Неўзабаве прадстаўнікі адміністрацыі Трампа маюць сустрэцца ў Саудаўскай Аравіі з украінскай, а мо і з расейскай дэлегацыяй. Што Злучаныя Штаты прапануюць Украіне і чаго будуць патрабаваць? «Белсат» пераказвае, што пішуць пра гэта заходнія медыі са спасылкамі на ўласныя крыніцы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі плануе візіт у Саудаўскую Аравію: ужо 11 сакавіка маюць распачацца перамовы з прадстаўнікамі адміністрацыі Доналда Трампа. З украінскага боку на перамовы выпраўляюцца таксама кіраўнік Офісу прэзідэнта Андрэй Ярмак і ягоны намеснік Паўло Паліса, міністры абароны Рустэм Умераў і міністр замежных справаў Андрэй Сыбіга. Паводле звестак карэспандэнткі «Fox News», з амерыканскага боку маюць быць дзяржаўны сакратар ЗША Маркаў Руб’ёў, адмысловы пасланец прэзідэнта ЗША Трампа на Блізкім Усходзе Стыў Ўіткаф і дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Майк Ўолц.
Як сцвярджае крыніца «CNN», на гэтым тыдні амерыканская дэлегацыя ў Саудаўскай Аравіі сапраўды сустрэнецца таксама з расейскай дэлегацыяй. Пра гэта раней казаў сам Трамп: «Вялікія сустрэчы набліжаюцца, як вы ведаеце, у Саудаўскай Аравіі. Гэта будзе ўключаць Расею, але і Украіну. Пабачым, ці ў нас атрымаецца нешта зрабіць». У Міністэрстве замежных справаў Расеі заяўляюць, што на бягучым тыдні не плануюць сустракацца з амерыканцамі, «ніякай такой інфармацыі ад амерыканскага боку не паступала».
Трамп казаў: «Мы не будзем працягваць змагацца! Ён скончыць гэтую вайну альбо мы пакінем іх і паглядзім, чым гэта скончыцца, хай змагаюцца». Руб’ёў у размове з Сыбігам 7 сакавіка паўтарыў: Трамп «рашуча настроены на найхутчэйшае завяршэнне вайны». Як менавіта Украіна мусіць спыніць вайну, якую развязала Расея, невядома: на афіцыйным узроўні чыноўнікі не раскрываюць планаў і прапановаў. Але шэраг выданняў са спасылкамі на ананімныя крыніцы ў Кіеве і Вашынгтоне апісвае магчымыя патрабаванні ЗША і прапановы Украіны.
Украіна прапануе частковае прыпыненне агню?
Паводле звестак «The Financial Times», Кіеў хоча прапанаваць на сустрэчы ў Саудаўскай Аравіі толькі частковае прыпыненне агню: спыненне далёкабойных удараў і баявых дзеянняў у Чорным моры. Прагрэс у перамовах разглядаюць у фармаце «паслуга за паслугу»: такім чынам Украіна будзе спрабаваць скасаваць рашэнне Трампа пра прыпыненне вайсковай дапамогі Украіне і спыненне абмену звесткамі выведкі.
Трамп 9 сакавіка казаў, што ЗША «амаль скончылі» спыненне перадачы звестак выведкі Украіне, перадае «Reuters». Ды з аднаго боку ён кажа, што чакае «шмат прагрэсу» ад перамоваў у Саудаўскай Аравіі, у тым ліку падпісання ўгоды па карысных выкапнях, а з другога боку заяўляе, што Украіна «не паказала ў дастатковай ступені, што хоча міру».
ЗША хочуць ад Украіны тэрытарыяльных саступак Расеі?
Крыніцы «Reuters» сцвярджаюць, што ЗША хочуць скарыстацца сустрэчай у Саудаўскай Аравіі, каб зразумець, ці гатовая Украіна пайсці на тэрытарыяльныя саступкі. У якасці «праявы жадання міру», пра якую кажа Трамп, у Штатах бачаць гатовасць ісці на кампрамісы і «рэалістычны мір». А гэта не межы 1991, 2014 ці 2022 года, сцвярджае крыніца выдання.
Зяленскі на такое прынамсі раней не быў гатовы: ён казаў «The Telegraph», што любое мірнае пагадненне, якое ўключае тэрытарыяльныя саступкі «не будзе мірам, гэта будзе вымушаная капітуляцыя». У гэтым пазіцыі Украіны зусім не супадаюць з расейскімі: Крэмль паслядоўна патрабуе захавання кантролю над захопленымі і нават не захолпенымі, але фармальна анексаванымі землямі.
Адных толькі выкапняў Трампу не хопіць – ён хоча сыходу Зяленскага?
Публічная сварка Трампа з Зяленскім адбылася перад планаваным падпісаннем угоды аб доступе Злучаных Штатаў да карысных выкапняў ва Украіне, у прыватнасці да рэдказямельных металаў. Зяленскага абурыла, што Штаты казалі пра спыненне вайны шляхам дыпламатыі, але без гарантыяў бяспекі для Украіны. Што прадбачыла тая ўгода і што ЗША абяцалі Украіне ў абмен на рэдказямельныя металы, невядома.
