Вайна

Курская вобласць як частка маштабнага плану на мір. Як Украіны хоча выкарыстаць занятыя тэрыторыі РФ

Фота: Chubotin Kirill/Ukrinform/ABACA / Abaca Press / Forum
Фота: Chubotin Kirill/Ukrinform/ABACA / Abaca Press / Forum
podpis źródła zdjęcia

Ужо больш як тры тыдні, з 6 жніўня, украінскія войскі ўтрымліваюць пад сваім кантролем частку тэрыторыі Расеі. І выбіць іх адтуль не атрымліваецца. Наадварот становішча расейскіх войскаў там, падобна, пагаршаецца, хоць і не так хутка, як было напачатку. Улады ж Украіны ўжо ўключылі ўзятыя пад свой кантроль тэрыторыі на Куршчыне ў свой план развязання канфлікту, з якім збіраюцца азнаёміць дзейныя і будучыя ўлады ЗША.

Галоўнакамандуючы Збройных Сілаў Украіны Аляксандр Сырскі расказаў 27 жніўня, што ЗСУ ўзялі ў Курскай вобласці пад кантроль 1294 квадратных кіламетраў тэрыторыі разам са 100 населенымі пунктамі. Паводле яго, у палон былі ўзятыя 594 вайскоўцы Расеі.

Сырскі адзначыў, што аперацыя на Курскім кірунку была арганізаваная для таго, каб адцягнуць расейскія сілы ад іншых кірункаў — у першую чаргу з Пакроўскага ў Данецкай вобласці, дзе сітуацыя для Украіны найбольш цяжкая. Ён падкрэсліў, што гэты план працуе, бо ўжо блізу 30 тысяч вайскоўцаў былі перакінутыя на Курскі кірунак, «і гэтая лічба ўзрастае».

Сырскі сказаў, што Украіна працягвае прасоўвацца наперад і стварае адчувальныя страты Расеі ў жывой сіле і тэхніцы. Таксама гарантуецца бяспека ўкраінскага памежжа:


,,

«Кожны дзень Расейская Федэрацыя з Курскай вобласці абстрэльвала нашы памежныя вёскі, мы мелі страты сярод мірнага насельніцтва, разбураныя дзясяткі нашых населеных пунктаў. Акрамя таго, праціўнік засяроджваў на гэтым кірунку значную колькасць сваіх войскаў і планаваў правядзенне наступальнай аперацыі на гэтым кірунку».


Аднак Сырскі прызнаў, што РФ надалей асноўныя намаганні Расея прыкладае ў Данецкай вобласці, каб выйсці на яе адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласці.

«Мы разумелі, што ў іх планах могуць быць Сумшчына, Чарнігаўшчына. Курская аперацыя вырашыла пытанне аб неакупацыі Сумшчыны і неакупацыі Чарнігаўшчыны. Акрамя таго, яна разграміла вялікую колькасць войскаў, сур’ёзную групоўку», — сказаў у сваю чаргу прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, аперацыя ў Курскай вобласці спыніла акупацыю Харкаўскай вобласці, сарвала намеры Расеі стварыць там і ў іншых памежных раёнах Украіны буферныя зоны.

У сваім штодзённым звароце 28 жніўня Зяленскі адзначыў, што ЗСУ працягваюць павялічваць падкантрольныя тэрыторыі «ў асобных раёнах ля мяжы Украіны». Таксама, паводле яго, працягваецца «папаўненне нашага абменнага фонду». «Гэта тое, што дапаможа вярнуць дадому шмат нашых людзей з расейскага палону. Мы таксама павінны цяпер разумець, што ўся напружанасць, якую мы перанеслі ў Расею, азначае, што яны не могуць накіраваць яшчэ большы ціск на нашу Данеччыну», — заявіў палітык.

Кацёл на Куршчыне варыцца


Мінабароны Расеі 29 жніўня паведамляла пра баі з ЗСУ ў кірунку населеных пунктаў Коранева, Чаркаскае Парэчнае, Боркі, Крамяное, Спальнае, Мартынаўка і Чаркаская Канапелька. А расейскі ваенкар Юрый Падаляка напярэдадні адзначаў, што праціўнік «працягвае спрабаваць абыходзіць Коранева і прабівацца да трасы Рыльск-Курск», захапіў Аляксандраўку.

