навіны

Праваабаронца Раман Кісляк падаў у суд скаргу на адмову Грузіі даць яму прытулак

Праваабаронца і намеснік старшыні «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк
Праваабаронца і намеснік старшыні «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк у Тбілісі, Грузія. 17 траўня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Праваабаронца, сузаснавальнік і намеснік старшыні «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк, які з 2021 года жыве ў Грузіі, 9 верасня падаў у Тбіліскі гарадскі суд скаргу на адмову дэпартаменту міграцыі грузінскага МУС прадставіць яму статус уцекача.

«СДБ Грузіі лічыць мяне пагрозай дзяржаўнай бяспецы» 

Беларус перакананы, што мае права на міжнародную абарону ў Грузіі і сцвярджае, што адмовай былі парушаныя ягоныя правы. Канцылярыя суду зарэгістравала скаргу і ўжо прызначыла суддзю, якая будзе разглядаць справу.

Раман Кісляк падаў заяву ў дэпартамент міграцыі МУС Грузіі з просьбай прадставіць яму прытулак у Грузіі 24 ліпеня 2023 года. Крыху больш, чым праз год, 7 жніўня 2024 года праваабаронца атрымаў адказ – адмову ў прысуджэнні статусу ўцекача. У рашэнні гэта тлумачылася наступным чынам:


«Міністэрства разгледзела вашую заяву аб прадстаўленні міжнароднай абароны, у сувязі з чым і паведамляем, што вы адпавядаеце крытэрам, вызначанам 1(А)2 артыкулам Жэнеўскай канвенцыі «Аб статусе ўцкача
» ад 1951 года і артыкулам 15 закону Грузіі «Аб міжнароднай абароне», якія датычаць прысуджэння статусу ўцекача, але ёсць дастатковыя падставы для меркавання, што вы звязаны з абставінамі, вызначанымі п.2 арт.69 закону Грузіі «Аб міжнароднай абароне», праз што вашае знаходжанне ў Грузіі супярэчыць інтарэсам краіны».


Раман Кісляк не згодны з такім рашэннем, сцвярджае, што яно незаконнае, беспадстаўнае і парушае ягоныя грамадзянскія правы.


У скарзе праваабаронца звяртае ўвагу, што ягоная заява не была разгледжаная своечасова – цягам 6 месяцаў, праз што 24 лютага 2024 года скончыўся тэрмін дзеяння ягонага беларускага пашпарту, замяніць які на новы за межамі Беларусі немагчыма з верасня 2023 года, калі выйшаў «консульскі ўказ»
Аляксандра Лукашэнкі.


«Усё гэта стварыла сітуацыю, калі Служба дзяржаўнай бяспекі Грузіі лічыць мяне пагрозай дзяржаўнай бяспецы, адмова мне ў прытулку па законе цягне за сабой патрабаванне пакінуць тэрыторыю Грузіі, а праз адсутнасць у мяне дзейснага пашпарту я не магу выехаць у іншыя дзяржавы, а з пратэрмінаваным пашпартам магу толькі вярнуцца ў Беларусь, дзе супраць мяне будуць прымененыя затрыманне, арышт, катаванні, жорсткае і бесчалавечнае абыходжанне, а таксама пагроза смяротнага пакарання
», - тлумачыць Раман.

Былая палітзняволеная Марына Зялёная і праваабаронца Раман Кісляк пікетуюць каля МУС Грузіі праз вельмі доўгі разгляд прашэнняў аб прытулку. Тбілісі, Грузія. 10 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат
Былая палітзняволеная Марына Зялёная і праваабаронца Раман Кісляк пікетуюць каля МУС Грузіі праз вельмі доўгі разгляд прашэнняў аб прытулку. Тбілісі, Грузія. 10 чэрвеня 2024 года. Фота: Белсат

«Грузінскія ўлады не хочуць, каб існавала беларуская дыяспара» 

Праваабаронца запатрабаваў у дэпартаменту міграцыі больш канкрэтную інфармацыю аб прычынах адмовы ў прытулку, аднак іх яму так і не патлумачылі. Гэта Раман таксама лічыць парушэннем свайго права на атрыманне інфармацыі, прадугледжанае п.2 арт.19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.


«Лічу, што сапраўдная прычына адмовы ў прадстаўленні мне статусу ўцекача – тое, што я з’яўляюся беларускім праваабаронцам, даўнім крытыкам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заснавальнікам і намеснікам старшыні «Беларускай дыяспары Аджарыі, - піша ў скарзе Раман Кісляк, - <…> Лічу, што грузінскія ўлады, кампетэнтныя органы Грузіі, уключаючы Службу дзяржаўнай бяспекі, не хочуць, каб у Грузіі існавала беларуская дыяспара. <…> Лічу, што гэта сведчыць аб дыскрымінацыі мяне па этнічным прынцыпе як беларуса разам з іншымі беларусамі – прасіцелямі прытулку».

Марына Зялёная і Раман Кісляк. Фота ад героя матэрыялу

Беларусы пікетуюць МУС Грузіі праз вельмі доўгі разгляд прашэнняў аб прытулку

навіны

Неўзабаве пасля Рамана Кісляка адмову ў прадстаўленні міжнароднай абароны ў Грузіі атрымалі спартоўка Марына Зялёная разам з 6-гадовым сынам. Яе гісторыю мы надоечы распавядалі.


Цягам 2019 – 2024 гадоў больш за 60 беларусаў звярнуліся ў Грузіі па прытулак. Ніводнае з прашэнняў не было задаволенае. Акрамя таго, зацягваліся тэрміны разгляду заяваў, супраць чаго Раман Кісляк разам з Марынай Зялёнай выходзілі на пікеты. Цяпер абодва перакананыя, што менавіта гэтыя акцыі падштурхнулі Грузію да хутчэйшага разгляду іхных справаў.


Ганна Ганчар
belsat. eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10