«У Беларусі арганізавалі працу для вяртання страчаных падчас вайны культурных каштоўнасцяў», – чытаю я на гэтым тыдні на дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсах.
На ініцыятыву Генпракуратуры склалі адпаведны спіс, у якім 694 аб'екты: іконы, кнігі, скульптуры. Галоўны аб'ект пошуку – славуты крыж Еўфрасінні Полацкай, што знік падчас Другой сусветнай вайны. Магчымыя месцы знаходжання артэфактаў: ЗША, Украіна, Польшча, Ізраіль.
Па-першае, адразу смешна, што праз 33 гады незалежнасці нечакана прачнулася Генпракуратура і занялася вяртаннем каштоўнасцяў. Ні 10, ні 20 гадоў таму іх гэта не цікавіла, а зараз рэзка трэба ўсё вярнуць.
Я да гэтага стаўлюся з гумарам. Гэта ў рэжыму такая даніна часу: зараз усім у Беларусі маюць займацца сілавікі. Вы ж памятаеце, як адзін вядомы лукашыст нас пераконваў у тым, што сярод амапаўцаў шмат тэатралаў. Ну а ў Генпракуратуры, відавочна, эстэты і аматары музеяў. Але бог з ёй, з пракуратурай. Справа вяртання сур'ёзная, таму варта паразмаўляць без жартаў.
Так, на вялікі жаль, склалася, што значная колькасць беларускіх гістарычных каштоўнасцяў апынулася за межамі краіны. Войны, акупацыі, палітыка, калі суседзі лічылі Беларусь часткаю сваёй краіны і вывозілі музейныя экспанаты ў свае метраполіі. А яшчэ супольная спадчына, калі і мы, і нашыя суседзі лічым, што маем поўныя правы на гэтыя каштоўнасці.
,,«Заканадаўства ўсіх краінаў напісанае так, што вяртаць сваё абавязкова трэба, а аддаваць тое, што ўжо ў нас, нават калі яно чужое, нельга. Гучыць як падвойныя стандарты, але насамрэч усё даволі сумна».
Звяртаецца Польшча ў Расею: аддайце нам 15 000 аб'ектаў мастацтва, якія вы вывезлі ад нас у часе вайны. А Расея робіць выгляд, што нічога не ведае. Расея Польшчу ігнаруе. І хоць Генпракуратура і прапаганда пра гэта маўчаць, але для Беларусі Расея таксама нумар адзін паводле колькасці скрадзеных з Беларусі каштоўнасцяў.
Толькі ў нас жа сітуацыя іншая, чым у палякаў. У нас жа Саюзная дзяржава, і можна спадзявацца, што вось нам Расея ўсё верне. Тым больш, што сляды таго славутага крыжа Еўфрасінні Полацкай вядуць менавіта на ўсход.
,,«Уяўляеце сабе гэтую радасць: крыж знайшоўся і яго як святыню, як нашую нацыянальную рэліквію вязуць картэжам у Беларусь? Перад тым як вярнуць яго ў Полацк, аб'язджаюць усю краіну...»
Размарыўся я нешта. У рэальнасці ж сяброўства сяброўствам, а мухі асобна, катлеты асобна. Нягледзячы на саюзныя пацалункі, Расея Беларусі нічога вяртаць не спяшаецца. Паводле ацэнак самых прапагандыстаў (і тут я працытую тэлеканал СТВ), «амаль 90 % таго, што Беларусь аддавала падчас вайны ў савецкі тыл на нібыта часовае захаванне, і гэтаму ёсць пісьмовыя доказы, так на радзіму і не вярнулася».
Генпракуратура можа «ўзбуджаць» справы, махаць кулачком, рабіць грозныя заявы, але вынік будзе нулявы. Таму я апрыёры ўспрымаю гэтую мышыную валтузню і гучныя заявы пра вяртанне як чыстай вады рэжымны піяр.
Калі б рэжыму залежала на выніку, а не на пустой балбатні, то яны б дзеялі іначай.
Яшчэ ў 2017 годзе ў выданні «Советская Белоруссия» чыноўнікі адкрыта казалі: дзеяць у лоб нельга. Калі дзяржава заяўляе прэтэнзіі на нейкія замежныя культурніцкія аб'екты, то краіна, у якой яны захоўваюцца, іх вам нават не пакажа. Тады яны рабілі выснову, што дзеяць трэба праз мецэнатаў, якія могуць банальна выкупляць творы мастацтва на аўкцыёнах.
У якасці найбольш паспяховага прыкладу такой дзейнасці прыводзілі «Белгазпрамбанк» Віктара Бабарыкі, які выкупіў і сабраў цэлую калекцыю – болей за 100 артэфактаў.
,,«Дзе пасля выбараў утрымліваецца самы вядомы сучасны мецэнат Беларусі, ведае ўся краіна. Калекцыю рэжым канфіскаваў. Я думаю, што нават калі ў кагосьці раней і былі думкі пра мецэнацтва, то пасля гэтага прыкладу жаданне знікла».
Беларускім музеям, каб атрымаць новыя гістарычныя каштоўнасці з-за мяжы, прыйдзецца чакаць надыходу нейкай іншай, больш разумнай і дыпламатычнай улады, якая ўмее падтрымліваць, а не канфіскоўваць, і дамаўляцца, а не пагражаць, як гэта зараз робяць дубаломы з Генпракуратуры.
Ігар Кулей belsat.eu