Аналітыка

Ні жыць, ні з'ехаць. Што рабіць беларусам у Грузіі, якім адмаўляюць у прытулку

Пікет беларусаў у Грузіі супраць дыскрымінацыі. Фота: Ян Шміт-Уітлі
Пікет беларусаў у Грузіі супраць дыскрымінацыі. Фота: Ян Шміт-Уітлі
podpis źródła zdjęcia

Беларусы пікетуюць афіцыйныя ўстановы Грузіі і скардзяцца на дыскрымінацыю. Праваабаронцы пацвярджаюць наяўнасць праблем. Распавядаем, з якімі праблемамі сутыкаюцца беларусы ў Грузіі і як быць суайчыннікам, якія жывуць у Сакартвэла.

Лідар партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі галасуе на выбарчым участку ў Тбілісі, Грузія. 26 кастрычніка 2024 года. Фота: Maria Giulio Molinaro Vitale / SPA Images / LightRocket / Getty Images

«Грузінская мара» святкуе перамогу, апазіцыя рыхтуецца да пратэстаў. Што адбываецца ў Грузіі пасля выбараў

Гісторыі

Колькасць беларусаў, якім Грузія адмаўляе ў міжнароднай абароне, ўзрастае. За апошнія некалькі месяцаў дакладна вядома пра 26 такіх выпадкаў, хоць за апошнія гады вядома толькі пра некалькі адмоваў ва ўцякацтве.

«Белсат» ужо пісаў пра тое, што становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. У дадатак да візавых пастак і прыняцця Закону аб замежных агентах цяпер – пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі – беларусам масава сталі адмаўляць у прытулку.


«Насамрэч праблема датычыць амаль усіх беларусаў у Грузіі»


У звязку з гэтым беларусы распачалі штотыднёвыя акцыі пратэстаў супраць дыскрымінацыі беларусаў у Грузіі, у прыватнасці супраць адмоваў у палітычным прытулку пры разглядзе просьбаў аб міжнароднай абароне. Першы пікет супраць нацыянальнай дыскрымінацыі адбыўся ля будынку МУС Грузіі. Яшчэ адзін – каля канцылярыі ўраду ў Тбілісі. Трэці – ля Дэпартамента патрульнай паліцыі.

«З меркаванняў бяспекі асабісты ўдзел у гэтых пікетах бярэ няшмат беларусаў, бо людзі баяцца паказваць свой твар – іх падчас візарану могуць проста не ўпусціць у Грузію. Прыходзяць толькі тыя, каму ўжо няма чаго губляць. Гаворка пра тых, каму ўжо адмовілі ў палітычным прытулку. Пакуль іхныя заявы на міжнародную абарону разглядалі ў Дэпартаменце міграцыі, тэрмін дзеяння пашпартоў скончыўся», – апавёў адзін з удзельнікаў пікету супраць нацыянальнай дыскрымінацыі.

Але праблема датычыць амаль усіх беларусаў у Грузіі, бо хутка скончацца тэрміны іхных пашпартоў. З’ехаць шмат хто не можа праз візавую пастку. Паводле апошніх звестак мясцовага МУС, датаваных пачаткам 2024 года, у краіне часова пражываюць 12 955 беларусаў. Турысты ў гэты лік не ўваходзяць.

Паводле беларусаў, розніца ў тым, як з боку ўладаў акцыі пратэстаў успрымаюцца ў Беларусі і Грузіі, непараўнальная:

«Калі мы прыйшлі з БЧБ-сцягамі на пікет, да нас сталі падыходзіць паліцыянты. Але не каб пагражаць ці перашкодзіць. Пыталіся, колькі нас будзе, ці доўга плануем стаяць і чаго хочам».

У нейкі момант падышла цэлая група паліцыянтаў. Гадзіну беларусы апавядалі ім пра сітуацыю ў Беларусі, чаму іх пераследуюць і як атрымалася так, што цяпер у Грузіі яны без дакументаў.

«Самым незразумелым для іх было тое, што людзей у сваёй жа краіне пераследуюць нават за родную мову. Мы зразумелі: поўнай карціны пра тое, што адбываецца ў Беларусі, грузіны не маюць. Значыцца, будзем апавядаць – у МУС, судах, мясцовым юрыстам, праваабаронцам і проста грузінам», – кажа суразмоўца.

