Беларуская спартоўка, чэмпіёнка па тайскім боксе Марына Зялёная ўцякла ў Грузію разам з малым дзіцём ад пераследу на радзіме ўвесну 2023 года. У студзені 2024 года яна разам з сынам, у якога заканчваўся тэрмін дзеяння пашпарту, падалася на міжнародную абарону. Праз 9 месяцаў прыйшоў адказ – адмова. Напярэдадні грузінская дзяржава адмовіла ў абароне таксама праваабаронцу Раману Кісляку. Мы запыталіся ў абодвух, што яны будуць рабіць далей і як увогуле сёння выглядае становішча беларусаў у Грузіі.
«Абарона была патрэбная найперш сыну, у якога пратэрмінаваны пашпарт»
Марына Зялёная атрымала адказ на сваё прашэнне міжнароднай абароны праз 9 месяцаў, у той час як іншыя беларусы чакалі нашмат даўжэй. Спартоўка мяркуе, што на такую хуткасць маглі паўплываць пікеты, якія яны разам з Раманам Кісляком ладзілі ля Дэпартаменту міграцыі, каб звярнуць увагу на зацягванне тэрмінаў разгляду, а таксама на парушэнне закону аб міжнароднай абароне. Увесну адну з беларусак, што жыла ў Батумі, не пусцілі ў Грузію пасля візарану, нават калі яна папрасіла міжнародную абарону.
«Паводле закону аб уцекачах, кожны чалавек можа ступіць на тэрыторыю краіны і папрасіць прытулку. І краіна абавязаная ўзяць чалавека ў працэдуру. А тую жанчыну не ўзялі, і гэта было відавочнае парушэнне, – кажа Марына. – Таму, так, магчыма, што нашыя з Раманам Кісляком пікеты паўплывалі на разгляд нашых справаў. У некаторым сэнсе гэта добра, таму што паказвае, што міграцыйная служба Грузіі можа працаваць хутка і аператыўна».
Гэтак жа, як і Раману Кісляку, Грузія адмовіла Марыне Зялёнай у міжнароднай абароне з фармулёўкай: «вы адпавядае крытэрам Жэнеўскай канвенцыі аб правах уцекачоў 1951 года, але не падыходзіце з пункту гледжання Службы дзяржаўнай бяспекі Грузіі».
Іронія тут у тым, зазначае спартоўка, што абарона найперш патрэбная не ёй, а сыну, бо ў яго скончыўся беларускі пашпарт (у самой Марыны ён дзейсны яшчэ да 2027 года).
,,«Я пераехала ў Грузію адна з малым дзіцём: без бабуляў-дзядуляў, без падтрымання, без аліментаў ад бацькі дзіцяці. Гэта само па сабе было вельмі няпроста. Але потым выйшаў «конcульскі ўказ», што стварыў яшчэ больш праблемаў, бо я не магу цяпер памяняць дзіцяці пашпарт. З’ездзіць за новым дакументам у Беларусь я таксама не магу, бо мяне затрымаюць», – тлумачыць спартоўка.
«Пераезд не пацягну матэрыяльна»
У гэтых абставінах, каб дзіця не зрабілася «нелегалам» у Грузіі, заставаўся адзіны шлях – прасіць міжнароднай абароны.
«Мой 6-гадовы сын не мог падацца самастойна, я ягоны законны прадстаўнік, таму мы падаваліся разам. І вось атрымліваецца, што Грузія не дала прытулак майму шасцігадоваму сыну», – зазначае нашая суразмоўца.
Адмова ў міжнароднай абароне і выхад з працэдуры пасля яе атрымання ствараюць для жанчыны шмат дадатковых праблемаў.
«Пакуль я ў працэдуры, у мяне ёсць грузінскі ID і я магу аформіць дзіця ў дзяржаўны дзіцячы садок, працаваць, карыстацца медыцынаю на правах роўна з грамадзянамі. Калі не будзе ID, пашпарту, ніякага дакументу, што будзе пацвярджаць ягоную асобу, я нічога не здолею зрабіць. У садок я магу аддаць дзіця толькі ў прыватны, а гэта вельмі дорага. Я не ведаю, ці ўдасца ўладкаваць яго ў школу, куды яму сёлета ісці», – тлумачыць Марына.