Фота: Chubotin Kirill/Ukrinform/ABACA / Abaca Press / Forum
Фота: Chubotin Kirill/Ukrinform/ABACA / Abaca Press / Forum

Паводле звестак эксперта нямецкага BILD Юльяна Рэпке, на поўдзень ад Коранева ЗСУ днямі занялі сяло Краснаакцябрскае на беразе ракі Сойм.

,,

«Такім чынам і без узяцця Коранева яны цалкам закрылі ўсходнюю мяжу катла, у якім апынуліся каля 3000 расейскіх жаўнераў. З поўдня і захаду ён заблакаваны дзяржмяжой, з поўначы — ракой Сейм», — адзначае выданне.


Пра тое, што ў Курскай вобласці, не ўсё добра для расейскіх уладаў, сведчаць іх уласныя дзеянні. Гэтак, кіраўнік рэгіёну Аляксей Смірноў вырашыў абмежаваць уезд у Курчатаў, дзе знаходзіцца Курская АЭС, і паставіць там блокпасты, бо «ЗСУ не пакідаюць спроб пракрасціся ў горад». У сваю чаргу праваенны блог «Romanov Лайт» паведамляе пра перакрыццё для грамадскага транспарту трасы Курск — Рыльск. А мэр Льгова Аляксей Клемешаў адзначыў, што ў выніку ўкраінскай атакі ў горадзе была пашкоджаная чыгунка.

,,

«Усім, хто пакінуў горад, не рэкамендую вяртацца да канчатковай стабілізацыі абстаноўкі», — заявіў ён і расказаў, як лепш пакінуць горад.


Напружаная сітуацыя і ў памежных рэгіёнаў Белгародскай вобласці РФ. 28 жніўня губернатар рэгіёну Вячаслаў Гладкоў паведаміў пра новыя адселеныя вёскі, агульная колькасць цяпер набліжаецца да двух дзясяткаў. Паводле яго, «у сувязі з напружанай аператыўнай абстаноўкай» вырашана адсяліць жыхароў сёлаў Пораз і Дронаўка Грайваронскай акругі, вёскі Стары Хутар і хутары Паўлаўка Валуйскай гарадской акругі, а таксама закрыць уезд у сяло Вязавае Краснаяружскага раёну. Акрамя таго, у 20-кіламетровай зоне ўсе школы будуць працаваць у дыстанцыйным фармаце. Напярэдадні ўкраінскі журналіст Андрэй Цапліенка пацвердзіў рэйд ЗСУ ў гэты рэгіён.

Расея не мае сілаў абараняць Курск


У каментары «Белсату» Дмытро Грамакоў, украінскі сацыёлаг, эксперт у камунікацыях Міжнароднага цэнтру супрацьдзеяння расейскай агрэсіі, падкрэсліў, што курская аперацыя ЗСУ ўжо змяніла галоўныя наратывы гэтай вайны і «саму рыторыку перамоўнага працэсу».


,,

«Калі раней [Уладзімір] Пуцін быў за прывязку да сітуацыі на месцы, то цяпер гэтая прывязка будзе азначаць, што Украіне адыдуць тэрыторыі Курскай і Белгародскай вобласцяў, дзе будуць знаходзіцца ўкраінскія войскі», — сказаў ён.


Паводле эксперта, таксама ў выніку гэтай аперацыі былі перакінутыя на Куршчыну некаторыя расейскія падраздзяленні з поўдня і ўсходу Украіны, што дазволіла трохі зменшыць іх націск там. Больш за тое, аперацыя засведчыла, што ніякіх чырвоных лініяў, пра якія казалі ўлады РФ, не існуе.

«Гэта паказвае, што Пуцін не гатовы ні да нейкай ядравай напружанасці і да павелічэння ставак, ані мае здольнасць адстойваць сваю тэрыторыю. То бок, усе расейскія ключавыя рэсурсы задзейнічаныя на Данбасе ў вайне з Украінай. Гэта значыць, ён не тая сіла, на якую дагэтуль раўняўся ўвесь свет», — сказаў Грамакоў.

Фота: Chubotin Kirill/Ukrinform/ABACA / Abaca Press / Forum
Фота: Chubotin Kirill/Ukrinform/ABACA / Abaca Press / Forum

Трывожнасць расейцаў расце

Намеснік кіраўніка ЦРУ
Дэйвід Коэн на канферэнцыі ў пытаннях разведкі і нацыянальнай бяспекі заявіў, што Пуцін абавязкова пачне контрнаступленне ў Курскай вобласці і паспрабуе вярнуць страчаныя землі. У адваротным выпадку, на яго думку, Крамлю давядзецца мець справу з негатыўнымі наступствамі ў грамадстве.

