навіны

«Беларусы сталі менш вырабляць дзяцей». Аршанскі льнокамбінат палохае працаўнікоў мігрантамі

Працаўнікі. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
Працаўнікі. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
podpis źródła zdjęcia

Намеснік генеральнага дырэктара Аршанскага льнокамбіната па ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях Сяргей Сідзін у эфіры СТВ выказаў цікавае параўнанне беларускіх работнікаў і мігрантаў.

«Складаючы працоўны дагавор, чалавек мае правы. Больш за тое, на яго (на працаўніка-мігранта – заўв. «Белсат») распаўсюджваюцца тыя ж правы, як на ўсіх нашых работнікаў, якія працуюць у нас на прадпрыемстве. Я цалкам згодны з вывадамі губернатара Гомельскай вобласці (пасады губернатара ў Беларусі не існуе, – Заўв. «Белсат»), Калі ён на сустрэчы з Лукашэнкам прама сказаў: гэта падштурхне і нашых працоўных», – лічыць Сідзін.


Намеснік гендырэктара прызнае недахоп кадраў у краіне, але высновы робіць такія: гэты недахоп «разбэсціў» беларусаў, а новых працаўнікоў яны нараджаць не спяшаюцца. Тады трэба звяртацца да мігрантаў.


«Нашыя беларусы, скажам так, сталі менш вырабляць дзяцей. А гэта ўсё ўплывае на тое, што людзі, якія павінны прыйсці [працаваць], – на жаль, іх няма. І абсталяванне, на якое выдаткавалі дзяржаўныя сродкі, не выкарыстоўваецца. Таму мы вымушаныя прыцягваць гэтых людзей (мігрантаў, – заўв. «Белсат»). Цяпер прывольнае становішча на рынку працы, калі попыт перавышае ў некалькі разоў прапанову па некаторых вострадэфіцітных прафесіях. Вельмі расхалоджвае нашых працаўнікоў. Яны ходзяць па колу, па ўсіх, кожнаму наймальніку, і мы ведаем дрэнную характарыстыку, але мы вымушаныя яго прыняць, таму што нам трэба запоўніць вакансію, якая доўга не запаўняецца. І яны гэтым карыстаюцца. Чым больш гэтая сітуацыя працягваецца, тым больш па-нахабнаму паводзяць сябе такія нядбайныя работнікі. Я цалкам згодны з гэтым довадам, што добрасумленныя людзі, якія прыедуць, будуць дысцыплінаваць і нашых працаўнікоў», – кажа Сяргей Сідзін.


Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка пасля перамоваў з прэм'ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам заявіў, што Беларусь гатовая прыняць на працу ад 100 да 150 тыс. пакістанскіх работнікаў. 


Такі вось хітры план – выгнаць нелаяльных беларусаў, а на іхнае месца завезці пакістанцаў з сем’ямі. У выніку і эканоміка не пацярпіць, і ўлада ўмацуецца. Але, як адзначаюць эксперты, дакладнасць гэтай схемы да швейцарскага гадзінніка не дацягвае. Па-першае, Беларусь не такі ўжо і рай для пакістанцаў. Па-другое, калі яны і паселяцца ў Баранавічах ці пад Магілёвам, гэта можа толькі павялічыць напружанасць у краіне. 


А ўжо 21 траўня Лукашэнка падпісаў указ «Аб падвышэнні ролі наймальнікаў у галіне вонкавай працоўнай міграцыі». Галоўны пункт указу – увядзенне адказнасці наймальнікаў за замежных працаўнікоў. Указам на наймальнікаў ускладаюцца пэўныя абавязкі ў дачыненні працаўнікоў з-за мяжы (за выняткам грамадзянаў дзяржаваў – сябраў ЕАЭС). Так, працадаўца будзе абавязаны наведваць працоўных мігрантаў удома з мэтай вывучэння ўмоваў іхнага пражывання «з прыняццем пры неабходнасці захадаў ліквідацыі выяўленых парушэнняў».

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10