Раней Доналд Трамп раскрытыкаваў маштабы вайсковага і фінансавага падтрымання ЗША Украіне і паабяцаў хутка пакласці канец вайне з Расеяй. Праўда, не ўдакладніў, як менавіта. А цяпер мусіць выбіраць.
Пасля абяцання яму даводзіцца выбіраць паміж рознымі прапановамі дарадцаў пра тое, як гэта зрабіць. Зрэшты, усе прапановы падобныя – рабіць супрацьлеглае прэзідэнту Джо Байдэну, які ўсяляк дапамагаў ва ўзбраенні Украіны.
The Wall Street Journal піша пра асноўны план скасавання вайны са спасылкай на траіх асобаў, блізкіх да Трампа. Паводле яго, Украіна і Расея пагаджаюцца на дэмілітарызаваную зону на лініі фронту даўжынёй прыкладна 1300 кіламетраў. Пры гэтым ЗША не будзе выконваць функцыі міратворца, гэтыя задачы лягуць на плечы краінаў Еўропы.
Таксама ў план уваходзіць адмова Кіева ад уваходу ў NATO прынамсі найбліжэйшыя 20 гадоў, наўзамен ЗША будзе працягваць пастаўляць ва Украіну зброю супраць расейскай агрэсіі.
Аднак дарадцы ўдакладняюць, што Трамп пакуль не зацвердзіў канкрэтнага плану спынення расейска-ўкраінскай вайны і можа не скарыстацца ніводным з іх.
Нагадаем, што Доналд Трамп шмат разоў пужаў свет пачаткам трэцяй сусветнай вайны, а таксама хваліўся, што зможа спыніць вайну ва Украіне. Для гэтага ён хацеў ціснуць на ўкраінскае кіраўніцтва пагрозамі спынення вайсковай дапамогі, а на Расею – пагрозамі павялічыць дапамогу Украіне і ўзмацніць санкцыі супраць РФ. Акрамя таго, Трамп дапускаў, што Украіна будзе вымушаная саступіць частку акупаваных тэрыторыяў Расеі, калі хоча спыніць вайну.
Тэса Анэйда belsat.eu