навіны

Трамп называў непрымальнымі ўмовы Пуціна, ён можа дамагацца для Украіны лепшых умоваў міру – Алэшчук

img
Архіўнае фота. Уладзімір Пуцін і Доналд Трамп на саміце «Вялікай дваццаткі». Гамбург, Нямеччына. 7 ліпеня 2017 года. Фота: Kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Доналд Трамп хваліцца, што мае добрыя стасункі з Уладзімірам Пуціным, і кажа, што можа дасягнуць міру ва Украіне «за 24 гадзіны». Украінскі палітолаг тлумачыць, што Трамп наўрад ці пойдзе на мір на ўмовах Пуціна.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў віншаванні Доналда Трампа з перамогай на прэзідэнцкіх выбарах пісаў, што вітае абяцанне Трампа дамагацца «міру праз сілу». Украінскі палітолаг Пятро Алэшчук тлумачыць у эфіры «Белсату», што гэтыя словы могуць адлюстроўваць магчымыя змены падыходаў Злучаных Штатаў.

,,

«Адрознай рысай адміністрацыі Байдэна была так званая дээскалацыя, – тлумачыць ён. – То бок, максімальнае стрымліванне любых бакоў канфлікту, што самае галоўнае – не дапусціць распаўзання гэтага канфлікту. Таму трэба абмяжоўваць Украіну, трэба даваць Украіны менш магчымасці для нанясення шкоды Расеі, і да таго падобнае».


Доналд Трамп на перадвыбарчым мітынгу. Рэдынг, штат Пенсільванія, ЗША. 4 лістапада 2024 года. Фота: realdonaldtrump / Instagram
Што Доналд Трамп абяцаў перад выбарамі: пра ЗША, Украіну і Беларусь Аналітыка

Трамп у час мінулага прэзідэнцтва выкарыстоўваў іншую мадэль, канстатуе Алэшчук. Таму Зяленскі і можа выражаць надзею: на тое, што замест новых «чырвоных лініях» гаворка будзе пра сілавую пазіцыю для гіпатэтычных перамоваў з Расеяй.


Алэшчук нагадвае, што пазіцыі Трампа па перамовах па вайне ва Украіне пакуль няма: ён выказваўся ў даволі агульных словах пра тое, што вайну трэба спыніць і што гэта можна зрабіць «за 24 гадзіны». Больш канкрэтна выказваўся патэнцыйны віцэ-прэзідэнт Джэй-Дзі Вэнспрапаноўваў замарозку канфлікту па лініі размежавання. Можа, Трамп таксама бачыць вырашэннем канфлікту ягоную замарозку.


Да гэтага ў Алэшчука пытанне: а ці пойдзе на замарозку вайны Уладзімір Пуцін? Той раней выстаўляў ультыматумы пра вывад войскаў з неакупаваных Расеяй тэрыторыяў і прызнанне гэтых тэрыторыяў расейскімі. Гэта не толькі непрымальна для Украіны – Трамп казаў на дэбатах у чэрвені, што патрабаванні Пуціна непрымальныя. Алэшчук пытае: як Трамп будзе пераконваць Пуціна прыняць умовы замарозкі? І сам адказвае: напэўна, «мір праз сілу» – спачатку нанясенне нейкай шкоды, пасля перамовы. 


Адміністрацыя Байдэна, лічыць Алэшчук, не хацела дапусціць паразу Расеі ў вайне, каб гэта не прывяло да дэстабілізацыі Расеі і магчымага ўжывання ядравай зброі. Але пры гэтым не ўлічылі, што Расея змагла знайсці саюзнікаў, а канфлікт з лакальнага перарастае ў глабальны. 


Рэспубліканская партыя ў свой час блакавала дапамогу Украіне ў Кангрэсе, але тое, лічыць Алэшчук, было ў межах перадвыбарчай кампаніі: галасавалі супраць любых ініцыятываў Дэмакратычнай партыі. І хоць Трамп не любіць раздаваць грошы амерыканскіх платнікаў падаткаў праз простыя пакеты дапамогі, ён някепска ставіцца да ідэі крэдытаў – можа, напрыклад, «рэанімаваць» лэнд-ліз, які не запрацаваў пры мінулай адміністрацыі. І для лэнд-лізу знойдуцца лабісты: амерыканскія абарончыя карпарацыі, якія заўсёды мелі ўплыў на Рэспубліканскую партыю. Трэба толькі прадставіць гэта рэспубліканцам не як дабрачынную дапамогу, а як стратэгічныя ўкладанні, выгадныя амерыканцам.

,,

«Цяпер здаецца абсалютна відавочным, што дапамогі ў тым выглядзе, які быў пры адміністрацыі Байдэна, не будзе, – кажа Алэшчук. – Але гэта не азначае, што не можа быць нейкіх альтэрнатыўных мадэляў, якія цалкам можна напрацаваць».


Доналд Трамп. Фота: Donald J. Trump / Facebook
Чаго чакаць Беларусі і Украіне ад Трампа? Адказвае Валер Кавалеўскі Аналітыка

Нават «план Вэнса» ўтрымлівае пункт пра тое, што Украіна мае быць максімальна ўзброеная і гатовая да дапамогі, нагадвае суразмоўца. Вэнс хоча перакласці дапамогу Украіне на плечы Еўропе – а ці здольная на гэта Еўропа? Алэшчук адказвае, што сэнс не столькі ў тым, ці можа, а ў тым, што Еўропа абапіраецца на пазіцыю ЗША. 


Алэшчук бачыць перспектыву гібрыднай вытворчасці: супольных амерыканска-еўрапейска-ўкраінскіх прадпрыемстваў за кошт крэдытаў пад заклад расейскіх актываў. І заклікае Украіну лабіяваць свае інтарэсы праз амерыканскіх вытворцаў зброі. 


Сяргей Падсасонны, Глеб Нержын belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10