навіны

Крызіс у ААН: навошта з'явіўся Пакт дзеля будучыні, які не падпісала Беларусь

Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку
Штаб-кватэра ААН у Нью-Ёрку. Фота: @UnitedNationsRU / X
podpis źródła zdjęcia

ААН прыняла 22 верасня Пакт дзеля будучыні для развязання праблемаў ХХІ стагоддзя і крызісу самой структуры. «Белсат» даведаўся, чаму ААН не можа забяспечыць мір ува ўсім свеце, а Беларусь адмовілася падпісваць дакумент.

Сярод тэмаў у пакце барацьба з голадам, няроўнасцю і канфліктамі. Яшчэ адным з пунктаў ёсць рэформа Рады бяспекі ААН. Хоць дакумент і прыняты большасцю галасоў, яго не падпісалі Беларусь, Расея, КНДР, Нікарагуа, Сірыя, Судан і Іран.


Разам з кіраўніком Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерам Кавалеўскім разбіраемся, што не спадабалася краінам-непадпісантам і што азначаюць прапановы ў дакуменце.


Міру ў свеце няма. А дзе Рада бяспекі ААН?


Рада бяспекі ААН галоўны міжнародн орган для развязання праблемаў, што датычаць міру і бяспекі. І ў яе ёсць магчымасць прымаць пастановы, абавязковыя да выканання краінамі чальцамі ААН. Аднак Рада бяспекі ААН у сённяшнім выглядзе фармавалася яшчэ ў 1945 годзе.

,,

«Гэта быў зусім іншы свет: з меншаю колькасцю краінаў, з асноўнымі гульцамі яшчэ імперыямі. Кампазіцыя Рады бяспекі не адпавядае рэальнасці, у якой жыве чалавецтва сёння. Таму пытанне пра тое, што Рада бяспекі ААН не вырашае актуальных праблемаў, паўстала ўжо досыць даўно – адразу пасля 1991 года, калі разваліўся Савецкі Саюз. Ужо было відавочна, што рэформу трэба праводзіць. І размовы пра рэфармаванне ідуць некалькі дзесяцігоддзяў на ўзроўні ўрадаў і экспертаў», – кажа Валер Кавалеўскі.


Пакуль ідуць абмеркаванні, назіраецца шмат канфліктаў і войнаў, у тым ліку вайна ва Украіне ці крызіс у Афганістане.


«Працы ў Рады вельмі шмат. Толькі наконт Украіны праводзяцца 50–60 пасяджэнняў за год. Гэта даволі сур’ёзная нагрузка. І немагчыма не склікаць гэтых сустрэчаў, бо адбываюцца рэальныя злачынствы з боку Расеі. Разам з тым дасягнуць нейкіх рашэнняў практычна немагчыма», – працягвае суразмоўца.


Праблема ў тым, што адзін з чальцоў Рады бяспекі ААН – Расея – ёсць удзельнікам канфлікту. Таксама Расея можа накладваць вета і блакаваць абавязковыя да выканання рашэнні ў Радзе бяспекі.


«Пяць з пятнаццаці чальцоў Рады бяспекі – гэта сталыя чальцы з правам вета: Расея, Кітай, Францыя, Вялікая Брытанія і Злучаныя Штаты Амерыкі. У іх ёсць магчымасць блакаваць рашэнні. Як правіла, яны датычаць іх нацыянальных інтарэсаў, іх інтарэсаў у іншых краінах. Права вета ў гэтым сэнсе вельмі сур’ёзны прывілей, што можа мяняць хаду гісторыі.


За ўвесь час існавання Рады бяспекі права вета прымянялася амаль 300 разоў. Найбольш якраз гэтым правам карысталася Расея і Савецкі Саюз. Іншыя краіны у значна меншай ступені. Але, калі яны карысталіся гэтым правам, гэта было менавіта для адстойвання сваіх інтарэсаў. За апошнія дзесяцігоддзі ЗША звычайна блакавалі рашэнні наконт Ізраілю, Расея шматразова блакавала рашэнні наконт Сірыі, калі там была грамадзянская вайна. Цяпер Расея блакуе рашэнні наконт Украіны», – адзначае Валер Кавалеўскі.

Святлана Ціханоўская на Генеральнай асамблеі ААН. Нью-Ёрк, ЗША. 25 верасня 2024 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
На Генасамблеі ААН – «дзве Беларусі». Чаго хочуць дэмакратычныя сілы і чаму не відаць лукашэнкаўцаў? навіны

Права вета ў пэўным сэнсе шкоднае яшчэ і таму, што некаторыя краіны проста адмаўляюцца прапаноўваць новыя рашэнні, якія могуць трапіць пад блакаванне. Бо атрымаецца, што праца над праектам была проста бессэнсоўная.


Ад права вета краіны могуць адмовіцца і нават спрабуюць ад гэтай практыкі адыходзіць, кажа суразмоўца. Напрыклад, Францыя і Вялікая Брытанія адказна ставяцца да свайго прывілею і ўжо некалькі дзесяцігоддзяў імкнуцца не выкарыстоўваць права вета.


