навіны

«Выцісканне актыўнай часткі дыяспары». Чаму Грузія не ўпусціла журналіста Андрэя Мялешку

Фота: Андрэй Мялешка / Facebook
Фота: Андрэй Мялешка / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Раніцай 16 верасня сталася вядома, што беларускага журналіста Андрэя Мялешку разам з няпоўнагадовай дачкой не ўпусцілі ў Грузію, куды яны прыляцелі з Варшавы. Мы пагутарылі з Андрэем, пакуль ён чакаў развязання сваёй справы ў аэрапорце Кутаісі, а таксама з праваабаронцам Раманам Кісляком і актывісткай Марынай Зялёнай, якія застаюцца ў Грузіі, пра тое, што яны думаюць пра гэтую сітуацыю.

Дачку журналіста не аддалі маці, яе таксама дэпартуюць

Андрэй Мялешка прыляцеў у Кутаісі з Варшавы разам з дачкой у ноч на 16 верасня. У Еўропе – Польшчы ды Літве (у Андрэя і дачкі польскія візы на падставе карты паляка) – журналіст правёў два тыдні свайго адпачынку, і цяпер вяртаўся дамоў, як кажа Андрэй пра Батумі.

«Дачка была першая ў чарзе на пашпартны кантроль. Ёй праштампавалі пашпарт і вярнулі. У мяне пашпарт забралі. Я думаў, гэта зойме хвілін 10-15, бо заўсёды ёсць нейкія праблемы пры вяртанні, распавядае беларус. Але нас з дачкой адвялі ў асобны кабінет, дзе тры чалавекі выдалі нам на рукі паперку, у якой не было патлумачана, чаму нас не пускаюць на тэрыторыю Грузіі. У паперы пазначана “іншыя прычыны”, і супрацоўнікі кажуць, што не маюць права нам тлумачыць, чаму нас не пускаюць».

Андрэй жыве ў Грузіі з 2021 года, ён з’ехаў туды пасля пераследу ў Беларусі. Тры гады працаваў журналістам, займаўся дробным бізнесам, мікрабізнесам, зарэгістраваны ў падаткавай інспекцыі. ВНЖ журналіст не афармляў.

,,

«Як звычайны чалавек, я раз на год "візараніўся". Апошні час рабіў гэта праз вылеты ў Еўропу, – кажа Андрэй. – Што адбываецца, чаму не пусцілі, я не ведаю. Мне ніхто нічога не тлумачыць. Мяркую, што гэта можа быць звязанае з будучымі выбарамі, якія адбудуцца ў Грузіі. Мы прасядзелі тут восем гадзін, да нас ніхто не заходзіў і нічога не тлумачыў. Цяпер пачалі заходзіць, пытацца, што нам патрэбна. Я кажу: калі можна, гарбату, каву, паесці штосьці. Сышлі і няма ўжо паўгадзіны».


Андрэй звязаўся з жонкай, якая разам з малодшай дачкой была ў Батумі. Жонка журналіста выехала ў аэрапорт Кутаісі, хацела забраць хаця б старэйшую дачку, аднак дзіця ёй не аддалі, распавядае Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на ўласныя крыніцы. Дзяўчынка цяжка перажывае сітуацыю, у бацькі нават не было магчымасці яе пакарміць, гаворыцца ў паведамленні БАЖ.

«Белсат» жа ад сваёй крыніцы даведаўся, што сёння ў аэрапорце ў Кутаісі шмат міліцыі: «ніколі столькі тут не бачыў», кажа відавочца. У выпадковых людзей правяраюць дакументы. У зале аэрапорту прысутнічаюць журналісты двух мясцовых тэлеканалаў.

Адпраўленне рэйсу Кутаісі
Варшава адклалі ўжо другі раз, цяпер прызначылі на 19:30 (спачатку планаваўся на 15:40 паводле грузінскага часу).

Маральна падрыхтавацца, што могуць не ўпусціць


Да справы Андрэя Мялешкі падлучаныя праваабаронцы, юрысты, прадстаўнікі розных арганізацыяў – як беларускіх, так і грузінскіх.

Беларускі праваабаронца Раман Кісляк і актывістка, спартоўка Марына Зялёная. Фота перададзенае рэдакцыі
Беларускі праваабаронца Раман Кісляк і актывістка, спартоўка Марына Зялёная. Фота перададзенае рэдакцыі

Беларускі праваабаронца Раман Кісляк і актывістка, спартоўка Марына Зялёная, якім Грузія нядаўна адмовіла ў прытулку, выйшлі на пікет да адміністрацыі ўраду Грузіі ў Тбілісі.

