У летніку «Лугаўцы» ў Дубровенскім раёне Віцебшчыны сёлета зладзяць «абаронна-патрыятычную» змену, паведаміла раённая газета. «Белсат» даведаўся, што гэта будзе звычайны адпачынак для дзяцей, без ваеншчыны.
Тэматычную «абаронна-патрыятычную» змену запланавалі на канец ліпеня – пачатак жніўня. У летнік «Лугаўцы» запрашаюць дзяцей ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў.
У Дубровенскім райвыканкаме карэспандэнта «Белсату», які пазваніў як прыватная асоба, супакоілі, заявіўшы, што аніякай ваеншчыны ў летніку не будзе:
,,«Не панікуйце, гэта будзе нармальны, звычайны летнік. Цяпер проста загадалі ўсе змены зрабіць тэматычныя. Ну вось назвалі так, аднак гэта не значыць, што ўсе імпрэзы будуць абаронна-спартыўныя. Паверце, будуць там усялякія дыскатэкі, конкурсы, танцы. Гэтага проста патрабуюць, разумееце? Але ж нельга ўсю змену рабіць толькі нейкія вайскова-спартовыя гульні ці штосьці яшчэ».
Сёлета ў «Лугаўцах» будуць яшчэ і мастацкая ды турысцка-краязнаўчая змены. Цяпер пачалася сацыяльна-педагагічная.
«Гэта не зборы, гэта так называецца змена. Не будзе такіх абаронна-спартовых імпрэзаў. Ну, могуць зладзіць гульню накшталт "Зарніцы", аднак жа гэта не значыць, што прымусяць бегаць і скакаць. Калі дзіця не захоча, то не пойдзе. Яно пойдзе, можа, "Цяцерку" танчыць ці ў шашкі гуляць», – сказалі ў выканкаме.
Там таксама паабяцалі, што «вербаваць дзіця нікуды не будуць»:
,,«Не будзе ніякіх ідэалагічных імпрэзаў. Ну, можа, будуць нейкія размовы, скажуць, якая ў нас краіна цудоўная Беларусь, можа, пра наш герб і сцяг раскажуць. Аднак, вядома ж, вербаваць дзіця не будуць нікуды».
Дый ад такіх размоваў можна адмовіцца:
«Калі прыедзеце ў летнік, скажаце выхавальніку, маўляў, калі ласка, не бярыце майго дзіцяці на імпрэзу з палітычнай падаплёкаю – і ўсё. Няхай сядзіць у атрадзе тады, малюе ці яшчэ што. Проста папярэдзьце выхавальніка. Гэта проста імпрэза летніку, мы ж не будзем дзяцей вадзіць на нейкія маніфестацыі ці яшчэ некуды».
Дзяржава сістэматычна лезе да дзяцей з «патрыятычным» выхаваннем: у Беларусі ствараюцца вайскова-патрыятычныя клубы пад эгідаю МУС, для 10-класнікаў зрабілі абавязковымі вучэбна-палявыя зборы, а школы фактычна сталіся цэнтрамі ідэалагічнага ўздзеяння.
Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu