прапагандысты. Яны гэта робяць, бо нармальнае пачуццё справядлівасці і запыт да дзяржавы: вось праблема – і трэба яе развязаць», – падкрэслівае Арцём Брухан.


Дзяржава ж замест развязання праблемаў карае тых, хто пра іх гаворыць. Пры гэтым улады спрабуюць заспакоіць людзей.

«Не любая інфармацыя, размешчаная на экстрэмісцкім рэсурсе, экстрэмісцкая, яна павінна распальваць варажнечу, рознь», – падкрэсліў Валерый Шуляк.

У жорны трапляюць і лаяльныя да ўладаў. Гэтак, напярэдадні ў судзе Кармянскага раёну разгледзелі ўжо другую адміністратыўную справу знанага мясцовага праўладнага блогера Аляксандра Петрачкова. Яго вінавацяць у нібыта распаўсюдзе экстрэмізму.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10