навіны

Гомелец не плаціў аліментаў – яго пазбавілі трохпакаёвай кватэры

Сума нясплаты аліментаў склала больш за 23 тысячы долараў. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: udf.name
Сума нясплаты аліментаў склала больш за 23 тысячы долараў. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: udf.name
podpis źródła zdjęcia

Пасля разводу ў 2010 годзе бацька ні разу не заплаціў аліментаў за свайго сына – маці выхоўвала дзіця сама. У гэтым годзе хлопцу споўніцца 20 гадоў.

Доўгі час 44-гадовы мужчына афіцыйна не працаваў і быў у вышуку на тэрыторыі Беларусі і Расеі, паведамляе Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму.


Увесь гэты час ягоная трохпакаёвая кватэра ў Добрушскім раёне пуставала, але арыштаваць яе ў лік пагашэння доўгу паводле закону было нельга: гэта адзінае жытло даўжніка.


За гэты час сума запазычанасці перад дзіцем склала больш за 76 тысяч рублёў (каля 23 тысяч долараў).


Некалькі гадоў таму мужчына вярнуўся на радзіму і, так і не ўладкаваўшыся на працу, пераехаў у Гомель да сваёй маці-пенсіянеркі.


Судовыя прыставы вызначылі, што ў даўжніка з'явілася новае месца жыхарства, і пастанавілі, што гэта законная падстава для арышту ягонай дадатковай нерухомасці.


Трохпакаёвую кватэру выставілі на продаж і з гэтай сумы вернуць пазыку ў аліментах сыну.

Дарэчы, паводле закону Беларусі аліменты вылічаюцца з заробку ды іншых даходаў, але не са сродкаў, атрыманых ад продажу нерухомасці, занятку гульнявай дзейнасцю або продажу долі ў статутным фондзе таварыства з абмежаванай адказнасцю.


Адпаведна, калі б гомелец прадаў гэтую кватэру, то спагнаць аліменты з яго не змаглі б.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10