Затрыманне мужа зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай чарговы раз паказала: сваякі палітычных вязняў ‒ пад пагрозаю. Праваабаронца тлумачыць, што рабіць родным зняволеных, якія не могуць пакінуць Беларусі.
Ананімны Telegram-канал, звязаны з сілавікамі, 22 кастрычніка паведаміў пра затрыманне Ігара Ільяша – мужа зняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай. Прычынаў затрымання не раскрылі адразу, пазней паведамілі абстрактна: ён нібыта «спрыяў экстрэмісцкім фармаванням» і «збіраў звесткі для замежных выведак», даючы каментары беларускім і ўкраінскім медыям.
Праваабаронца ініцыятывы «Dissidentby» Вячаслаў Касінераў у каментары «Белсату» кажа: імаверна, супраць Ільяша распачалі крымінальную справу, раз ён ужо трапіў «у распрацоўку».
Чаму не паведамляюць, у чым вінавацяць? Касінераў пачынае з таго, што ананімны канал вядуць або ўзначальваюць амаральныя людзі, якія не кіруюцца прынцыпамі права.
,,«Трэба разумець агульную тэндэнцыю: наагул родзічы палітвязняў і былых палітвязняў – гэта група рызыкі цяпер у Беларусі», – падкрэслівае Касінераў.
Ягоная супольнасць ведае шматлікія выпадкі пераследу родзічаў палітычных вязняў. Перад выбарамі 2025 года, дапускае ён, адбываецца «нейкая форма зачысткі», спроба кампаніі застрашвання. Па сваяках палітвязняў і вызваленых масава ходзіць міліцыя і кажа, каб «нічога не пісалі, нічога не каментавалі, ні з кім не размаўлялі», праводзіць «прафілактычныя размовы», даследуе лічбавую тэхніку. Асобных асобаў садзяць у турмы.
Праваабаронца нагадвае пра зняволеных маці палітычных вязняў Таццяну Францкевіч, Ірыну Такарчук, Алену Дземянчук.
У групе рызыкі таксама былыя праваахоўнікі і сваякі палітычных эмігрантаў. Дакладнай колькасці праваабаронцы не ведаюць. Але з наяўных абрыўкаў інфармацыі вынікае, што дзясяткі чалавек у Беларусі трапілі пад пераслед за сваякоў-эмігрантаў.
,,«Я думаю, гэта насамрэч будзе пашырацца або, як мінімум, будзе часткаю гэтай практыкі, – прадказвае Касінераў. – Яна… шматвектарная, напэўна, палітыка ціску на іншадумцаў».
Што рабіць?
Касінераў раіць:
• Трымацца звычайных для Беларусі правілаў бяспекі ў інтэрнэце: карыстацца VPN, чысціць ліставанне і сацыяльныя сеткі.
• Намагацца нічога не каментаваць і не ставіць падабаек у інтэрнэце.
• Пры спробе вербавання сілавікамі тэарэтычна слушнаю парадаю было «не супрацоўнічаць», але з улікам сітуацыі і пагрозаў, якія агучваюцца, адмовіцца можа быць немагчыма. Ды нават падпісаўшы дакументы пра супрацу, людзі даюць зразумець тым ініцыятывам і актывістам, якія ім дапамагаюць, што «мы ў цяжкай сітуацыі». Тады праваабаронцы не кідаюць людзей, але «ўключаюць іншыя пратаколы».
Як праваабаронцы вызначаюць, як можна дапамагаць чалавеку, які пагадзіўся на супрацу з сілавікамі, Касінераў не можа раскрыць.
Навошта цяпер застрашваць?
Прадстаўнік арганізацыі «BELPOL» Уладзімір Жыгар звязвае новы віток рэпрэсіяў з выбарчаю кампаніяй 2025 года – тым, што ён называе «самавыбарамі» Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя асобы ў дэмакратычанй супольнасці бачаць «гуманіста Лукашэнку», які падае «таемныя сігналы, што хоча перамоваў». Але людзі вакол Лукашэнкі «ўсведамляюць, што яны зрабілі раней, што маюць цяпер і што трэба зрабіць, каб захаваць тое, што ёсць цяпер».