Выехаць з Грузіі маці з сынам цяпер таксама не можа і таксама з гэтай жа прычыны – у дзіцяці няма дзейснага пашпарту.
«Я нават квіток не магу купіць, бо там трэба ўводзіць пашпартныя звесткі», – зазначае спартоўка.
Але гэта не адзіная прычына, праз якую сям’я не можа з’ехаць з Грузіі пасля адмовы ў міжнароднай абароне.
«Я не пацягну пераезд матэрыяльна. Я толькі-толькі тут пачала зарабляць, каб аплочваць жытло, і тое – не кватэру, а пакой, бо дазволіць сабе аддаваць цяпер 400 – 500 долараў за кватэру я не магу. А пераезд – гэта вельмі дарагая падзея. Да таго ж, я прызвычаілася да Грузіі, прыкіпела душою. Мне падабаецца гэтая цудоўная краіна і яе такія ж цудоўныя людзі», – тлумачыць нашая суразмоўца.

Беларус з інваліднасцю двойчы рызыкаваў жыццём, каб з’ездзіць за пашпартам
Сітуацыя Марыны – не ўнікальная. Спартоўка кажа, што такіх беларускіх сем’яў, дзе ў дзяцей сканчаюцца пашпарты, усё больш, а акрамя таго, ёсць нованароджаныя дзеці, якія таксама не могуць атрымаць аніякага дакументу, акрамя пасведчання аб нараджэнні. Пры гэтым рызыка палітычнага пераследу – не адзіная перашкода з’ездзіць за пашпартам у Беларусь, зазначае Марына.
«У некаторых сем’яў проста няма грошай на такую вандроўку па пашпарт. А яшчэ ёсць маці дзяцей з асаблівасцямі, ёсць людзі з інваліднасцю, для якіх паездка сама па сабе можа стаць небяспечнаю. Я ведаю такі прыклад: чалавек з інваліднасцю двойчы рызыкаваў жыццём, калі ездзіў у Беларусь мяняць пашпарт, бо гэта была рызыка для ягонага здароўя, а калі б яго яшчэ і арыштавалі, гэта ўвогуле была б катастрофа для яго», – распавядае спартоўка.
Марына будзе абскарджваць адмову ёй і сыну ў міжнароднай абароне – цяпер складае заявы ў суд. Жанчына мае намер ісці да канца – аж да Міжнароднага суда ў правах чалавека, калі грузінскія суды таксама будуць адмаўляць.
,,«Бо гэтая адмова выглядае як дыскрымінацыя ўразлівай групы – самотнай маці, а таксама дзіцяці. Бо вялізная колькасць праблемаў цяпер не ў мяне, а ў майго сына», – кажа Марына.
Каб падрыхтаваць пазовы ў суд, беларуска плануе скарыстацца дапамогай грузінскіх праваабаронцаў і амбудсмэна.
“Калі я з’еду з Грузіі, гэта заўважаць”
Марына Зялёная перакананая, што каб сітуацыя з беларусамі ў Грузіі змянілася, самім беларусам трэба будаваць моцную дыяспару і станавіцца заўважнымі і карыснымі для грузінскага грамадства.
“Грузіны павінны бачыць у нас каштоўныя кадры, а не прэтэнзіі і жаданне змяніць асяроддзе вакол сябе. Я, напрыклад, дакладнае ведаю, што калі я з’еду з Грузіі, пэўная колькасць людзей заўважыць, што мяне няма. І гэта людзі, якія хацелі б са мной працягваць працаваць, маглі б сказаць дэпартаменту міграцыі – яе трэба тут пакінуць, гэта карысны чалец грамадства. А калі нас не бачна, хто будзе плакаць па тым, што беларусы з’язджаюць?”, - задаецца пытаннем беларуская спартоўка.
Марына Зялёная ладзіць у Тбілісі спартовыя сустрэчы на адкрытым паветры. Унікальнасць гэтай ініцыятывы пад назвай “ГамарджобаПрывітанне” у тым, што гэта – даступны, бясплатны спорт для ўсіх, тлумачыць беларуска:
“Гэта сацыяльны праект. Да нас можа прыйсці кожны – любога гендару, узросту, і бясплатна ці за данат патрэніравацца. Гэта максімальна даступны спорт”.
