навіны

Латушка: Большасць гістарычна-культурных каштоўнасцяў была вывезеная з Беларусі ў Расею

Крыж Прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гародні. Фота: pokrovgrodno.org
Крыж Прападобнай Еўфрасінні Полацкай у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гародні. Фота: pokrovgrodno.org
podpis źródła zdjęcia

Крыж Еўфрасінні Полацкай, слуцкія паясы, булава Жыгімонта Трэцяга – спіс з амаль сямісот страчаных артэфактаў Міністэрства культуры склала на замову Генеральнай пракуратуры. Чыноўнікі зацікавілася вяртаннем вывезенай з Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны спадчыны. Але, як мяркуюць нашыя суразмоўцы, шукаць задумалі не там, дзе трэба.

Ініцыятыва Генеральнай пракуратуры – гэта працяг справы пра так званы генацыд беларускага народу, інфармуе БелТА. У пераліку краінаў, дзе мяркуюць шукаць вывезеныя артэфакты, – Злучаныя Штаты Амерыкі, Ізраіль, Украіна, Польшча. Расея ў гэтым спісе не згадваецца. На думку Паўла Латушкі, гэта проста нявыгадна для сяброўскіх стасункаў з ёй, а вось паказаць, што Захад дрэнны, трэба:

«Хаця мы абсалютна ясна разумеем, што большасць гісторычна-культурных каштоўнасцяў была вывезеная з тэрыторыі Беларусі менавіта ў Расейскую Федэрацыю».


Гэтак, паводле некаторых версіяў, у Расеі захоўваецца арыгінал крыжа Еўфрасінні Полацкай, згублены ў ваенным вэрхале.

,,

«Нам абавязкова з Расеі трэба вярнуць і Статуты Вялікага Княства Літоўскага, і кубак Святой Ядзвігі, і бібліятэку Храбтовічаў, Нямцэвічаў, Тызенгаўзаў, Радзівілаў, Сапегаў, граматыку літоўскай і беларускай мовы і першы беларускі слоўнік. Кнігі з нясвіжскай бібліятэкі, партрэты Радзівілаў з Нясвіжу. Архіў БНР», - пералічвае страчанае за ўсходняй мяжой прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету ў справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык.


Прадстаўніца АПК падкрэслівае, што вяртанне каштоўнасцяў дазволіць больш глыбока вывучаць гісторыю, умацаваць культурную свядомасць і садзейнічаць аднаўленню нацыянальнай годнасці. А гэта тое, што неабходна для развіцця ўстойлівай палітыкі Беларусі ў будучыні.

Слуцкія паясы, зробленыя прадпрыемствам «Белмастацпромыслы». Слуцк, Беларусь. 27 верасня 2017 года. Фота: holiday.by
Слуцкія паясы, зробленыя прадпрыемствам «Белмастацпромыслы». Слуцк, Беларусь. 27 верасня 2017 года. Фота: holiday.by

Праўда, найбольш імаверным выглядае вяртанне тых каштоўнасцяў, што ў час Другой сусветнай вайны вывезлі з нашай тэрыторыі на Захад.

«Так ці інакш, але ёсць пераемнасць паміж БССР і сучаснай Рэспублікай Беларусь, і гэтая пераемнасць прызнаецца міжнародным правам. Адпаведна ёсць пераемнасць у плане інстытуцыяў, што існавалі ў БССР і існуюць цяпер», – тлумачыць акадэмічны дырэктар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі
Аляксей Ластоўскі.

Гэтак, Нямеччына ўжо аддавала нашай краіне нарабаванае нацыстамі. А што з экспанатамі, эвакуяванымі ў гады вайны на Усход? Паводле Аляксея Ластоўскага, калі эвакуацыя адбылася ў межах адной краіны, напрыклад, Савецкага Саюзу, то яна адпавядае нарматыўным актам. У такім выпадку паставіць пытанне пра незаконны вываз не ўдасца, і для такога вяртання патрэбная палітычная воля.

Існуюць і іншыя спосабы актуалізаваць страчаную спадчыну.

,,

«Гэта набыццё гістарычна-культурных каштоўнасцяў, што належаць беларускаму народу. Гэта арганізацыя выставаў, гэта могуць быць пастаянныя выставы, гэта часовы дэпазіт або перадача ў дэпазіт на больш сталае захоўванне. Гэта капіяванне адпаведных гістарычна-культурных каштоўнасцяў і іншыя захады», – пералічвае Павел Латушка.


З такімі ініцыятывамі ў Беларусі выступаў і бізнес. Гэтак, «Белгазпрамбанк» пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкі ў свой час выкупіў дзясяткі артэфактаў. Сярод іх – палотны Марка Шагала і Хаіма Суціна, кнігі Францыска Скарыны і Сімяона Полацкага. Але ў 2020-м у межах палітычнай справы калекцыю «Белгазпрамбанку» арыштавалі, а Віктара Бабарыку на чатырнаццаць гадоў кінулі за краты.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце:

Ірына Дарафейчук, Валянцін Васіленка, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10