«Генеральная асамблея ААН і ў прынцыпе міжнародная супольнасць не задаволеныя тым, што існуе гэтае права. Яно фактычна ўяўляе сабою канфлікт інтарэсаў, бо краіны – чальцы Рады бяспекі пры выкарыстанні гэтага права часта ігнаруюць мандат ААН ці глабальныя інтарэсы. Таму ёсць спробы памяняць гэтую практыку.


Некалькі гадоў таму Генеральная асамблея ААН прыняла правіла Ліхтэнштэйну, маленькай краіны, якая дамаглася таго, што пасля кожнага выкарыстання права вета, краіна, якая яго ўжыла, мусіць прыйсці ў Генасамблею і адсправаздачыцца аб прычынах выкарыстання права», – кажа Валер Кавалеўскі.


Гэта, вядома, не спыняе практыкі, але робіць матывы краінаў больш празрыстымі.


Рэформы будуць ісці марудна праз такія краіны, як Расея і Беларусь

Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў на сустрэчы ў ААН 27 верасня 2024 года. Фота: @BelarusMID / X
Міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў на сустрэчы ў ААН 27 верасня 2024 года. Фота: @BelarusMID / X

Пакуль хтосьці выступае за перамены, пакт аб будучыні не падпісалі, напрыклад, Расея і Беларусь. На думку Кавалеўскага, не задаволіў гэтыя краіны не змест пакту, а тое, чаго ў ім не было.


«Была спроба Расеі ўнесці ў апошнюю хвіліну папраўку пра тое, што краіны не будуць умешвацца ва ўнутраныя справы іншых краінаў. Гэта даволі звычайная норма, якую любяць выкарыстоўваць Расея, Беларусь ды іншыя аўтарытарныя краіны.


Гэты палітычны артыкул фактычна мог бы дэзавуяваць шмат якія нормы, што закладаюцца ў пакт. Адметна, што іншыя краіны не прынялі гэтага рашэння і менавіта Глабальны поўдзень адмовіўся ад таго, каб падтрымаць гэтую прапанову Расеі – яна засталася ў значнай меншасці. Для Расеі гэта няёмкі момант. Ёсць такое правіла: калі ты не ўпэўнены, што набярэш галасы, нават не вынось сваю прапанову. Яны пайшлі ва-банк і прамахнуліся. І гэта адаб’ецца на іх рэпутацыі ў вачах Глабальнага поўдня, на які так любяць спасылацца Лукашэнка і Пуцін, нібы гэта тая глабальная большасць, якая падтрымлівае іх у вайне супраць Украіны», – адзначае Валер Кавалеўскі.


Усё ж пакт падпісаны, але гэта дакумент дэкларатыўны і неабавязковы да выканання.

,,

«Праз тое, што яго мусілі б абавязкова выканаць, мог бы быць не прыняты дакумент. Пакт стаўся магчымым менавіта таму, што дзяржавы прыйшлі да нейкіх паказнікаў, прымальных для ўсіх», – кажа Кавалеўскі.


Ці магчыма ў такім выпадку здзейсніць рэформы, якія ўвогуле прапануе ААН?

Габрыэлюс Ландсбергіс. Фота: ELTA
«Гэтым разам мы не паддамося ілюзіям». Кіраўнік МЗС Літвы – пра адмену санкцыяў супраць Беларусі навіны

«Думаю, крытыка будзе захоўвацца і рэформа Рады бяспекі ААН будзе працягвацца яшчэ не адзін год. Каб гэтага дасягнуць, трэба канфліктныя сітуацыі – гэта і вайна ва Украіне, і Блізкі Усход, і грамадзянская вайна ў Судане, і іншыя – залагодзіць. Гэта створыць атмасферу, што дазволіць прыняць гэтае рашэнне. На сёння ўзровень недаверу ўзаемнага і нежадання ісці насустрач вельмі высокія», – кажа Кавалеўскі.


У тым ліку непадпісанне пакту Расеяй ёсць індыкатарам вельмі таксічнай атмасферы. Гэта адзін з прадказальнікаў таго, што рэфармаванне будзе ісці павольна, мяркуе суразмоўца.


Ці будуць наступствы для Беларусі за непадпісанне пакту?


«Ніякіх наступстваў я не чакаю. Гэта проста паказнік таго, што краіны, якія яго не падпісалі, застаюцца ў іншым ментальны стане. Кіраўніцтва гэтых краін не ў стане перайсці да мыслення, якое азначае, што мы павінны супольна развязваць нашыя праблемы.


Гэта паказвае, што выконвацца дакумент будзе не вельмі сумленна і эфектыўна. Магчыма, яго будуць і крытыкаваць, нібы гэты дакумент адкрывае браму, каб умешвацца ва ўнутраныя справы, парушаць суверэнітэт Рэспублікі Беларусь. Гэта, натуральна, абсалютны абсурд. Бо гэты дакумент датычыць інтарэсаў усіх. І толькі ў Беларусі і Расеі баліць за тое, што хтосьці звяртае ўвагу на ўнутраную сітуацыю. Гэта адзін з паказнікаў аўтарытарызму – неўспрыманне крытыкі, непрыманне меркавання звонку. І ў гэтым сэнсе аўтарытарныя сістэмы вельмі блізкія адна да адной», – падводзіць рысу Кавалеўскі.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10