У Марыны Зялёнай таксама ёсць праграмы для жанчын, пацярпелых ад гвалту. Акрамя таго, беларуска плануе развіваць адаптыўны бокс – для людзей залатога ўзросту, з інваліднасцю – на вазках, з ДЦП, псіхафізічнымі асаблівасцямі. І ўсё гэта спартоўка хацела б працягваць рабіць у Грузіі, бо бачыць тут у гэтым запатрабаванасць.
Гуманітарная праблема
Праваабаронца Раман Кісляк 9 верасня падае скаргу на адмову ў міжнароднай абароне ў Тбіліскі гарадскі суд. Ён таксама лічыць, што на хуткі разгляд іхных з Марынай заяваў маглі паўплываць пікеты, і ацэньвае гэта пазітыўна:
“У справах нарэшце ёсць зрухі. Можна сказаць, што беларускае пытанне размарозілі”.
Адмовы атрымалі таксама яшчэ як мінімум два беларусы. Яны таксама будуць абскарджваць, таму ў бліжэйшы час у суд пойдуць 4 кейсы.
,,«Калі Тбіліскі гарадскі суд адмовіць, можна ісці ў вышэйшы. І гэта можа цягнуцца даволі доўга. У нас ужо была справа аб адмове, і яна 2,5 года застаецца ў судах», – зазначае праваабаронца.
Пакуль прашэнне Рамана разглядалася, у яго скончыўся пашпарт, і гэта робіць сітуацыю даволі неадназначнаю, зазначае праваабаронца:
«Дэпартамент міграцыі адначасова прызнаў, што я адпавядаю крытэрам уцекача, то бок што мне пагражае небяспека ў Беларусі. Таму дэпартаваць яны мяне не могуць. Адначасова я не магу выехаць у іншую краіну, бо ў мяне скончыўся пашпарт. Узнікае гуманітарная праблема».
«Калі Грузія пачне выдаваць беларусаў, будзе скандал»
Раман зазначае, што калі Грузія верне яго ці некага ў падобнай сітуацыі ў Беларусь, гэта пацягне за сабою арышт, жорсткае абыходжанне і катаванні.
«Гэта будзе скандал, парушэнне правоў і моцнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Грузіі. Я пра гэта кажу ў сваёй скарзе. Грузія прыняла і ратыфікавала нормы Канвенцыі аб правах уцекачоў. Таму калі Грузія пачне выдаваць беларусаў, яна канчаткова апынецца на ўзроўні з Беларуссю і Расеяй, якія неаднаразова парушалі Канвенцыю. Пакуль такога тут не адбываецца», – кажа праваабаронца.

Паводле Рамана Кісляка, на сённяшні дзень больш за 60 беларусаў у Грузіі падалі прашэнні прытулку. Апошнім часам гэтая колькасць павялічылася, што звязана з пашпартнаю праблемаю. Пры гэтым многія з тых, у каго ёсць магчымасць, асабліва палітычныя ці грамадскія актывісты, з’язджаюць з Грузіі, бо прасцей легалізавацца ў Польшчы ці Літве, але ёсць і тыя, хто застаецца, зазначае праваабаронца. Застаецца і сам Раман.
«Я тут жыву, у нас ёсць дыяспара, і гэта частка маёй праваабарончай дзейнасці. Акрамя таго, важна прайсці гэты шлях і разабрацца, высветліць, ці ёсць тут незалежныя суды, каб далей беларусы прымалі рашэнні на падставе большай інфармацыі. Пасля кейсу Гацака мы акурат хацелі дамагчыся гэтай яснасці. Ягоная справа, дарэчы, дагэтуль у судзе, і ўжо не ў першым, вышэй пайшла. І пакуль яснасці няма, мы мусім больш кейсаў падаць, больш распавядаць у СМІ пра праблему, каб гэта ў грамадстве абмяркоўвалася і каб іншыя краіны ведалі пра гэтыя сітуацыі», – кажа праваабаронца.
Ганна Ганчар belsat.eu