У Беларусі 4 і 5 чэрвеня з афіцыйным візітам быў праваслаўны патрыярх Маскоўскі Кірыл. Іерарху, які актыўна падтрымлівае расейскія войскі, што ваююць супраць Украіны, забаронены ўезд у краіны Еўропы і Канады, але не ў нашую краіну. Пры гэтым з Аляксандрам Лукашэнкам ён пакуль што не сустракаўся.
4 чэрвеня ў Беларусь прыбыў з візітам патрыярх Кірыл. У аэрапорце яго сустракала не вельмі высокая беларуская дэлегацыя – віцэ-прэм’ерка Наталля Пяткевіч і ўпаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасць Аляксандр Румак. У Менску ён традыцыйна ўсклаў вянок да манументу на плошчы Перамогі ды наведаў царкву «Усіх тужлівых радасць», дзе яго віталі старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава, якую ён узнагародзіў ордэнам, адказны за рэпрэсіі міністр унутраных справаў Іван Кубракоў, старшыня Менгарвыканкаму Уладзімір Кухараў і іншыя.
Таксама ў Менску патрыярх узначаліў службу ў Свята-Духавым кафедральным саборы, дзе назваў Беларусь «заходнім памежжам Святой Русі». Паводле яго, у нашай краіне, нягледзячы на рэпрэсіі вернікаў і зняволеных святароў, «выдатныя ўмовы для росквіту царкоўнага жыцця». А 5 чэрвеня скіраваўся ў Полацк на 900-годдзе Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра.
Як адзначыла ў каментары «Белсату» Наталля Васілевіч з «Хрысціянскай візіі» сам гэты візіт праходзіў незаўважна. Калі падчас прыезду ў Беларусі мінулага патрыярха – Алексія ІІ – людзі стаялі ўздоўж дарог і прасілі яго спыніцца і добраславіць, то цяпер візіт адзначыўся толькі тым, што «шманаюць на ўваходах у храмы, куды ён прыходзіць». Паводле яе, энтузіязму ад візіту ў самога патрыярха больш, чым у людзей, да якіх ён прыехаў.
,,«Далёка выехаць ён не можа цяпер з Расеі, са сваёй Масквы, паколькі ён персона нон-грата шмат дзе. Там Беларусь у нейкім сэнсе ўсё ж такі замежжа для яго», – сказала экспертка.
Гэта быў ужо сёмы візіт патрыярха Кірыла ў Беларусь. Раней ён наведваў краіну ў 2009, 2012, 2013, 2015, 2018 і 2022 гадах. І кожны з гэтых разоў сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам (агулам такіх сустрэчаў у іх дзевяць). Але цяпер сустрэчы ў праграме візіту кіраўніка РПЦ не было. Магчыма, што здароўе Лукашэнкі, які 4 чэрвеня толькі вярнуўся з візіту з Пекіну, не дазволіла яму правесці яшчэ адну сустрэчу. Патрыярх жа ў Полацку сваю казань прысвяціў таму, што «сёння ўлада і святасць як бы несумяшчальныя», нават на «Святой Русі».
«[Уладзіміра] Пуціну б ён такога не заявіў. Пуцін для яго святы. А калі ён кажа пра свецкія ўлады ў Беларусі, бо ён на тэрыторыі Беларусі гэта ўсё гаварыў, то ён, канешне, бачыць сябе вышэй за Лукашэнку, і таму можа сабе дазволіць неяк паўшчуваць, паказаць сваю пазіцыю, са сваёй вышыні выдаваць Лукашэнку нейкія характарыстыкі. Пахваліць, палаяць, пакрытыкаваць», – мяркуе Васілевіч.

Беларускае праваслаўе не такое, як расейскае
У цэлым Васілевіч адзначыла, што Беларуская праваслаўная царква адрозніваецца ад Расейскай, хоць і ёсць ейнай часткай. Яна ў прыватнасці, не настолькі агрэсіўная і ваяўніча настроеная да Захаду і да Украіны, якіх у Маскве ўспрымаюць сваімі ворагамі ў змаганні за каштоўнасці.
,,«Усё ж такі ў Беларускай праваслаўнай царкве людзі – хай сабе і Паўночна-заходні край, але заходні. Мы і ёсць Захад, як бы там каму не хацелася, каб мы не былі Захадам, але мы ёсць Захад. Мы жывём у заходняй цывілізацыі, мы ёсць Еўропай», – сказала экспертка.
Яна нагадала, што шмат людзей з Беларусі выязджала ў Еўропу і бачыла яе на свае вочы, «нейкіх жахаў, якія паказваюць па тэлебачанні, не заўважала» або бачыла некаторыя рэчы не так, як іх бачаць у Расеі. Больш за тое, шмат беларускіх праваслаўных святароў навучалася ў Польшчы, у Варшаўскай акадэміі.
У цэлым, сказала Васілевіч, беларускія праваслаўныя святары больш адукаваныя за расейскіх – як праз адукацыйныя ўстановы, гэтак і праз жыццё ў гарадах ці каля, а не ў глыбінцы – «не бывае проста ў Беларусі глыбінкі, у нас усё ў цэнтры Еўропы».
У выніку, мяркуе экспертка, беларусы «не купляюцца на прапагандысцкія штукі» і таму ў краіне няма такога падтрымання расейскай агрэсіі. Так, ёсць асаблівыя цэнтры, як то Свята-Лісавецінскі манастыр у Менску, Гарадзенскі манастыр ігуменні Гаўрыілы ці Наваградскі архіепіскап Гурый. Але Васілевіч падкрэсліла, што яны і раней «славіліся прыхільнасцю да тэорыяў змовы, спецыфічнага менталітэту, ладу логікі».

«Таму мне здаецца, што стан Беларускай праваслаўнай царквы нашмат лепшы, чым Расейскай праваслаўнай царквы, дзякуючы адукацыі, дзякуючы заходняму вектару, дзякуючы міжканфесійнаму дыялогу. І дзякуючы 2020 году, калі ўвесь народ, у тым ліку і вернікі, і духавенства, абудзіліся, па-новаму паглядзелі на дэмакратыю, на правы чалавека, на ўніверсальныя каштоўнасці, на жыццё чалавечае, на годнасць», – сказала яна.
Васілевіч адзначыла, што ўлады Беларусі цяпер працуюць «над апрацаваннем гэтых людзей». Але, мяркуе яна, «калі людзі неяк абудзіліся, назад у летаргічны сон заціснуць іх можна толькі звонку, але ўнутры ўсе роўна гэты стрыжань будзе заставацца моцным».
Макар Мыш, Вітаўт Сіўчык belsat.eu