Пікет беларусаў у Грузіі супраць расізму. Фота: Ян Шміт-Уітлі
Пікет беларусаў у Грузіі супраць расізму. Фота: Ян Шміт-Уітлі

«Патрабуем спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні беларусаў»


Адзін з арганізатараў пікетаў – праваабаронца Раман Кісляк. Ён таксама ў ліку беларусаў, якім адмовілі ў міжнароднай абароне ў Грузіі і ў якога ўжо пратэрмінаваны пашпарт.

«Усім беларусам цяпер ідуць адмовы ва ўцякацтве незалежна ад таго, якія ў іх кейсы», – канстатуе праваабаронца.

Паводле яшчэ адной праваабаронцы, Вольгі Смалянкі, адмову ў прытулку на гэты момант атрымалі ўсе беларусы, якія заяўлялі пра намер атрымаць міжнародную абарону і чые кейсы ўжо былі разгледжаныя.

Афіцыйная статыстыка гэтую інфармацыю пацвярджае. Паводле МУС Грузіі, па абарону з пачатку з'яўлення беларусаў у Грузіі ў гэтай статыстыцы (2019 год) звярнуліся 73 асобы. Характэрна, што 32 з іх зрабілі гэта ў 2024-м. І так, сапраўды, пакуль ніводны беларус, чыю справу ўжо разгледзелі, міжнароднай абароны ў Грузіі не атрымаў.

Цікава, што ў 2019–2022 гадах такія выпадкі былі адзінкавыя. У 2023-м і цягам першых двух кварталаў 2024 года, адмоваў не было зусім. Затое ў трэцім квартале 2024-га – адразу 26 адмоваў.

,,

«Мы мяркуем, што ва ўрадзе Грузіі пастанавілі адмаўляць у міжнароднай абароне ўсім беларусам. Мы патрабуем спыніць дыскрымінацыю ў дачыненні беларусаў пры атрыманні ўцякацтва. Пікеты з гэтай нагоды плануем праводзіць кожны тыдзень, пакуль сітуацыя не будзе развязаная», – кажа Раман Кісляк.


Нагадаем: каб легалізавацца, беларусы, якія засталіся без дакументаў, сталі прасіць прытулку. Але і ў міжнароднай абароне беларусам адмаўляюць. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі прызнае, што некаторыя «палітычныя» беларусы адпавядаюць крытэрам Жэнеўскай канвенцыі і закону Грузіі аб міжнароднай абароне, але пры гэтым адказвае, што іхнае перабыванне на тэрыторыі Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны» – прызнаюць пагрозаю дзяржаўнай бяспецы. Але нават пасля гэтай адмовы шмат якія беларусы, калі б і хацелі з'ехаць, то зрабіць гэтага не могуць: скончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў ці ім не даюць візы.


«Пакуль МУС Грузіі вольна трактуе міжнароднае права»


Нават маючы на руках адмову ў прытулку, паводле законаў Грузіі можна звяртацца ў суд і аспрэчваць пастанову МУС. Гэтак ужо зрабіў Раман Кісляк і яшчэ некалькі беларусаў. У тым ліку чэмпіёнка свету па тайскім боксе Марына Зялёная. Без прытулку, дакументаў і магчымасці выехаць – і яна, і ейны няпоўнагадовы сын.

Працэсы беларусаў у справе абскарджання пастановаў МУС ужо ідуць у Тбіліскім гарадскім судзе.

«Пакуль бальшыня пытанняў засталася неразгледжанаю, бо іншы бок – прадстаўнікі Дэпартаменту міграцыі МУС – у судзе не з'явіліся. Гэта дзіўна, – кажа Раман Кісляк пра першае судовае паседжанне. – Пакуль не разумею, мяне праігнаравалі ці забыліся... Пры гэтым у судзе ўсе працэдуры выконваюцца, усё добра зарганізавана. Як будзе далей, складана сказаць. Наступнае паседжанне прызначылі на 25 лістапада. Я меў стасункі з грузінскімі адвакаткамі, яны казалі, што выпадкі, калі суды станавіліся на бок просьбітаў прытулку, у Грузіі былі, хоць і не ў дачыненні беларусаў. Надзея ёсць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Праваабаронцы тлумачаць: самы галоўны дакумент у Грузіі – Канстытуцыя. І ў ёй прапісана, што, «згодна з агульнапрызнанымі нормамі міжнароднага права, Грузія ў парадку, устаноўленым законам, дае прытулак замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства». То бок згодна з міжнародным правам.