Але чыноўнікі адміністрацыі Трампа кажуць «NBC News», што падпісанне ўгоды па выкапнях не будзе дастатковым для Трампа, каб аднавіць вайсковую дапамогу і абмен звесткамі выведкі. Трамп, паводле ананімных чыноўнікаў, хоча пабачыць гатовасць Украіны на тэрытарыяльныя саступкі, а таксама «нейкага руху» Зяленскага да правядзення выбараў ва Украіне і сыходу з пасады. Зяленскі ж раней адказваў, што гатовы сысці, калі Украіна станецца часткаю NATO.
Насуперак заявам Трампа і ягонага атачэння, рэйтынг Зяленскага даволі высокі – і яшчэ больш вырас пасля сваркі з Трампам. Паводле «Politico», чальцы каманды Трампа праводзілі нават сакрэтныя перамовы з украінскай апазіцыяй. І экс-прэм’ерка Юлія Цімашэнка, і экс-прэзідэнт Пятро Парашэнка не адмаўлялі, што вялі размовы з амерыканцамі, але падкрэслівалі, што выступаюць супраць выбараў падчас вайны і хочуць справядлівага міру для Украіны.
Трампу абыякавы лёс Украіны, Расея важней?
На тэлеканале «Fox News» Трампа пыталі, ці яго камфортна яму ад таго, што Украіна можа не выжыць без амерыканскай дапамогі.
,,«Ну, яна можа не выжыць у любым выпадку, – адказаў Трамп пра лёс Украіны. – Але ведаеце, у нас ёсць некаторыя слабыя бакі з Расеяй. Ведаеце, трэба двое. Не павінна было быць гэтай вайны. І яна адбылася. Так што цяпер мы захраслі ў гэтым беспарадку».
Трамп заявіў, што Зяленскі «забіраў грошы» ў мінулага прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, «як цукеркі ў дзіцяці», і застаўся за тыя грошы «няўдзячны». Пуцін жа ў рыторыцы Трампа застаецца добрым чалавекам, які з Украінай «зрабіў тое, што зрабіў бы любы іншы на ягоным месцы». Нядаўна Трамп казаў, што ў свой мінулы тэрмін далёка прасунуўся ў перамовах з Крамлём аб ядравым раззбраенні, «нягледзячы на ўсе гэтыя глупствы пра Расею-Расею-Расею» і «містыфікацыі кепскіх людзей».
Раней Трамп заяўляў, што «сур’ёзна разглядае» новыя маштабныя санкцыі і мыты супраць Расеі, бо Расея «абсалютна топча Украіну на полі бою». Разам з тым, ён казаў, што давярае Пуціну, а з Украінай яму «цяжка дамаўляцца». Рэспубліканскі сенатар Ліндзі Грэям анансаваў 9 сакавіка законапраект аб новых санкцыях супраць Расеі ў банкаўскім і энергетычным сектарах. Але былы дарадца Трампа Джон Болтан назваў гэта пустымі пагрозамі: супраць Расеі ўвялі ўжо ўсе магчымыя банкаўскія санкцыі, Расея паспяхова абыходзіць фінансавыя санкцыі, а гандаль між ЗША і Расеяй мізэрны.
Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў лічыць, што ЗША і Расея знаходзяцца «ў пачатковай стадыі шляху па рэстаўрацыі нашых двухбаковых стасункаў». Па звестках «Reuters», ЗША ўжо разважаюць, як найхутчэй зняць з Расеі энергетычныя санкцыі ў выпадку сканчэння вайны.
А што Маск, не адключыць «Starlink»?
Кіраўнік Дэпартаменту ўрадавай эфектыўнасці ЗША, мільярдэр Ілан Маск лічыцца адным з найбольш уплывовых людзей у атачэнні Трампа, праціўнікі Трампа называюць Маска «сапраўдным прэзідэнтам». І хоць Маск не задзейнічаны ў перамовах наўпрост, ён частка выступае рэзка супраць дапамогі Украіне.
Маск вінаваціць Зяленскага ў вайне, верыць у «непазбежную паразу» Украіны і заклікае накласці санкцыі на ўкраінскіх алігархаў. Ён таксама заяўляе, што ЗША наогул мусяць выйсці з NATO, Але прынамсі абвяргае ранейшыя чуткі пра тое, што ЗША адключаць Украіне доступ да спадарожнікаў «Starlink».
Пасля таго, як міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі дапусціў, што «SpaceX» Маска пакажа сябе ненадзейным партнёрам і вымусіць шукаць іншых пастаўнікаў, Маск агрызнуўся, але запэўніў, што не адключа «Starlink». Яго падтрымаў Руб’ёў: заявіў, што Польшча павінна сказаць «дзякуй» за «Starlink» для Украіны, бо без гэтага «расейцы даўно былі б на мяжы з Польшчай».
Ды «Starlink» быў актываваны ва Украіне толькі 26 лютага 2022 года, а першыя тэрміналы прыйшлі ва Украіну толькі 28 лютага. То бок тады, калі план Расеі «ўзяць Кіеў за тры дні» ўжо праваліўся.
Алесь Наваборскі belsat.eu