Прынамсі два беларусы ў Польшчы атрымалі дзіўныя лісты ад імя спецслужбаў з патрабаваннем пакінуць краіну. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва».
Адзін атрымальнік ліста жыве ў Гданьску, другі – у Варшаве. Дзіўныя лісты яны знайшлі ў паштовых скрынках 22 і 23 траўня адпаведна. У лісце, падпісаным нібыта намеснікам начальніка польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) Адамам Цішэўскім, гаворыцца, што Генеральная пракуратура Польшчы з пачатку года нібы фіксуе ў краіне рэзкі рост пагрозы злачынстваў, звязаных з удзелам грамадзянаў Беларусі.
,,«Адносна вас атрыманая інфармацыя, якая сведчыць пра вашую незаконную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы», – заяўляецца ў дакуменце.


Далей там гаворыцца, што паколькі знаходжанне атрымальніка ліста ў Польшчы ўяўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы краіны, пастанавілі ануляваць ягоны від на жыхарства. Яму нібы трэба добраахвотна пакінуць тэрыторыю Польшчы цягам 10 дзён ад моманту атрымання ліста. У адваротным выпадку пагражаюць прымусовай высылкай у Беларусь.
Як адзначае «Наша Ніва», абодва лісты маюць абсалютна аднолькавы змест і не ўтрымліваюць ніякіх асабістых звестак атрымальніка. Канверты былі адпраўленыя з Нямеччыны 14 траўня. Адпраўнік не пазначаны.
У абодвух выпадках атрымальнікі лістоў – гэта людзі, якія вядуць камерцыйную дзейнасць, таму іхныя адрасы і грамадзянства можна адшукаць у адкрытым доступе. Адметна, што адзін з атрымальнікаў ліста, якога нібыта пазбаўляюць ВНЖ, ужо атрымаў польскае грамадзянства.
Нагадаем, што падобныя выпадкі раней здараліся ў Літве. Там 28 лютага 2024 года некаторыя беларусы пачалі скардзіцца на тэлефанаванні з незнаёмых нумароў. Званкі нібыта з Дэпартаменту міграцыі атрымлівалі як людзі з часовым дазволам на жыхарства, гэтак і асобы са статусам уцекача. Ім заяўлялі, што іхны статус перагледжаны і зараз іх дэпартуюць.
У Дэпартаменце міграцыі Літвы назвалі тэлефанаванні «дэзынфармацыяй і спробай пасеяць паніку». Там заявілі, што не маюць ніякага дачынення да такіх званкоў і ўвогуле не апавяшчаюць людзей пра такія рэчы праз тэлефон.
Сёлета Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы заявіў, што з 2023 года беларуская і расейская выведкі вядуць актыўную інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю супраць беларускай дыяспары і літоўскага грамадства. Мэта – распаліць этнічную напружанасць, сфармаваць вобраз Літвы як ксенафобнай дзяржавы і стварыць пагрозу для беларусаў, якія знайшлі прытулак у гэтай краіне.
Якуб Хруст belsat.eu