У Беларусі працягваюцца затрыманні ў справе, звязанай з дзейнасцю маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн». Вядома пра затрыманні двух дзясяткаў асобаў.
Затрыманні працягваюцца апошнія некалькі месяцаў, адзначае праваабарончы цэнтр «Вясна».
Як вынікае з паведамленняў, атрыманых ад былых вязняў Акрэсціна, людзей затрымліваюць на падставе арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу («Судзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Сярод затрыманых большасць – мужчыны.
На гэты момант вядома пра затрыманне як найменей 20 асобаў, якія перадавалі звесткі «Гаюну». Яны цяпер пад вартаю.
Нагадаем, што маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн», вядомы сваім сачэннем за рухам расейскіх вайскоўцаў і беспілотнікаў у беларускім паветры, спыніў сваю дзейнасць 7 лютага 2025 года. Гэта адбылося пасля таго, як сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў ініцыятывы – інфармацыя пра гэта з’явілася 5 лютага. З моманту закрыцця праект больш не публікуе звестак пра вайсковую актыўнасць на тэрыторыі Беларусі.
Ужо 6 лютага з’явілася інфармацыя пра першыя затрыманні, абумоўленыя супрацай з праектам: у праўладным тэлеграм-канале, што звязваюць з ГУБАЗіКам, апублікавалі «пакаяннае» відэа з працаўніком Мазырскага НПЗ Максімам Нікіценкам. У сакавіку паведамлялася таксама пра некалькі выпадкаў арыштаў у межах справы «Гаюна». Падставай для пераследу, як сцвярджалася, сталі фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай, перададзеныя праекту яшчэ вясной 2022 года.
Акрамя таго, вядома, што ў пачатку чэрвеня Гарадзенскі абласны суд вынес прысуд у межах адмысловага вядзення блогеру і стваральніку шэрагу праектаў, сярод якіх і «Беларускі Гаюн», Антону Матольку. Матолька намякаў у X, што гэтага патрабаваў ГУБАЗіК у абмен на меншыя тэрміны для тых, каго асудзяць за сувязь з праектам. Два гады таму Матолька казаў, што ў бот пісалі 30 тысяч асобаў. Сярод звестак, што выцеклі з боту праекту, былі ўнікальныя ідэнтыфікатары карыстальнікаў мэсэнджару – Telegram ID.
Раман Шавель belsat.eu