«Мы хочам паказаць, што тут ёсць беларусы, і яны знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, і хочам звярнуць увагу на выкананне законаў у Грузіі ў дачыненні да нас з гледзішча правоў чалавека», распавёў Раман Кісляк «Белсату» пра мэты пікету.

Сітуацыя з Андрэем Мялешкам, паводле праваабаронцы, трэці такі гучны выпадак за апошнія паўтара года ў Грузіі. У 2023 годзе не ўпусцілі заснавальніка Беларускай дыяспары Аджарыі
Яўгена Гацака, сёлета – яшчэ адну беларуску, калі яна вярталася пасля «візарану» ў Турцыю. Акрамя таго, было яшчэ некалькі менш публічных падобных выпадкаў, зазначыў Раман Кісляк.

«Гэта нагадвае выцісканне актыўнай часткі беларускай дыяспары з Грузіі, як і тое, што апошнім часам пачалі адмаўляць у прытулку: разам са мной чатыры выпадкі ўжо,  каментуе праваабаронца. Мы будзем спрабаваць змагацца і неяк уплываць на сітуацыю. Тыя, каму адмаўляюць у прытулку, будуць падаваць у суд, абскарджваць».

Паводле юрыста, галоўная праблема цяпер у тым, што пасля таго як не ўпусцілі трох чалавек, 10 тысяч беларусаў у Грузіі жывуць у стане трывогі і няпэўнасці, ці не закране гэта таксама іх.

,,

«Гэта праблема – адсутнасць дакладных зразумелых правілаў гульні. Калі грузіны не хочуць нас бачыць, няхай скажуць – мы з’едзем. А яны пакуль намякаюць на гэта», – кажа Раман.


Беларуская спартоўка, чэмпіёнка па тайскім боксе Марына Зялёная. Фота: Белсат

«Прытулак не далі майму шасцігадоваму сыну». Марына Зялёная – пра адмову ў міжнароднай абароне ў Грузіі

навіны

Беларусам, якія цяпер выязджаюць з Грузіі, праваабаронца раіць маральна падрыхтавацца да таго, што іх могуць не пусціць назад. Найбольшая небяспека існуе для тых, хто быў заўважаны ў актывізме. Звычайныя беларусы спакойна ездзяць, «візараняцца», і з імі нічога не адбываецца, кажа наш суразмоўца.

Грузія зноў парушыла правы дзіцяці


«Пра што тут можна размаўляць? Грузія зноў парушыла правы чалавека ў адносінах да беларусаў, каментуе сітуацыю актывістка Марына Зялёная. Па-першае, хрысціянская краіна раз'яднала сям'ю. Жонка і іншая дачка засталіся ў Грузіі і не дачакаліся бацькі і сястры. Па-другое, сям'ю пазбавілі кармільца. Дачцэ і маці трэба неяк жыць і на нешта. Вельмі дрэнна, што ўлады Грузіі паспрыялі такім чынам таму, што недзе людзі пачалі кепска жыць. Па-трэцяе, зараз пачатак навучальнага года, і дачка, якую не пусцілі ў Грузію да месца навучання, не будзе мець магчымасці вучыцца».

Марына выйшла на пікет, каб паказаць, у якой сітуацыі сёння беларусы ў Грузіі, і звярнуць увагу на парушэнне правоў чалавека, у тым ліку чарговы раз – правоў дзіцяці. Раней Грузія адмовіла ў прытулку сыну Марыны, у якога скончыўся пашпарт.

«Калі мы кажам тут, што ў беларусаў няма пашпартоў ці мы практычна пазбаўленыя грамадзянства, мясцовыя жыхары не вельмі разумеюць, пра што ідзе гаворка. Калі мы кажам, што для беларусаў страшная дэпартацыя ці калі цябе не пускаюць у іншую краіну, яны не зусім разумеюць, што выклікае трывогу. Не разумеюць, што няпропуск у Грузію можа стацца для беларуса фактычна трагедыяй. На гэта мы хочам звярнуць увагу», кажа жанчына.

Паводле актывісткі, беларусы ў жудасным становішчы цяпер, бо страцілі сваю дзяржаву, за мяжой іх няма каму абараняць і яны застаюцца сам-насам з машынамі тых дзяржаваў, у якіх жывуць.

«У выпадку з Грузіяй мы сутыкаемся з тым, што ў дачыненні беларусаў пачынаюцца рэпрэсіі», – рэзюмуе актывістка.

Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10