У бразільскім Рыа-дэ-Жанейра 18 і 19 лістапада прайшоў саміт «Вялікай дваццаткі» (G20). На ім сабраліся краіны, падзел паміж якімі толькі ўзмацняецца. У выніку, як і год таму, рашэнняў, асабліва што датычаць вайны ва Украіне, там прынята не было.
Хто ўдзельнічаў і каго не было
Для ўдзелу ў саміце Вялікай дваццаткі былі запрошаныя прадстаўнікі ўладаў Аргентыны, Аўстраліі, Бразіліі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Інданезіі, Індыі, Італіі, Канады, Кітаю, Мексікі, Нямеччыны, Паўднёвай Афрыкі, Паўднёвай Карэі, Расеі, Саудаўскай Аравіі, Турэччыны, Францыі, Японіі, а таксама Еўрапейскага і Афрыканскага Звязаў.
Як і летась, кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін, у дачыненні да якога выдадзены ордар на арышт Міжнароднага крымінальнага суда, у саміце не ўдзельнічаў. Расейскую дэлегацыю ўзначальваў міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў.
Паводле звестак Bloomberg, украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі настойліва прасіў прэзідэнта Бразіліі Луіса Інасьё Лулу да Сілву запрасіць яго на саміт «дваццаткі», аднак той гэтыя просьбы праігнараваў. Пры гэтым сярод запрошаных госцяў былі лідары шэрагу лацінаамерыканскіх, афрыканскіх, арабскіх і азіяцкіх краінаў і нават дзяржсакратар Ватыкану.
Глабальны альянс супраць голаду і галечы
Адкрываючы саміт, прэзідэнт Бразіліі адзначыў галоўныя, на яго думку, тэмы – змаганне з голадам і галечай. Паводле яго, непрымальна, каб у свеце, дзе штогод вырабляецца 6 млрд тонаў ежы і 2,4 трлн долараў выдаткоўваецца на ўзбраенне, галадалі 733 млн асобаў (паводле ацэнак Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН).

Лула да Сілва заявіў, што голад і галеча не з’яўляюцца вынікам дэфіцыту ці прыродных з’яў, але «вынікам палітычных рашэнняў, якія ўвекавечваюць адчужэнне значнай часткі чалавецтва». Таму ён заклікаў «тых, хто сабраўся за гэтым сталом, развязаць неадкладную задачу па выкараненні гэтага бедства, што ганьбіць чалавецтва» – стварыць Глабальны альянс супраць голаду і галечы.
Без Украіны пра Украіну
Напярэдадні саміту Лула да Сілва заявіў бразільскаму каналу GloboNews, што для таго, каб удзельнікі сустрэчы змаглі засяродзіцца на праблемах беднасці і клімату, войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе не будуць уключаныя ў парадак дня саміту. Аднак гэтыя пытанні ўсе ж абмяркоўвалі, асабліва пасля масавых удараў РФ па ўкраінскай тэрыторыі і пасля дазволу Украіне біць па расейскай тэрыторыі амерыканскімі ракетамі.
Абмеркаванню Украіны спрыяе і тое, што ў розных удзельнікаў ужо былі свае планы заканчэння вайны. Гэтак, яшчэ раней Бразілія сумесна з Кітаем прапанавала замарожванне цяперашняй лініі фронту, допуск гуманітарнай дапамогі на акупаваныя тэрыторыі і арганізацыю мірнага саміту з удзелам Кіева і Масквы ды пасярэднікаў. Зяленскі, праўда, назваў такі план «дэструктыўным».
Таксама, паводле Bloomberg, прэзідэнт Турэччны Рэджэп Таіп Эрдаган збіраўся прадставіць на саміце свае прапановы замарозкі вайны ва Украіне на цяперашняй лініі фронту, стварэння дэмілітарызаванай зоны і размяшчэння там міжнародных сілаў. Пры гэтым плануецца і надалей забяспечваць Кіеў вайсковай дапамогай, калі ён пагодзіцца адкласці абмеркаванне ўступлення ў NATO прынамсі на дзесяць гадоў. Але ўжо прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў назваў гэтыя прапановы непрымальнымі. Паводле яго, Украіна мае цалкам адмовіцца ад уступлення ў NATO і вывесці свае войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.
