навіны

Расея перакінула 30 тысяч вайскоўцаў у Курскую вобласць з-за аперацыі Украіны – кіраўнік УСУ

Аляксандр Сырскі
Аляксандр Сырскі. Фота: t.me/osirskiy
podpis źródła zdjęcia

Расея знізіла вайсковую актыўнасць на поўдні Украіны праз тое, што частку сіл давялося перакінуць на Курскі кірунак. Пра гэта распавёў галоўнакамандуючы Узброеных Сіл Украіны Аляксандр Сырскі.

Ён адзначыў, што аперацыя на Курскім кірунку была арганізаваная для таго, каб адцягнуць расейскія сілы ад іншых кірункаў – у першую чаргу з Пакроўскага ў Данецкай вобласці, дзе сітуацыя для Украіны найбольш цяжкая.


«Курская аперацыя адцягнула значную частку сіл ворага. На гэты момант блізу 30 тысяч вайскоўцаў ужо перакінутыя на Курскі кірунак. І гэтая лічба ўзрастае», – сказаў Сырскі.


Асноўныя намаганні Расея ўсё яшчэ прыкладае ў Данецкай вобласці.


«Яго мэта [суперніка. – Заўв.рэд. ] застаецца нязменнай – выйсці на адміністрацыйную мяжу Данецкай вобласці, выкарыстоўваючы перавагі ў паветры, ракетах і артылерыйскіх боепрыпасах», – працягнуў кіраўнік УСУ.


Гаворачы аб ужо атрыманых выніках Курскай аперацыі, Сырскі сказаў, што Украіна працягвае прасоўвацца наперад і стварае адчувальныя страты Расеі ў жывой сіле і тэхніцы.


«Я б хацеў вярнуцца да ўмоў гэтай аперацыі. Кожны дзень Расейская Федэрацыя з Курскай вобласці абстрэльвала нашы памежныя вёскі, мы мелі страты сярод мірнага насельніцтва, разбураныя дзясяткі нашых населеных пунктаў. Акрамя таго, праціўнік засяроджваў на гэтым кірунку значную колькасць сваіх войскаў і планаваў правядзенне наступальнай аперацыі на гэтым кірунку. <...>


На сёння намі ўзятыя пад кантроль 1294 квадратных кіламетраў тэрыторыі – 100 населеных пунктаў, якія размешчаны на гэтай тэрыторыі. Таксама дзякуючы намаганням нашых войскаў мы папоўнілі абменны фонд. На сёння на гэтым кірунку ў палон узята 594 вайскоўцы Расеі», – сказаў на заканчэнне Аляксандр Сырскі.


Арсен Рудэнка belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10