Аднак пакуль рэакцыя жыхароў Расеі на беспрэцэдэнтную аперацыю ЗСУ ў памежных рэгіёнах РФ з’яўляецца «цікавай»,
заявіла расейскі палітолаг Кацярына Шульман. Паводле яе, з аднаго боку афіцыйныя спікеры, якія «пагражалі ядравым ударам з любой нагоды», «на здзіўленне паводзяць сябе сціпла і прыглушана». Больш за тое, яны заўяляюць, што «хуткіх перамог чакаць не трэба», а небяспека можа пагражаць і іншым рэгіёнам, напрыклад, Бранскай вобласці.

На гэтым тле расейскі ВЦИОМ (Усерасейскі цэнтр вывучэння грамадскай думкі) сапраўды паказаў зніжэнне ўзроўню ўхвалення дзейнасці Уладзіміра Пуціна, але толькі ў межах статыстычнай хібнасці — з 76 да 73 %. Пры гэтым зацікаўленасць расейцаў навінамі застаецца нізкай.

Сапраўдны рост, паводле Шульман, паказаў рэйтынг ФОМ (Фонду «Грамадская думка») адносна трывожнасці, пра якую заявілі 46 % апытаных. Але гэта ўсё адно менш за першую атаку беспілотнікаў на Маскву ў траўні 2023 года (53 %), пачатак вайны (55 %) і мабілізацыі (70 %).

Агулам, падкрэсліла палітолаг, сярод расейцаў гэтым летам «сфармавалася дзіўная, не хочацца зваць яе шызафрэнічнай, але ўнутрана супярэчлівая карціна». Заключаецца яна ў тым, што ўхваленне вайны знаходзіцца на адным з найбольш высокіх узроўняў, але адначасова тамсама знаходзіцца згода на перамовы.


,,

«Гэта значыць, людзі кажуць наступнае. Усё ідзе выдатна, мы правільна зрабілі, што мы гэта пачалі, нам усё жудасна падабаецца, гэта трэба неадкладна заканчваць», — сказала Шульман.


На яе думку, гэта адлюстроўвае агульную сітуацыю ў Расеі праз 2,5 года вайны, калі расце колькасць забітых, павялічваецца інфляцыя, а перспектывы вайны ўсё больш незразумелыя. Пры гэтым рост трывожнасці Шульман звязвае не столькі з падзеямі ў Курскай вобласці, колькі са страхам новай мабілізацыі:

«Людзі баяцца, што калі такая пайшла бяда, дык будзе мабілізацыя. Мабілізацыя — галоўны грамадскі страх. Ні ў якое параўнанне ні з якімі іншымі асцярогамі, чаго б там ні было, ён не ідзе. Я думаю, што сістэма гэта ведае».

Зяленскі мае план

Прэзідэнт Украіны Зяленскі назваў аперацыю ў Курскай вобласці адным з пунктаў плана перамогі Украіны ў вайне. Ён плануе прадставіць гэты план прэзідэнту ЗША Джозэфу Байдэну ў верасні. Таксама ён мае намер азнаёміць з ім абодвух кандыдатаў на пасаду прэзідэнта ЗША — Камалу Гэрыс і Доналда Трампа, каб ён рэалізоўваўся незалежна ад выніку выбараў у ЗША.

На думку ўкраінскага эксперта Грамакова, у гэтым плане павінна быць вызваленне ўсіх украінскіх тэрыторыяў у абмен на вызваленне занятых ЗСУ расейскіх рэгіёнаў. Таксама план мае прадугледжваць стварэнне буфернай зоны ў памежжы, але каб яна праходзіла не па тэрыторыі Украіны, а па тэрыторыі Расеі.

,,

«Гэты план будзе прадугледжваць, што калі Расея не пагодзіцца на мірны адыход з украінскіх тэрыторыяў, то Злучаныя Штаты могуць падвысіць нам і ваенную дапамогу, і надаваць такіх сістэмаў узбраення, каб выносіць лагістыку і базы, склады на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі», — мяркуе эксперт.


На яго думку, прызнаючы права Украіны на абарону, ЗША маюць прызнаваць таксама формы і метады гэтай абароны, якія вызначаюцца ў Кіеве, а не дыктуюцца Вашынгтонам.

Макар Мыш
belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10