Міжнароднае права – гэта найперш Канвенцыя аб статусе ўцекачоў 1951 года, разам з пратаколам да яе за 1967-ы.

Згодна з ёй, «уцякач – гэта асоба, якая праз цалкам абгрунтаваны страх зрабіцца ахвяраю пераследаў паводле прыкметы расы, веравызнання, грамадзянства, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы ці палітычных перакананняў застаецца па-за краінаю сваёй грамадзянскай прыналежнасці і не можа карыстацца абаронаю гэтай краіны ці не жадае карыстацца такой абаронай з прычыны боязі; або, не маючы пэўнага грамадзянства і застаючыся па-за краінаю свайго ранейшага звычайнага месцажыхарства, не можа ці не жадае вярнуцца ў яе з прычыны такой боязі».

«На жаль, у Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі думаюць, што могуць вольна гэта тлумачыць. Трэба адзначыць, што Канвенцыя аб статусе ўцекачоў не прадугледжвае працэдуры абскарджання. Але ёсць працэдуры падачы індывідуальных скаргаў у межах Еўрапейскага суда правоў чалавека, Камітэту правоў чалавека, Камітэту супраць катаванняў, Камітэту супраць расавай дыскрымінацыі, Камітэту ліквідацыі дыскрымінацыі ў стаўленні да жанчын, Камітэту правоў дзіцяці…» – дадае Раман Кісляк.

Парушэнне права на прытулак можа закранаць парушэнне іншых правоў. Да прыкладу, Грузія адмовіла ў прытулку, парушыўшы права чалавека на прытулак, спаслаўшыся, як у выпадку з тым жа Раманам Кісляком, на панятак бяспекі, нібыта ён пагражае бяспецы Грузіі. Але сутнасць у тым, што ў выпадку дэпартацыі ў Беларусь яму пагражаюць катаванні, несправядлівы судовы разбор, негуманнае абыходжанне, парушэнне права на асабістае жыццё і нават смяротнае пакаранне. І калі Грузія адмаўляе праваабаронцу ў прытулку, яна ставіць пад пагрозу жыццё, здароўе і захаванне правоў беларуса. Бо пакуль усё ідзе да дэпартацыі і выправаджэння ў Беларусь.

Атрымліваецца, усе тыя правы, якія ў дачыненні праваабаронца парушыла Беларусь, сваёй адмовай у прытулку парушае і Грузія.

Беларусы, якія выйшлі пікетаваць супраць дыскрымінацыі ў Грузіі, размаўляюць з мясцовымі паліцэйскімі. Фота: Ян Шміт-Уітлі
Беларусы, якія выйшлі пікетаваць супраць дыскрымінацыі ў Грузіі, размаўляюць з мясцовымі паліцэйскімі. Фота: Ян Шміт-Уітлі
Так званы жэнеўскі пашпарт. Фота: Белсат

Што такое жэнеўскі пашпарт і праязны дакумент для замежніка і якія краіны выдаюць іх беларусам

Гісторыі

«На жаль, узровень стасункаў з Грузіяй цяпер мінімальны»


Чаму рыторыка грузінскіх уладаў у адносінах да беларусаў прыкметна і даволі хутка змянілася не на іхную карысць? Пра гэта «Белсат» запытаўся ў грузінскіх парламентароў. У прыватнасці ў кіраўніка Камітэту замежных справаў Грузіі Нікалоза Самхарадзэ, аднак адказу пакуль не атрымаў. У выпадку, калі ён у нас з'явіцца, мы адразу яго падамо.

