Расейскія войскі ў ноч на 24 траўня ўчынілі масаваны абстрэл Украіны, асноўнымі цэлямі былі Кіеў і Адэса. Паведамляецца пра пашкоджанні і параненых. Украінскія дроны таксама атакавалі расейскія рэгіёны.
Паводле звестак Паветраных сілаў ЗСУ, у ноч на 24 траўня расейскія войскі запусцілі па Украіне шэсць балістычных ракетаў «Іскандэр-М/KN-23» і 245 ударных беспілотнікаў. Вайскоўцы адзначаюць, што збілі ўсе ракеты і 128 беспілотнікаў, а яшчэ 117 дронаў прызнаныя «лакацыйна страчанымі» і заглушанымі сродкамі РЭБ.
Асноўным напрамкам атакі быў Кіеў, але ракеты таксама атакавалі Днепрапятроўскую, Адэскую і Запарожскую вобласці. Апрача іх пацярпелі яшчэ Харкаўшчына і Данеччына.
У Дзяржаўнай службе надзвычайных сітуацыяў Украіны расказалі, што ў выніку атак у Саломянскім раёне Кіева пажар узнік у кватэрах на ўзроўні чацвёртага і пятага паверхаў у жылым пяціпавярховіку. У Абалонскім раёне адбылося ўзгаранне на балконах дзевяціпавярховіку на ўзроўні трэцяга – шостага паверхаў. У Святошынскім раёне ўкраінскай сталіцы ў аднапавярховым нежылым будынку, дзе захоўваліся лакафарбавыя матэрыялы, у выніку атакі адбыўся пажар.
Паліцыя Кіева паведаміла, што ў выніку начной расейскай атакі ў горадзе налічылі 15 пацярпелых. Апроч згаданых будынкаў пашкоджаныя гандлёва-забаўляльны цэнтр, навучальная ўстанова, восем аўтамабіляў і памяшканне кацельні.
Адэская абласная пракуратура заяўляе, што ў Адэсе ад удараў пацярпелі аб’екты партовай інфраструктуры.
Дроны атакуюць і Расею
Пра атакі ўжо ўкраінскіх дронаў паведамілі і ў Міністэрстве абароны Расеі. Там заявілі, што ў ноч на 24 траўня знішчылі 94 беспілотнікі, у тым ліку 64 БПЛА – над Белгародскай вобласцю, 24 – над Бранскай, па два – над Курскай і Ліпецкай, па адным – над Варонежскай і Тульскай.
Апроч таго, з 08:00 да 09:30 яшчэ дзесяць украінскіх БПЛА было знішчана над Белгародскай вобласцю і пяць – над Цвярской.
Якуб Хруст belsat.eu