Лукашэнка, падкрэслівае Жыгар, «даволі прагматычны»: робіць тое, што мусіць рабіць для захавання ўлады, а значыць, узмацняць рэпрэсіі. Сілавікі маюць базу звестак пра тых, хто раней трапіў «у поле зроку» за ўдзел у пратэстах, і гэтую базу будуць выкарыстоўваць для прэвентыўных затрыманняў, а прапаганда апавядзе, што «таемныя ячэйкі спрабуюць расхістаць сітуацыю ў стабільнай мірнай Беларусі». Сітуацыя, прагназуе Жыгар, будзе толькі пагаршацца.

На думку Касінерава, за апошнія чатыры гады склалася сістэма, у межах якой ёсць інерцыя палітычнага пераследу. Нават уяўнага: чалавека пры затрыманні падпісваюць на «экстрэмісцкія» каналы, каб выставіць абвінавачванне. Гэта стала сродкам атрымаць прэміі або новыя званні.
«Інерцыя сістэмы не толькі сілавікоў: інерцыя сістэмы Лукашэнкі, – удакладняе Касінераў. – Гэта ўжо традыцыя. Як без гэтага нейкія перадвыбарчыя кампаніі праводзіць?»
Цяпер, працягвае суразмоўца, назіраецца «чарговае дно», але такую «нарматыўнасць» у Беларусі стварылі: што б ні адбывалася, будзе зачыстка. Практыка, якая заўсёды была ў лукашэнкаўскай Беларусі, раней датычыла параўнальна невялікай групы людзей, распаўсюдзілася шырэй.
За што затрымалі менавіта Ільяша?
Напалову афіцыйную версію затрымання Ігара Ільяша агучыў ананімны канал, звязаны з сілавікамі: «спрыяў экстрэмісцкім фармаванням» і «збіраў звесткі для замежных выведак». Што магло быць сапраўднаю прычынаю: падтрыманне зняволенай жонкі, сам факт пакарання жонкі за журналісцкую працу, нядаўні фільм пра яе?..
Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі кажа «Белсату»: калі любы журналіст застаецца ў Беларусі ‒ гэта ўжо падстава да затрымання. Улады пераследуюць не толькі тых, хто цяпер працуе ў медыях, але і тых, хто нават далёкі час таму супрацоўнічаў з медыямі. А Ільяш – знаны ў мінулым журналіст і расследавальнік, які «быў пад прыцэлам» і трапляў пад пераслед ужо некалькі разоў. Да таго ж, ягоная жонка ‒ за кратамі, а ўлады відавочна хацелі б, каб ейны муж пакінуў Беларусь і пакінуў жонку ў адчаі.
Прычынаю цяперашняга затрымання магло стацца што заўгодна, кажа Гарэцкі, ды сэнс у тым, што пад пагрозаю ‒ любы чалавек, які быў некалі звязаны з незалежнымі медыямі.
,,«У рэжыму Лукашэнкі фармат уплыву на грамадскасць – гэта страх, – падкрэслівае Гарэцкі. – Гэта галоўнае, чым ён цяпер можа стрымліваць любую актыўнасць. Каб журналісты не выступалі публічна, каб яны не паказвалі сваіх твараў, каб яны не пісалі нейкіх вострых матэрыялаў. І каб кожны, хто з’ехаў, адчуваў прысутнасць уладаў і гэты ціск на сябе».
Гарэцкі адзначае: рэпрэсіі супраць журналістаў, прадстаўнікоў медыяў ды іхных сваякоў не спыняюцца нават пры тым, што большасць рэдакцыяў незалежных выданняў выехала з Беларусі. Колькасць журналістаў за кратамі не змяншаецца, а толькі павялічваецца, хоць некаторых раней зняволеных вызваляюць. Летам, нагадвае Гарэцкі, была хваля ператрусаў у дамах тых, хто даўно з’ехаў з Беларусі: сілавікі прыходзяць да родных, застрашваюць, нават былі выпадкі, што бралі сліну для «аналізу ДНК».
Віталь Бабін, Ірына Юр’ева, Алесь Наваборскі belsat.eu