Меркаваннi

Пуцін не прыедзе?

Уладзімір Пуцін на форуме ў Валгаградзе. 29 красавіка 2025 года. Валгаград, Расея. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Contributor / Getty Images
Уладзімір Пуцін на форуме ў Валгаградзе. 29 красавіка 2025 года. Валгаград, Расея. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Contributor / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Можа здарыцца пэўны цэйтнот. Інакш навошта крамлёўскаму старцу трэба было праводзіць прэс-канферэнцыю з прапановай Украіне «перамоваў без умоваў» а першай гадзіне ночы? Чым была выкліканая такая ўжо тэрміновасць?

Уладзімір Зяленскі на прапанову Уладзіміра Пуціна адказаў, заявіўшы, што ў любым выпадку будзе чакаць яго ў Стамбуле. Доналд Трамп публічна задумаўся пра магчымасць візіту туды ж, і толькі сам ініцыятар сціпла прамаўчаў. Выглядае гэта (ужо прабачце за арго), як быццам «рэальны пацан забіў стрэлку» і сам не з'явіўся.

Тым не менш перамовы адбудуцца, але ўкраінскаму боку будзе лёгка, у адрозненне ад аналагічных перамоваў тры гады таму. Карты (калі карыстацца мовай Трампа) на руках цалкам прыстойныя. Узгадаем: тры гады таму расейскія войскі стаялі пад Кіевам, цана на газ паляцела за аблокі, Еўропа павінна была змерзнуць будучай зімой, і свет адкрыта баяўся ядравых пагрозаў Пуціна. А што сёння?

Нягледзячы на неабгрунтаваны аптымізм што Пуціна, што Аляксандра Лукашэнкі адносна «становішча на зямлі», прыгледзеўшыся да сітуацыі з некаторай адлегласці, можна ўбачыць, што нават на вызваленне часткі Курскай вобласці сышло каля паўгода і без паўночнакарэйскіх салдатаў не справіліся б. Як не справіліся б і без іранскіх дронаў, і ракетаў з той жа Паўночнай Карэі – маленькі ўкраінскі марскі дрон знішчае расейскі самалёт коштам дзясяткі мільёнаў долараў.

Кантроль за акваторыяй Чорнага мора, прылеглай да тэрыторыі Украіны (у тым ліку і акупаванай), сёння фактычна за Украінай. Усе буйныя расейскія караблі давялося вывесці ў Новарасійск, каб яны не паўтарылі лёсу крэйсера «Масква».

,,

З пункту гледжання тэрыторыі, усе «поспехі» арміі Расеі за 2024–2025 гады не перавышаюць 1 % тэрыторыі Украіны. Па сканчэнні трох гадоў вайны нават Луганская вобласць не акупаваная цалкам.


І адкуль тады аптымізм у нашай салодкай парачкі? Эканоміка? ВУП Расеі знізіўся ў першым квартале (як і ВУП ЗША). Знізіўся прыкладна на 1 % (квартал да квартала), нягледзячы на бравурныя планы пра рост на сціплыя 2 % за год. Эфект разварушвання бюджэтных выдаткаў «на вайну» скончыўся. Засталася інфляцыя вышынёй 10 % і крэдыты з вялізнымі стаўкамі. Цана на расейскую нафту ніжэйшая за ўзроўні, закладзеныя ў бюджэце, ды і дэфіцыт бюджэту вырас у 10 разоў (у параўнанні з першым кварталам 2024 года).

І, вядома, галоўная праблема расейскай эканомікі роўна такая ж, як і беларускай – недахоп працоўных рук. Калі Беларусі не хапае каля 150 тыс. чалавек, то Расеі – 2 млн. І перспектываў вырашэння гэтай праблемы не праглядаецца.

Дык адкуль жа аптымізм?

Справа, вядома ж, у «дзядулях». У жаданні што Пуціна, што Лукашэнкі жыць ва ўласнай рэчаіснасці, дзе ў іх усё добра. Дзе свет баіцца «страшэннай Расеі»; дзе бадзёрыя расейскія героі «вызваляюць» украінскія гарады ад «нацыстаў» і насельніцтва сустракае іх хлебам-соллю; дзе эканоміка, насуперак законам, расце тэмпамі, вышэйшымі за кітайскія; дзе…

Але нічога гэтага няма, і нават блізка не праглядаецца.

Таму і не паедзе Пуцін у Стамбул. Ён наогул апошнія тры гады не надта яздок. Ды хіба што ў Кітай выберацца, у Паўночную Карэю ды Іран. І адразу дадому. І яшчэ па краінах СНД можа прагуляцца. А тут – Турцыя! Між іншым, краіна NATO. Не паедзе.

,,

Не паедзе яшчэ і таму, што прыехаць на такія перамовы азначае сутыкнуцца з рэчаіснасцю, дзе ты не вялікі «пераможца і нахіляльнік», а авантурыст-няўдачнік. З адсутнасцю ваенных поспехаў, слабой эканомікай і няздольнасцю камусьці пагражаць.


І ўжо тым больш вельмі не хочацца яму апынуцца ў сітуацыі, дзе ён не галоўны.

Таму вось такі цэйтнот. Украіна прапаноўвае прыпыненне баявых дзеянняў проста зараз, без умоваў, і перамовы, згаджаючыся на (часовую) страту тэрыторыяў, Крэмль жа паводзіць сябе ў рэжыме «буду, таму што магу, і столькі, колькі змагу».

Але козыраў на руках няма (паводле Трампа). Таму і не паедзе ён нікуды.

belsat.eu / МВ

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10