навіны

5 чэрвеня ў Менск, Горадню ды іншыя гарады прыйшла залева. Паглядзіце на наступствы

Наступствы залевы ў Менску. Скрыншот відэа «Onliner»
Наступствы залевы ў Менску. Скрыншот відэа «Onliner»
podpis źródła zdjęcia

Папярэджанне пра памаранчавы ўзровень небяспекі спраўдзілася. 5 чэрвеня сталіцу накрыла моцная залева: пачаліся 10-бальныя коркі, машыны плылі па дарогах, а ў раёне Кальварыйскай і Розы Люксембург стаялі амаль па вокны ў вадзе. І больш за тое, заўтра сітуацыя не палепшае.

Многія жыхары Менску 5 чэрвеня здымалі прыгожае апакаліптычнае неба, а потым ледзь дабраліся дадому праз патоп і паваленыя дрэвы. Камусьці пашанцавала яшчэ менш – яны затрымаліся на паркоўках і ў офісах.

У сацыяльных сетках гараджане дзеляцца кадрамі з месца падзеяў: хтосьці плыве на чоўне, а хтосьці збірае град памерам з перапёлчына яйка.


«Вада б'е проста з падлогі», – падзяліўся відэа з гандлёвага цэнтру «Сухарава» чытач «Onliner». З відэа бачна, што затапіла нават краму побытавай тэхнікі.


Узляцелі і кошты на таксоўкі:


«Звычайна я даязджала да дому за 20 хвілінаў і 11 рублёў, цяпер жа «Яндекс» намаляваў 43 рублі. Вырашыла ў выніку перачакаць у офісе, але гляджу на ўсё і ўжо не ўпэўненая, што траплю дадому сёння», – апавяла «Белсату» Васіліса.


Недзе заглухлі «Tesla», а недзе загарэўся «Mercedes».


«На Інтэрнацыянальнай, якую вечна топіць, «Mercedes» загарэўся, паведамляе падпісчык. Такое нечаканае комба з праблемаў», – піша ў сваім канале спецыялістка ў нерухомасці Наталля Літоўская.

«Апошні раз такое прыгожае неба я бачыў у 2025 годзе, калі нашую Каменную Горку заліло. І неяк так хутка ўсё пачалося, што я ледзь дабёг да кватэры!» – кажа Арцём.


МНС паведаміў пра дзясяткі выездаў для ліквідацыі наступстваў. Паводле аператыўнай інфармацыі, у Менску 5 чэрвеня выпала да 20 мм ападкаў, што прывяло да ўтварэння лакальных падтапленняў у розных раёнах гораду. Праз высокую ваду часткова спыніўся грамадскі транспарт у Ленінскім, Фрунзенскім, Цэнтральным, Партызанскім, Першамайскім і Маскоўскім раёнах. Ратавальнікі выязджалі распілоўваць паваленыя дрэвы.

Наступствы залевы ў Менску. Скрыншот відэа «Onliner»
Наступствы залевы ў Менску. Скрыншот відэа «Onliner»

Таксама ратавальнікі ліквідавалі падтапленні ў аўтасалоне на вуліцы Ціміразева і ў будынку «Беларусбанку» на праспекце Дзяржынскага.


Паводле «Белгідрамету», найбольш пацярпеў раён вуліцы Шаранговіча, дзе выпала максімальная колькасць ападкаў – 36 мм. Ва Уруччы зафіксавана 27 мм. Каб уявіць маштабы: гэта прыкладна палова месячнай нормы асадкаў за пару гадзінаў.


ДАІ раіў тым, хто застаў дождж у асабістым аўце, заставацца ўсярэдзіне і збочыць з дарогі з аварыйнаю сігналізацыяй.


На момант публікацыі залева ўжо пакінула Менск і рушыла на іншыя гарады. Дабіла хваля і да Барысава, дзе на паўгадзіны перанеслі матч паміж Беларуссю і Казахстанам.


«Паводле аператыўнай інфармацыі, зафіксаваныя 4 выпадкі падзення дрэваў у трох раёнах вобласцяў: Валожынскім, Менскім і Маладзечанскім. У Маладзечне на вуліцы Валынца паваленае дрэва пашкодзіла аўтамабіль», – паведамляе МНС. 

Наступствы залевы ў Горадні. Фота: «Вечерний Гродно»
Наступствы залевы ў Горадні. Фота: «Вечерний Гродно»

Не лепшая сітуацыя і ў Горадні: там на працягу паўгадзіны ішла залева і нават невялікі град, у выніку зафіксавалі 10 мм ападкаў. Наступстваў затаплення апублікаваў «Вечерний Гродно».


Затапіла вуліцы Калючынскую, у выніку на пэўны час прыпынілі маршруты гарадскія тралейбусы. Тым часам на вуліцах Захарава і Горкага дрэвы пры падзенні пашкодзілі два аўтамабілі, на вуліцы Савецкіх памежнікаў – альтанку на прыватным падворку. Дапамога работнікаў МНС спатрэбілася і ў распілоўванні паваленага дрэва на дзіцячай пляцоўцы.


Як паведамілі ў гарадзенскім аддзяленні МНС, ратавальнікі выязджалі на месцы здарэнняў за дзень 19 разоў. Яшчэ 16 разоў патрабавалася дапамога ў распілоўванні паваленых дрэваў, а таксама тройчы – адпампоўка вады з затопленых месцаў.

У Менску 5 чэрвеня выпаў град памерам з перапёлчына яйка. Скрыншот відэа TikTok
У Менску 5 чэрвеня выпаў град памерам з перапёлчына яйка. Скрыншот відэа TikTok

Дарэчы, залевы 5 чэрвеня накрылі і суседнюю Літву, піша Delfi


«Белгідрамет» паведамляе, што ў пятніцу 6 чэрвеня па ўсёй краіне надвор’е таксама можа быць эсктрэмальным: удзень чакаюцца навальніцы, моцныя залевы, шквалісты вецер і магчымы град. Уначы і раніцаю – месцамі туман.


У Менску ўдзень 6 чэрвеня чакаюцца навальніца і шквалістае ўзмацненне ветру да 15–20 м/с. Вецер прагназуецца паўднёва-заходні, 4–9 м/с, пры навальніцах – ​ да 21–24 м/с. Тэмпература ўначы складзе + 14–20 °C, удзень – + 23–29 °C, у паўднёва-ўсходніх раёнах – да + 30–32 °C.


«Пры моцным ветры рэкамендавана трымацца далей ад рэкламных шчытоў, дрэваў, будынкаў і электралініяў на ​​вуліцы, у хатах шчыльна зачыняць вокны і дзверы, прыбраць усе прадметы, якія могуць выпасці з гаўбцоў», – папярэджвае «Белгідрамет».


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10