Аналітыка

Грузія пачала масава адмаўляць беларусам у прытулку – тыя не здаюцца і ідуць у суд

Святкаванне Дня Волі перад будынкам парламенту ў Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Святкаванне Дня Волі перад будынкам парламенту ў Тбілісі 24 сакавіка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. У дадатак да візавых «пастак» і прыняцця закона аб «замежных агентах» цяпер, пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі, беларусам масава сталі адмаўляць у прытулку, хоць раней іх справы разглядалі гадамі. У дадатак да ўсяго, у беларусаў з'явілася яшчэ больш страху за тое, што пасля візарану назад у Грузію іх могуць проста не ўпусціць.

На сёння у Грузіі знаходзіцца прыкладна 14 тыс. беларусаў. Гэтая лічба недакладная і ў адкрытых крыніцах амаль нідзе не фігуруе. Усё таму, што знаходзіцца ў Грузіі без якой-небудзь рэгістрацыі беларусы могуць 365 дзён на год, а пасля візарану (гэта калі чалавек выязджае з краіны, ставіць адпаведныя штампы ў пашпарт і зноў вяртаецца) распачынае свой новы год знаходжання ў Грузіі. Атрымаць які-небудзь афіцыйны статус з ВНЖ у Грузіі могуць не ўсе.


Пасля 2020 года, калі ў Грузію па палітычных матывах прыехала даволі шмат беларусаў, афіцыйныя грузінскія ўлады прынялі для сябе вельмі неканкрэтную пазіцыю – беларусаў яны і не падтрымалівалі, але і не выганялі. Пры гэтым на працягу апошніх гадоў мясцовыя ўлады вельмі хутка сталі паварочвацца тварам да Расеі. У выніку, прадстаўнікі беларускай дыяспары адзначаюць, што прававых і палітычных «пастак» для іх у Грузіі становіцца ўсё болей і болей.


Становішча беларускай дыяспары ў Сакартвела пахіснулася больш за ранейшае


Многія беларусы прыязджалі менавіта ў Грузію, бо сюды была не патрэбная віза, а сама краіна была адносна таннай для жыцця. Цяпер жа людзі не могуць адсюль з'ехаць, бо ўжо тут, на месцы, не маюць магчымасці атрымаць візу. Умоўна «калі не сядзеў і не быў затрыманы» ў амбасадзе Польшчы ці Літвы на поўным сур'ёзе могуць прапанаваць паехаць у Беларусь і зрабіць візу там. Многія спрабуюць растлумачыць, што ў выпадку вяртання іх могуць затрымаць, але часцей за ўсё гэта не спрацоўвае.


Ёсць выпадкі, калі гуманітарную візу не даюць нават былым палітвязням, якія апынуліся ў Грузіі адразу пасля вызвалення, бо вырашылі для сябе як мага хутчэй пакінуць Беларусь. У афіцыйным лісце з амбасады пры гэтым пішуць, што Грузія – бяспечная краіна, і таму падставаў для атрымання гуманітарнай візы для ўезду ў тую ж Польшчу ў чалавека няма. Праўда, калі ў гэтую гісторыю пачынаюць умешвацца праваабаронцы, часцей за ўсё сітуацыя вырашаецца на карысць былых палітвязняў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат

5 верасня 2023 года Лукашэнка вырашыў, што дыпламатычныя місіі Беларусі за мяжой больш не будуць выдаваць беларусам новыя пашпарты або падаўжаць ужо дзеючыя. У выніку многія ўвогуле зараз без дакументаў. Прытым у некаторых няма нават пратэрмінаваных – страцілі, утапілі ў моры і г.д. У тым ліку без пашпартоў зараз і дзеці, якія нарадзіліся ўжо ў Грузіі пасля 2020 года.


Грамадзянства па факце нараджэння Грузія не дае, а паехаць у Беларусь, каб зрабіць пашпарты сабе і нованароджанаму дзіцяці, беларусы не рызыкуюць – бацькоў могуць затрымаць і пасадзіць, а дзіця наогул аддаць у дзіцячы дом.


Каб легалізавацца, беларусы, якія засталіся без дакументаў, сталі заяўляць прашэнні на прытулак. Але і ў міжнароднай абароне беларусам у Грузіі адмаўляюць. Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі прызнае, што «палітычныя» беларусы адпавядаюць крытэрам Жэнеўскай канвенцыі і закону Грузіі аб міжнароднай абароне, але пры гэтым адказвае, што іх знаходжанне на тэрыторыі Грузіі можа «супярэчыць інтарэсам краіны» – прызнаюць «пагрозай дзяржаўнай бяспецы». Але нават пасля гэтай адмовы многія беларусы, калі б і хацелі з'ехаць, то зрабіць гэтага не могуць – пакуль яны чакалі адказу з МУС, скончыліся тэрміны дзеяння пашпартоў.


Яшчэ адна катэгорыя беларусаў, якія апынуліся ў «пастцы» – прадстаўнікі ЛГБТК+. Многія палітычныя эмігранты прыехалі ў тую Грузію, у якой адчувалі сябе свабодна. Але нядаўна быў прыняты закон аб «сямейных каштоўнасцях», які забараняе «прапаганду ЛГБТ» і змену полу. І цяпер дзеянне гэтага закона ўяўляе рэальную пагрозу для прадстаўнікоў ЛГБТК + супольнасці. Зноў жа, нават калі яны хочуць з'ехаць з краіны, паўстае ўсё тое ж пытанне з пашпартам, візай ды інш.


Выбары ў Грузіі сталі вызначальнымі і для грузінаў, і для беларусаў


Нядаўна з'явілася яшчэ адна праблема. Грузія прыняла закон «аб замежных агентах» – і гэта прымусіла многіх актывістаў згарнуць свае ініцыятывы. Дапамагаючыя арганізацыі, культурніцкія і адукацыйныя просторы, у якіх былі занятыя беларусы, цяпер актыўна зачыняюцца. Людзі застаюцца без працы. З'ехаць могуць не ўсе.


26 кастрычніка ў Грузіі адбыліся парламенцкія выбары. Шмат у чым вызначальнымі іх вынікі сталі не толькі для грузінаў, але і для беларусаў. Перамогу атрымала прарасейская партыя «Грузінская мара», і гэта значыць, што, хутчэй за ўсё Грузія павернеццца ў бок Расеі яшчэ болей. А гэта можа пагражаць інтарэсам беларусаў у Грузіі.

Мітынг апазіцыі перад будынкам парламенту на праспекце Руставэлі ў Тбілісі 28 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Мітынг апазіцыі перад будынкам парламенту на праспекце Руставэлі ў Тбілісі 28 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

Гучна пра тое, што беларусам у Грузіі не рады, афіцыйны Тбілісі дагэтуль не заяўляў, але ўжо напярэдадні выбараў было зразумела, што становішча беларускай дыяспары ў Сакартвела пахіснулася больш за ранейшае.


Пад максімальнай пагрозай знаходзяцца палітычныя актывісты, праваабаронцы і журналісты. Некаторых з іх, як, напрыклад, журналіста Андрэя Мялешку і актывіста беларускай дыяспары Аджарыі Яўгена Гацака не ўпусцілі ў Грузію, калі тыя спрабавалі вярнуцца ў краіну пасля візарана. У тлумачальных дакументах аб адмове ва ўездзе, якія выдалі памежнікі, было указана «іншая прычына». Аднак што менавіта за гэтым стаіць, ніхто не патлумачыў.


Цяпер беларусы, якія знаходзяцца ў Грузіі, баяцца рабіць нават візаран – ёсць рызыка не вярнуцца ў краіну. Пры гэтым ніхто цяпер не можа быць упэўнены, што беларусаў не стануць, да прыкладу, выдвараць у Беларусь па запыту сілавікоў. Многіх цяпер хвалюе і тое пытанне, чаму прадстаўнікі Офіса Святланы Ціханоўскай, таксама як і сама Святлана Ціханоўская ў Грузіі не бываюць і аб праблемах беларускай дыяспары ў Грузіі асабліва не гавораць. З гэтым пытаннем «Белсат» звяртаўся ў прэс-службу Офіса, але адказу на яго не атрымаў.


«Ужо можам заяўляць пра дыскрымінацыю беларусаў у Грузіі па нацыянальнай прыкмеце ў пытанні прадстаўлення прытулку»


Амаль адразу пасля выбараў беларусы ў Грузіі адчулі раптоўныя перамены, якія звязаныя са стаўленнем да іх грузінскіх уладаў. Усіх беларусаў, якія падаваліся ў Грузіі на міжнародную абарону, сталі актыўна выклікаць і адмаўляць у прытулку, хоць да гэтага справы многіх разглядаліся гадамі.


«Гэта дакладна сігнал, што ва ўладаў з'явілася выразная, а не як раней, пазіцыя наконт беларусаў. І яна не на нашу карысць», – каментуе праваабаронца Раман Кісляк. Ён таксама знаходзіцца ў ліку беларусаў, якім было адмоўлена ў міжнароднай абароне ў Грузіі, і ў якога на дадзены момант пратэрмінаваны беларускі пашпарт.


Праваабаронца ўпэўнены, што пагаршэнне становішча беларусаў звязанае менавіта з вынікамі выбараў, і што урад імкнецца пазбавіцца ад палітычна актыўных беларусаў, якія жывуць у краіне. І, хутчэй за ўсё, сітуацыя будзе пагаршацца. Са словаў суразмоўцы, на сённяшні дзень у прадастаўленні прытулку адмоўлена ўжо, як мінімум, 20 беларусам.

,,

«Ужо цяпер мы можам заяўляць, што беларусы ў Грузіі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па нацыянальнай прыкмеце ў пытанні атрымання прытулку. Але нават маючы на руках адмову, па законах Грузіі можна звяртацца ў суд і аспрэчваць рашэнне МУС. Так ужо зрабіў і я, і яшчэ некалькі беларусаў. Першае судовае пасяджэнне па маёй справе прайшло некальки дзён таму», – распавядае Раман Кісляк.


Калі пасля суда, а таксама пасля апеляцыйнага суда ў прытулку беларусам будзе адмоўлена, то па законах Грузіі яны будуць павінны пакінуць краіну цягам 30 дзён. Калі хтосьці не зробіць гэтага добраахвотна, яго могуць дэпартаваць у Беларусь.

Беларуская спартоўка і актывістка  Марына Зялёная і праваабаронца Раман Кісляк пікетуюць каля МУС Грузіі праз вельмі доўгі разгляд прашэнняў аб прытулку. Тбілісі, 10 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат
Беларуская спартоўка і актывістка Марына Зялёная і праваабаронца Раман Кісляк пікетуюць каля МУС Грузіі праз вельмі доўгі разгляд прашэнняў аб прытулку. Тбілісі, 10 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

«У судзе мы спасылаемся на тое, што ў выпадку дэпартацыі чалавека ў Беларусь, яго там могуць арэставаць і падвергнуць катаванням. У выпадку са мной могуць прымяніць нават смяротнае пакаранне, бо першы ператрус,які ў мяне прайшоў яшчэ ў ліпені 2021 года, адбыўся у рамках крымінальнай справы аб тэрарызме», – адзначае суразмоўца.


У МУС і судах Грузіі, па словах праваабаронцы, не ведаюць (ці не хочуць ведаць), што ў Беларусі ёсць смяротнае пакаранне, а пра законы Сірыі і Пакістану часам ведаюць болей, чым пра сітуацыю ў Беларусі.


«Нашыя справы толькі цяпер пачалі даходзіць да судоў. І суддзі толькі зараз пачынаюць даведвацца, у якіх умовах у Беларусі знаходзяцца нашыя зняволеныя, што з людзьмі могуць рабіць у ШІЗА, як да бясконцасці могуць падаўжаць тэрміны... Значыць, будзем ім пра гэта распавядаць», – кажа праваабаронца.


Суразмоўца ўпэўнены: у Грузіі нядрэннае заканадаўства, а сітуацыя з правамі чалавека ў шмат разоў лепей за беларускую. Ёсць магчымасць абскардзіць рашэнне МУС, можа разлічваць на адваката і нават на тое, што аргументы ў судзе будуць прынятыя ва ўвагу…

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат
Ілюстрацыйны здымак. Фота: Белсат

«Я, дарэчы, скарыстаўся магчымасцю ўзяць адваката, – кажа Раман Кісляк. – І мяне абсалютна задавальняе яе праца. Суд праходзіць на грузінскай мове, але з абавязковым перакладам на зразумелую для мяне мову. То бок выдзелілі і перакладчыка. Засталося толькі зразумець, наколькі незалежныя і законныя рашэнні ў існай палітычнай абстаноўцы здольны прымаць грузінскі суд».


Рашэнне аб адмове ў прытулку ў выпадку з Раманам Кісляком і іншымі «палітычнымі» беларусамі ў Грузіі ўжо з'яўляецца парушэннем закона Грузіі і не адпавядае нормам міжнароднага права.


«Да прыкладу, ёсць Канвенцыя аб статусе бежанцаў ад 1951 года, а таксама іншыя канвенцыі і пакты, па якім чалавеку, якому пагражае небяспека на радзіме, павінны даць прытулак, у нашым выпадку – у Грузіі. Таму, калі нам адмовіць і грузінскі суд, будзем выходзіць на міжнародны ўзровень –звяртацца ў Камітэт па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, Камітэт супраць катаванняў, Еўрапейскі суд па правах чалавека і гэтак далей. І там ужо будзем скардзіцца на Грузію. Шанцы дамагчыся станоўчага выніку дакладна ёсць», – упэўнены суразмоўца.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10