Што пра ўсё гэта думаюць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі і ці могуць беларусы разлічваць на тое, што з афіцыйным візітам у Грузію прыедзе і Святлана Ціханоўская, «Белсату» апавёў ейны дарадца Франак Вячорка:

«Для развязання такіх пытанняў вельмі важныя стасункі з урадам. На жаль, узровень стасункаў з Грузіяй цяпер мінімальны. Апошні раз у кастрычніку была сустрэча Святланы Ціханоўскай з Нікалозам Самхарадзэ, кіраўніком Камітэту замежных справаў. Ён у курсе праблемаў, але, відавочна, да заканчэння грузінскага ўнутрыпалітычнага крызісу мы не прасунемся наперад».

Пакуль з грузінскага боку ёсць абяцанне не дэпартаваць і не экстрадаваць беларусаў з палітычных прычынаў, не чапаць тых, у каго скончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў. Але такія асобы папросту не здолеюць выязджаць за межы Грузіі, і гэта вялікая праблема. Тым, у каго заканчваюцца тэрміны дакументаў, дарадца Святланы Ціханоўскай рэкамендуе загадзя паклапаціцца і выехаць у краіну з больш спрыяльнаю міграцыйнаю палітыкаю.

«Таксама рэкамендуем не браць удзелу ва ўнутрыгрузінскай палітыцы, асабліва калі ў вас няма легальнага статусу ў Грузіі. Мы шукаем варыянты, каб выдаваць пашпарты замежніка іншай краіны тым, хто ў Грузіі, але выключна для развязання самых крытычных кейсаў. У справе падарожных дакументаў у Грузіі неабходныя будуць змены ў заканадаўстве, і найбліжэйшым часам гэта наўрад ці магчыма, – адзначае Вячорка. – Мы камунікуем з беларусамі ў Грузіі, нашаю дыяспараю. Там вялікая, моцная, актыўная, зарганізаваная супольнасць. Мы разам склалі спіс праблемаў, з якімі сутыкаюцца беларусы. Існуе абмен інфармацыяй з Офісам. Таксама ў Грузіі ёсць моцныя праваабаронцы, якія могуць вас пракансультаваць. Будзем працягваць рабіць што магчыма на палітычным узроўні».

Што датычыць асабістага візіту Святланы Ціханоўскай у Грузію, то пакуль, кажа ейны дарадца, «няма тых стасункаў з урадам, каб планаваць яго».

Праваабаронцы, актывісты і проста беларусы, якія апынуліся ў прававой пастцы, лічаць: масавыя адмовы ў прытулку сведчаць пра тое, што беларусам цяпер адмаўляюць менавіта паводле прыкметы нацыянальнага паходжання. І гэта трапляе ў тым ліку пад панятак расавай дыскрымінацыі. Праваабаронцы спасылаюцца на Міжнародную канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі, прынятую рэзалюцыяй 2106 (XX) Генеральнай Асамблеі 21 снежня 1965 года.

Пытанне расавай дыскрымінацыі беларусаў у Грузіі яны плануюць ставіць перад Камітэтам ліквідацыі расавай дыскрымінацыі.

Адбываецца маніторынг выканання права на прытулак у дачыненні беларусаў у Грузіі. Падрабязна вывучаецца кожны кейс з адмовай у абароне, збіраюцца і сістэматызуюцца ўсе звесткі пра тое, як ажыццяўляецца атрыманне права на прытулак, якія працэдуры неабходна прайсці і выканаць, што рабіць, калі ў гэтым праве адмовілі. Вынікі маніторынгу будуць прэзентаваныя па-беларуску, па-расейску, па-грузінску і па-англійску.

«Дасюль, беларускія просьбіты прытулку не стваралі Грузіі праблемаў. Мала звярталіся ў камітэты і Еўрапейскі суд правоў чалавека. Але Грузія падпісала шмат канвенцыяў. Таму і рычагоў шмат, і мы маем намер імі скарыстацца. Будзем дапамагаць абскарджваць у судах усе адмовы ў прытулку. У выпадку адмоваў у судзе – рыхтаваць справы для абскарджання ў міжнародныя органы расследавання і разбору парушэнняў правоў чалавека, якія працуюць пад эгідай ААН», – рашуча настроеныя праваабаронцы.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10