Палітолаг Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў у каментары «Белсату» адзначыў, што прапановамі сваіх мірных планаў краіны Глабальнага Поўдня спрабуюць прывязацца да палітыкі абранага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. У прыватнасці, паводле яго, план Эрдагана нічым не адрозніваецца ад прапановаў кандыдата у віцэ-прэзідэнты Джэй Дзі Вэнса, якія ён агучваў падчас перадвыбарчай кампаніі. На думку Ніжнікава, Эрдаган такім чынам згуляў на апярэджанне перад студзенем 2025 года.
,,«План Трампа, на думку Глабальнага Поўдня, бліжэй да іх пазіцыяў, чым да сённяшняй пазіцыі Захаду», – сказаў палітолаг.
Ніжнікаў адзначыў, што хоць гэты план для Масквы непрымальны і вайна будзе працягвацца, ніхто не будзе ў Крамлі адмаўляцца ад перамоваў. Для іх будзе важна паказаць сваю канструктыўнасць, каб Вашынгтоне не павялічваў падтрыманне Украіны, «каб Трамп страціў цікавасць у гэтым пытанні і дазволіў Маскве пакрысе дарабіць сваю справу», сказаў палітолаг. На яго думку, улады Расеі будуць падгульваць Трампу, але на ніякую мірную дамову не пагодзяцца, у выніку «гэтыя перамовы могуць ісці вечна».
Захад ідзе на саступкі Поўдню
Як піша Financial Times, пасля расейскіх абстрэлаў украінскіх гарадоў еўрапейскія дыпламаты настойвалі на тым, каб зрабіць больш жорсткімі фармулёўкі адносна вайны ва Украіне. Але ўсё ж саступілі, каб выніковая дэкларацыя была падпісаная. У выніку з 85-і пунктаў супольнай дэкларацыі, канфлікт згадваецца толькі адзін раз:
«Што датычыць вайны ва Украіне, то, згадваючы нашыя дыскусіі ў Нью-Дэлі, мы падкрэсліваем чалавечыя пакуты і негатыўныя наступствы вайны для глабальнай харчовай і энергетычнай бяспекі, ланцужкоў паставак, макрафінансавай стабільнасці, інфляцыі і эканамічнага росту. Мы вітаем усе актуальныя і канструктыўныя ініцыятывы, якія падтрымліваюць усёабдымны, справядлівы і трывалы мір, выконваючы ўсе мэты і прынцыпы Статуту ААН, накіраваныя на заахвочванне мірных, дружалюбных і добрасуседскіх стасункаў паміж народамі».
Пры гэтым у дэкларацыі, як і год таму па выніках саміту ў Дэлі, Расея не згадваецца зусім, тым больш там не асуджаецца ейная агрэсія, як гэта было зроблена на саміце ў Балі ў 2022 годзе. Больш за тое, сёлетняе камюніке не ўтрымлівае асуджэння нават ядравых пагрозаў, з якімі рэгулярна выступае Масква, як няма і патрабаванняў спыніць атакі на харчовую і энергетычную інфраструктуру.
«Можна пагадзіцца, што папярэдні саміт быў непаспяховым [для Украіны. – рэд. belsat.eu], але гэты саміт мае яшчэ больш негатыўную дынаміку, бо раскол паміж краінамі Захаду і краінамі Глабальнага поўдня яшчэ больш павялічыўся. Кітай, Індыя, Бразілія і іншыя, хоць фармальна і займаюць нейтральную пазіцыю, насамрэч займаць усё больш прарасейскую. Для Украіны, для вырашэння пытання вайны сітуацыя толькі пагоршылася», – падкрэсліў Ніжнікаў.
Пра клімат таксама не дамовіліся
Азербайджан, які прымае кліматычны саміт COP29, звярнуўся да краінаў G20 з заклікам накіраваць пазітыўны сігнал аб неабходнасці барацьбы са змяненнем клімату і дапамагчы выратаваць фінансавыя перамовы, якія зайшлі ў тупік у Баку.
Але ў выніковай дэкларацыі «Вялікай дваццаткі» толькі прызнаецца неабходнасць «істотнага павелічэння аб’ёму кліматычнага фінансавання з мільярдаў да трыльёнаў», без ўдакладнення крыніцы гэтага. Таксама не згадваецца і леташняя Дэкларацыя аб «справядлівым, спарадкаваным і раўнапраўным пераходзе» ад выкапнёвага паліва да аднаўляльных крыніц энергіі.
Саміт ухваліў ідэю супрацы для забеспячэння эфектыўнага падаткаабкладання «звышбагатых людзей», за што выступаў бразільскі прэзідэнт і супраць чаго быў ягоны аргентынскі калега. Аднак падкрэсліваецца, што такая супраца павінна ажыццяўляцца «пры поўнай павазе падатковага суверэнітэту» і ўключаць у сябе «абмеркаванне прынцыпаў падаткаабкладання», а таксама выпрацоўку механізмаў барацьбы з ухіленнем ад выплаты падаткаў.
Адзіны рэальны поспех, якога дамогся Лула да Сілва, гэта стварэнне Глабальнага альянсу супраць голаду і галечы, які павінен збіраць сродкі на барацьбу з голадам і да канца дзесяцігоддзя дапамагчы 500 млн асобаў.
,,«Бразілія хацела глабальнага пагаднення ў барацьбе з галечай, праекту ў фінансаванні пераходу да „зялёнай эканомікі“ і некаторага кансэнсусу з нагоды глабальнага падатку для звышбагатых. Выжыў толькі першы пункт», – адзначыў у каментары AP Томас Траўман, былы бразільскі міністр.
Адсутнасць грунтоўных пагадненняў адносна клімату і галечы палітолаг Ніжнікаў таксама тлумачыць падзелам у свеце: «бо краіны Поўдня жадаюць, каб Захад плаціў, а яны працягвалі сваё эканамічнае развіццё, а Захад лічыць, што такія краіны, як Кітай і Індыя, павінны несці большую фінансавую адказнасць, але для тых гэта непрымальна».
Як піша іспанская El Pais, «нязначная цікавасць або поўная адсутнасць цікавасці, выяўляныя рэспубліканцам [будучым прэзідэнтам ЗША Трампам. – рэд. belsat.eu] да міжнароднай супрацы – нават да інвестыцыйных формулаў, накіраваных на змякчэнне міграцыйных патокаў, – ставіць пад сумнеў жыццяздольнасць прапановаў бразільскага лідара».

Трамп прыйдзе – чагосьці навядзе
Агулам на саміце вельмі моцна адчувалася хуткае вяртанне ў Белы дом Трампа, які можа радыкальна памяняць стаўленне да розных пытанняў у свеце. А вось дзейнага прэзідэнта ЗША Reuters наадварот называла «кульгавай качкай», што мала на што ўплывае, бо заставацца на пасадзе яму засталося толькі два месяцы.
,,«Галоўнае пытанне гэтага саміту, якое, дарэчы, паказвае пэўны кансэнсус, гэта незадаволенасць ці непрыманне некаторых прапазіцыяў, якія лунаюць у трампаўскім асяроддзі. У пытанні міжнароднага гандлю, тарыфаў, ягонага стаўлення да клімату», – сказаў Ніжнікаў.
Надзею, праўда, дае тое, што Трамп не з’яўляецца ідэалагізаваным палітыкам, а спецыялізуецца на вядзенні перамоваў і заключэнні здзелак, піша El Pais.
Макар Мыш belsat.eu