Міністр замежных справаў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў на Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку, што пакуль у Беларусі не зменіцца сітуацыя з правамі чалавека, не можа быць гаворкі пра адмену санкцыяў.
«Беларусь усё больш становіцца падобнай да турмы, і пакуль там не пачнуцца рэальныя перамены, ні пра якое змякчэнне санкцыяў не можа быць гаворкі», - цытуе Ландсбергіса Delfi.
На думку літоўскага міністра, некалькі апошніх хваляў вызвалення палітвязняў – гэта спроба Лукашэнкі стварыць ілюзію супрацы з Захадам, што не адлюстроўвае рэальнае становішча ў краіне.
,,«Кожны раз, калі ў Беларусі набліжаюцца выбары, рэжым Лукашэнкі робіць хлуслівыя крокі і вызваляе некалькіх палітвязняў, каб стварыць ілюзію супрацы з Захадам. Спадзяюся, гэтым разам мы не памылімся і не паддамося ілюзіям, бо ў беларускіх турмах знаходзяцца сотнкі людзей, якія сталі закладнікамі рэжыму Лукашэнкі, якіх дыктатар у чарговы раз будзе спрабаваць абмяняць на паслабленне санкцыяў і адмену ізаляцыі», - сказаў кіраўнік МЗС.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская прадставіла падчас Асамблеі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і заклікала краіны працягваць палітыку непрызнання Лукашэнкі і ягонага рэжыму і браць у гэтым прыклад з Літвы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu