Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская праводзіць мноства сустрэчаў на Генеральнай асамблеі Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. Там ёсць і дэлегацыя афіцыйнага Менску, але ейнай актыўнасці не відаць. У чым справа – і чаго хочуць дамагчыся прадстаўнікі «той і гэтай Беларусі»?
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 22 верасня распачала афіцыйны візіт у Злучаныя Штаты Амерыкі. Галоўнаю мэтаю паездкі дзяячка назвала ўдзел у Генеральнай асамблеі ААН. Ейны старэйшы дарадца Франак Вячорка расказаў «Белсату» пра сустрэчы і выступы, якія адбываюцца ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку:
,,«Тут збіраюцца тыя людзі з усяго свету, якія прымаюць рашэнні. І таму голас Ціханоўскай мае вялікае-вялікае значэнне, бо яна прадстаўляе тую альтэрнатыўную Беларусь, за якую мы змагаемся».
«Трэба разумець, што людзі, якія збіраюцца на Генасамблею, у прынцыпе не маюць паняцця пра Беларусь, – тлумачыць Вячорка. – Ведаюць міністры замежных справаў, кіраўнікі дзяржаваў – тыя, хто з намі працуе кожны дзень. Але шырокая аўдыторыя ўжо забыла 2020 год.
Галоўная задача: падтрымаць Беларусь на павестцы, вярнуць яе, патлумачыць, што адбываецца. Што Беларусь – гэта не толькі суагрэсар, якім зараз выглядае праз Лукашэнку. Што Беларусь – гэта людзі, якія патрабуюць падтрымкі. Іх трэба ўключаць у еўрапейскую культурную, грамадскую, палітычную прастору».
Ціханоўская ўжо выступіла на шэрагу падзеяў, у тым ліку на Форуме пра глабальную будучыню Атлантычнай рады; паразмаўляла пра падтрымку змагання з дыктатурамі разам з расейскай апазіцыйнай лідаркай Юліяй Навальнай на сустрэчы «Clinton Global Initiative», дзе ўдзельнічала амаль тысяча палітычных, грамадскіх і бізнесовых лідараў; выступіла на непублічным «Concordia Summit» палітычных і бізнесовых лідараў. Таксма Ціханоўская правяла брыфінг для дыпламатаў у дэлегацыі Еўразвязу, сустрэчу з праваабаронцамі з усяго свету. Удалося сустрэцца з прадстаўнікамі краінаў, з якімі раней не кантактавалі: з Афрыкі, Азіі і Паўднёвай Амерыкі, якія да гэтага моманту падтрымлівалі адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам.
Таксама Ціханоўская праводзіць двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаваў і міністрамі замежных справаў, мае магчымасць каротка абмеркаваць тэрміновыя рэчы. Гэтыя рэчы такія:
• Галоўныя пытанні – праблемы палітвязняў і шляхі іхнага вызвалення, кажа Вячорка. Шмат размоваў непублічныя, бо тэма чуйная.
• Другая важная тэма – вайна ва Украіне і мірныя перамовы, бо беларускім дэмакратычным сілам важна, каб замежныя лідары падымалі беларускае пытанне ў патэнцыйных перамовах і забяспечылі інтарэсы беларусаў. Беларусь, падкрэслівае Вячорка не павінна застацца ў расейскай сферы ўплыву, з расейскімі войскамі і расейскай ядравай зброяй.
• Яшчэ адна важная тэма – паслядоўная стратэгія па Беларусі. Лукашэнка, спрабуе «замарозіць сітуацыю» з рэпрэсіямі і тысячамі палітвязняў. Як кажа Вячорка, Лукашэнка «закідвае мэсэджы» Захаду: «Прыміце мяне такім, як ёсць, палюбіце мяне дыктатарам». Дэмакратычным сілам трэба настойваць на паслядоўнасці і прынцыповасці, патрабаваць вызвалення ўсіх палітвязняў, патрабаваць дэмакратычнага транзіту.
Стэлс-дэлегацыя лукашэнкаўскай Беларусі
Прэс-служба Ціханоўскай падрабязна расказвае пра гэты візіт. На Генасамблеі ААН прысутнічае і дэлегацыя рэжыму Лукашэнкі, але ў дзяржаўных медыях пра гэта расказваюць даволі сціпла. Арганізацыя «BELPOL» раней паведамляла, што на Генасамблею ААН 24 верасня мае прыехаць міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў і што асноўнымі тэмамі для яго будуць міграцыйны крызіс, абмежаванні руху праз мяжу і негатыўны ўплыў санкцыяў на эканоміку Беларусі. І дзе ён?
Прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык адзначае, што Генасамблея ААН – добрае месца для кулуарных сустрэчаў, але прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі «нерукапаціснутыя». Паводле звестак «BELPOL», дэлегацыя афіцыйнага Менску паспрабуе правесці закрытую сустрэчу з Генеральным сакратаром ААН, але дамагчыся гэтага будзе вельмі складана. Купрэйчык дадае: рэжым Лукашэнкі спрабуе зрабіць усё, каб міжнародная супольнасць «перагарнула старонку» і пачала прызнаваць Лукашэнку прэзідэнтам. Але пры цяперашнім узроўні рэпрэсіяў і беззаконня гэта проста немагчыма. Таму рэжым Лукашэнкі спрабуе пераканаць: «мы гуманныя», «мы добрыя», «мы людзей адпускаем з турмаў» – і даць сігнал аб гатовасці да перамоваў.
Вячорка не ведае, у чым справа: калі раней у Нью-Ёрк прыязджаў цяпер пакойны міністр замежных справаў Уладзімір Макей, дык кожную ягоную сустрэчу падрабязна асвятлялі, выхваляліся кожным выступам. Рыжанкова яшчэ не бачылі ў Нью-Ёрку – можа, яшчэ не прыбыў. Але Вячорка дапускае, што пахваліцца цяпер няма чым: той узровень кантактаў, які цяпер мае дэлегацыя ад Лукашэнкі, недастатковы, а выступы выглядаюць слаба, бо паўтараюць расейскія наратывы і зусім не абараняюць інтарэсаў Беларусі. Нават у галасаванні за рэформу ААН, адзначае Вячорка, афіцыйная дэлегацыя Беларусі выступіла супраць разам з дзяржавамі-выгнанцамі – маўляў, «вялікая ганьба і сорам, што ад імя Беларусі так галасуюць».
Дарадца Ціханоўскай дадае, што прадстаўнікі дэмакратычных сілаў раней спрабавалі размаўляць з лукашэнкаўскай дэлегацыяй, але тая закрытая, неахвотная да размоваў. Магчыма, яны мелі інструкцыі з Менску не весці дыялогу з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў. Калі і зараз не атрымаецца, «будзем весці дыялог праз пасярэднікаў», рэзюмаваў Вячорка.
Каардынатар праекту «Наша візія» Вадзім Мажэйка кажа «Белсатую, што для афіцыйнага Менску ўдзел у чым заўгодна на заходніх пляцоўках важны, бо трэба выходзіць з дыпламатычнай ізаляцыі. Але перахопліваць ініцыятыву проста не атрымліваецца: на Генасамблеі ААН і іншых міжнародных пляцоўках толькі часцей гучаць галасы дэмакратычнай Беларусі. На фоне грунтоўных і змястоўных выступаў прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі прадстаўнікі афіцыйнага Менску, лічыць ён, гучаць то сумна, то смешна: «палітвязняў няма», «Лукашэнка правы, мудры і малайчына».
,,«Памяшканні і трыбуны ААН бачылі шмат спробаў розных рэжымаў сябе адбельваць. Тут беларускі рэжым не новы, нікога гэтым не ўразіш», – тлумачыць Мажэйка.
Прапаганда, дадае ён, аказалася ў непрыемнай сітуацыі: калі проста пераказваць даклады афіцыйных чыноўнікаў, дык прапагандзе будзе цяжка патлумачыць, чаму выглядае, што яны ўвесь час з кімсьці спрачаюцца. Але хто выказвае іншыя думкі, якія гэтыя думкі? Асвятляць гэта прапаганда не будзе.
Ці можа ААН можа даць практычныя вынікі?
Арганізацыю аб’яднаных нацыяў нярэдка крытыкуюць як бюракратычную і непаваротлівую структуру. Ці можна ад візіту на Генасамблею ААН чакаць практычных вынікаў у аглядальнай будучыні? Вячорка прызнае: ААН – «павольная гіганцкая машына», але калі гэтая машына прымае нейкія рашэнні, яны моцныя.
І ААН складаецца з шэрагу інстытуцыяў, якія могуць быць карыснымі Беларусі ўжо сёння, кажа Вячорка. Гэта Рада бяспекі ААН, дзе Ціханоўская прапанавала правесці нефармальныя слуханні па Беларусі ў «фармаце Арыі». Гэта Міжнародная арганізацыя працы (дзе тэма Беларусі рэгулярна гучыць, дзякуючы беларускім праваабаронцам і прафсаюзам. Гэта UNESCO, якая можа дапамагчы захаваць беларускую ідэнтычнасць. Гэта Міжнароднае агенцтва па міграцыі і ўцекачах, якое можа даць комлекснае рашэнне праблемаў сотняў тысяч беларусаў, якія пакінулі радзіму пасля 2020 года. Гэта Рада па правах чалавека, дзе абмяркоўваюць парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і збіраюць доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі…
«Працаваць у ААН складана, гэта вялікая праца, але мы ў прынцыпе ўжо збудавалі з грамадзянскай супольнасцю і нашымі праваабаронцамі прысутнасць у асноўных інстытуцыях ААН, – расказвае Вячорка. – І цяпер самае важнае – гэтую прысутнасць, гэтыя кантакты ператварыць у дзеянні. Мы не чакаем вынікаў сёння-заўтра. Яно будзе мець адтэрмінаваны, але важны эфект».
Мажэйка прыводзіць прыклад: на найвялікшай і прыярытэтнай сустрэчы па тэме палітвязняў прагучалі заклікі да таго, каб структуры і супрацоўнікі ААН, якія дагэтуль ёсць у Беларусі і працуюць з афіцыйным Менскам, не заплюшчвалі вочы на праблему палітвязняў, а займаліся ёй, змагаліся за магчымасць атрымаць доступ да палітвязняў. Няма чароўнага дзеяння, якое б хутка зрушыла пытанне палітвязняў у Беларусі, але ААН можа нешта рабіць «на зямлі» ў Беларусі
Сусветныя лідары нездарма выдаткоўваюць свой час на ААН, канстатуе Мажэйка. Гэта сапраўды найважнейшая частка працы палітыкаў. Беларусы, адзначае ён, ужо маглі звыкнуць да таго, што дэмакратычныя сілы прадстаўленыя і на Генасамблеі ААН, і на самітах «Вялікай сямёркі», і на іншых сустрэчах на найвышэйшым узроўні. Але такая прадстаўленасць атрымліваецца не ва ўсіх краінаў, а тым больш далёка не ва ўсіх недзяржаўных дэлегацыяў.
Уладзіслаў Корсак, Алесь Наваборскі belsat.eu