Аналітыка

«Трамп – герой». Ліслівасць не дапаможа Лукашэнку ў адносінах з ЗША

Дональд Трамп
Дональд Трамп. Крыніца: @realDonaldTrump / Х
podpis źródła zdjęcia

Пасля выбараў у ЗША Аляксандр Лукашэнка нагаварыў кампліментаў Дональду Трампу і пахваліў яго саперніцу Камалу Харыс. Такім чынам ён разлічвае палепшыць сітуацыю з палітычным крызісам у Беларусі і набраць вагі на міжнароднай арэне, лічыць кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі. Спыталі, ці атрымаецца гэта.

«Ліслівасць вельмі тыповая для Лукашэнкі»


Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Дональда Трампа на выбарах прэзідэнта ЗША, сказаў, што Трамп – гэта «моц» і назваў яго героем. А Камалу Харыс назваў гераічнай жанчынай і дадаў, што Амерыка «саспела абраць чарнаскурага прэзідэнта, але не саспела яшчэ абраць жанчыну».

Што гэта было – дыпламатычны манеўр ці шчырае захапленне Трампам? Валер Кавалеўскі лічыць, што і адно, і другое.

«Выказванні на адрас Трампа могуць выяўляць яго асабістае стаўленне. Разам з тым мы памятаем пра тое, што гэтая ліслівасць вельмі тыповая для Лукашэнкі, калі ён гаворыць пра лідараў, да якіх шукае дарогу.

Доналд Трамп. Крыніца: apa.az
WSJ: Дарадцы Трампа прапануюць адкласці ўваход Украіны ў NATO прынамсі на 20 гадоў і «замарозіць» лінію фронту навіны

І ён станоўча адазваўся не толькі пра Трампа. Ён сказаў добра і пра Харыс. Ён таксама аддаў належнае дэмакратычнаму працэсу, а таксама нібыта паспрабаваў кінуць піку на адрас дэмакратычных сілаў Беларусі, кшталту, глядзіце, як трэба прымаць паразу. Але гэта ён павінен быў прызнаць паразу на выбарах», – кажа Валер Кавалеўскі.

Калі Лукашэнка хваліць кандыдатаў і тое, якім чынам прайшлі выбары ў ЗША, ён робіць досыць правільны крок з пункту гледжання камунікацыі, лічыць суразмоўца. Але наўрад ці гэта дапаможа яму змяніць пазіцыю ЗША па Беларусі.

«Калі казаць пра эфектыўнасць такіх захадаў і ці здолее Лукашэнка наладзіць сувязь з Трампам, прыцягнуць яго на свой бок, каб ён дапамог нейкім чынам выраўняць адносіны, то я думаю, што ЗША будуць па-ранейшаму кіравацца той палітыкай, якая была прынятая яшчэ ў 2020 годзе. Гэтая палітыка скаардынавана з Еўрапейскім Звязам, Вялікай Брытаніяй, Канадай.

Гэта тое, што ў краіне няма легітымнай улады, што выбары 2020 года былі несправядлівымі, недэмакратычнымі, што павінны быць вызваленыя палітычныя зняволеныя, спыніцца рэпрэсіі, што павінен пачацца ўнутрыпалітычны дыялог», – кажа Кавалеўскі.


Трошкі бенефітаў адшукаць можна, але сітуацыю Трамп не зменіць

Белы Дом ЗША. Фота: @WhiteHouse / Х
Белы Дом ЗША. Фота: @WhiteHouse / Х

Толькі праз унутрыпалітычны дыялог можна дамагчыся вырашэння палітычнага крызісу ў краіне, падкрэслівае Кавалеўскі. Лукашэнку ж хацелася б зрабіць гэта праз цэнтральную палітычную фігуру ў Злучаных Штатах.

«Тым не менш я не выключаю таго, што ў Лукашэнкі атрымаецца ў пэўным сэнсе паўздзейнічаць на тое, якім чынам новая адміністрацыя, прынамсі Трамп, глядзіць на сітуацыю ў Беларусі.

Канешне, можна казаць, што палітычны эстэблішмент, дыпламаты ў Злучаных Штатах глядзяць на сітуацыю ў Беларусь досыць роўна. Ва ўсіх іх супадае ацэнка таго, што адбываецца. Трамп вымушаны будзе гэта ўлічваць. Немагчыма будзе яму ісці супраць усяго эстэблішменту», – падкрэслівае Кавалеўскі.

Архіўнае фота. Уладзімір Пуцін і Доналд Трамп на саміце «Вялікай дваццаткі». Гамбург, Нямеччына. 7 ліпеня 2017 года. Фота: Kremlin.ru
Трамп называў непрымальнымі ўмовы Пуціна, ён можа дамагацца для Украіны лепшых умоваў міру – Алэшчук навіны

Нейкіх паслабленняў у адносінах да сябе Лукашэнка можа дамагчыся праз свае важныя палітычныя рэсурсы – гэта прэзідэнт Расеі, прэм’ер-мінімтр Вугоршчыны і іншыя саюзнікі.


«То бок пэўны актыў ёсць, але задзейнічаць яго таксама будзе не вельмі проста, бо павестка дня адносінаў Злучаных Штатаў і з Расеяй, і з Еўрапейскім Звязам вельмі напружаная і складаная. Ёсць праблемы вельмі тэрміновага характару. Тым больш што да інаўгурацыі Трампа яшчэ досыць шмат часу і могуць адбыцца нейкія новы падзеі, якія могуць дапамагчы або перашкодзіць планам Лукашэнкі», – кажа Кавалеўскі.


Ускосна на Лукашэнку можа паўплываць узаемадзеянне паміж ЗША і Расеяй.


«Трамп ставіцца да Пуціна з глыбокай павагай, ён будзе спрабаваць нейкім чынам улічваць інтарэсы і светапогляд Пуціна. У гэтым сэнсе Лукашэнка можа быць ускосным бенефіцыярам такіх узаемаадносінаў Трампа з Пуціным», – падводзіць рысу Валер Кавалеўскі.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10