17 сакавіка выйшла першае выданне новай праграмы «Ваяры і валанцёры». Пра новы праект нашага каналу апавяла аўтарка Вольга Воранава ў інтэрв'ю «Белсату».
– Пра каго будзе апавядаць праграма, ці, лепш сказаць, цыкл рэпартажаў «Ваяры і валанцёры»?
– Праект «Ваяры і валанцёры» ўяўляе сабою цыкл рэпартажаў пра беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў, якія дапамагаюць Украіне.
Апавядаць пра людзей, якія дапамагаюць нашым байцам, – гэта добрая ідэя, за якую я вам вельмі ўдзячная.
Ведаеце, значная большасць заглыбляецца ў руціну ўласных праблемаў, далёка не ўсе гатовыя ахвяраваць сабою дзеля свабоды Украіны. Не, я не бяруся асуджаць беларусаў, якія не гатовыя дапамагаць ці ваяваць. Вядома, не. Я і сама не з акопаў адказваю на вашыя пытанні.
Але мяне захапляюць тыя нямногія, хто адважыўся на гэта. Актыўная дапамога ад беларусаў была з самага пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, яшчэ тады я рыхтавала рэпартаж пра добраахвотнікаў, якія з'язджалі на вайну, і пра валанцёраў, якія ім дапамагалі. У той час зʼязджаў ваяваць і мой блізкі сябар, ён прынёс мне свае рэчы і даў кантакты блізкіх, каб у выпадку ягонай гібелі я з імі звязалася. Было вельмі складана трымацца, было асэнсаванне, што вельмі высокая імавернасць таго, што я, магчыма, бачу гэтага чалавека апошні раз. І стрымацца я не здолела – расплакалася.
,,«Раней мы такое чыталі ў кнігах і бачылі ў старых фільмах… Ні да чаго не падобныя гэтыя адчуванні, хіба можна было параўнаць з тым, як зямля сыходзіць з-пад ног…»

Уласна, нічога моцна не змянілася ўва мяне і цяпер. І, пачынаючы працу над цыклам, нашая каманда хоча пазнаёміць гледачоў з гэтымі ахвярнымі людзьмі.
– Шмат хто з беларускіх добраахвотнікаў у Збройных сілах Украіны, калі не ўсе, – удзельнікі мірных пратэстаў у Беларусі. Як думаеце, чаму так сталася, што супраць Лукашэнкі яны змагаліся мірна, а супраць расейскіх захопнікаў змагаюцца са зброяй у руках?
– На мой погляд, адказ відавочны. Беларусы насамрэч людзі мірныя. І на пратэсты выходзілі – мірныя. Можа, мы недастаткова асэнсоўвалі псіхалогію рэжыму. Выходзячы на мірныя пратэсты, мы шчыра верылі, што, пабачыўшы такую колькасць нязгодных, і дзяржаўныя інстытуцыі, і нават сілавікі як мінімум задумаюцца, што не так адбываецца ў нашай краіне. І таму мы (я таксама выходзіла) спрабавалі скарыстацца сваймі законнымі правамі на публічную дэманстрацыю меркавання. Быць нязгодным – гэта не злачынства, гэта не парушэнне закону. Пасля апавяшчэння вынікаў галасавання ў 2020 годзе асабіста ў мяне было пачуццё, што з мяне подла пасмяяліся. Я адчула горыч і прыніжэнне.
А калі паляцелі ракеты, дык тут ужо ўсе ілюзіі зніклі, кветкамі ўжо не памахаеш. Важна памятаць, адкуль яны ляцелі і заязджала ва Украіну калонамі варожая тэхніка, хто гэта дапусціў. Таму шмат хто з нашых мужчынаў палічыў неабходным далучыцца і дапамагаць. Дзяўчаты і жанчыны, дарэчы, таксама. Я і сама веру ў тое, што з падзеннем рэжыму Пуціна, абрынецца і рэжым Лукашэнкі.

– Як вы знаходзіце герояў і пераконваеце даць інтэрв’ю? Шмат якія добраахвотнікі хочуць застацца інкогніта, каб уберагчы сваіх блізкіх ад помсты з боку рэжыму Лукашэнкі. Таксама не кожны свабодна трымаецца перад аб’ектывам камеры – саромеюцца. Як вы настройваеце людзей раскрыцца?
– Гэта, мусіць, самае складанае пытанне для мяне. Мы ж нікога не прымушаем да ўдзелу ў здымках.
Важна разумець, што нашыя героі могуць быць інкогніта, не паказваючы твару, не называючы імёнаў. І за гэта я гатовая несці юрыдычную адказнасць. Безумоўна, бяспека блізкіх перадусім.
Што датычыць таго, як раскрываць герояў, дык «людзей нецікавых у свеце няма». Як гэта атрымоўваецца? Я не шкадую часу для тых, з кім працую.
Спачатку, сапраўды, бальшыня саромеецца, але калі паміж намі выбудоўваецца цікавы дыялог, камера быццам перастае існаваць. Мы гаворым пра шмат што, і я стараюся быць з імі таксама шчыраю.

Тут няма ніякіх сакрэтаў: калі паспрабаваць паставіць сябе на месца чалавека, які дае мне інтэрвʼю, то і, так бы мовіць, правільных пытанняў да яго ўзнікае больш і больш. Бо заданне ж не проста даведацца, чаму так ці інакш паводзяць сябе мае героі, заданне – іх зразумець. Ці хаця б паспрабаваць гэта зрабіць.
Калі я задаю пытанне, на якое, на маю думку, адказ даць складана, я не настойваю, не цісну ніколі. Пасля здымак я абавязкова дзякую сваім героям і нават іх абдымаю. Яны ж патрацілі на стасункі са мною свой час, свае эмоцыі, а маглі б гэтага і не рабіць. У мяне вялікі досвед працы, і значная частка майго асяроддзя камунікацыі – гэта людзі, пра якіх я здымала фільмы і рэпартажы. Я адкрытая для стасункаў з імі. Не магу сказаць, што з усімі, але сапраўды з большасцю з іх.

– З якімі абмежаваннямі або складанасцямі вы сутыкнуліся падчас здымак праз ваенную цэнзуру? Мабыць, вам давялося атрымліваць дазволы на здымкі, на размовы з героямі, і забаранялася казаць пра шэраг рэчаў, якія складаюць ваенную таямніцу.
– Асноўная мэта – раскрыць асобу кожнага. Безумоўна, ні пра якія ваенныя таямніцы гаворкі не ідзе. Перадусім – сам чалавек.
А прасіць дазвол на здымкі – гэта абавязкова. І яшчэ прыкладны спіс пытанняў неабходна падаць. Гэта ж не проста войска, гэта вайна. Таму мы ставімся да гэтых патрабаванняў з разуменнем, і часта даводзіцца чакаць адказаў на дазвол доўга. Гэта нармальна. Дзякуй, што яны ўвогуле прыходзяць пры цяперашняй сітуацыі. Што да забаронаў, то самае частае патрабаванне – гэта не раскрываць лакацыі. То бок праводзіць здымкі так, каб нельга было зразумець, дзе яны адбываюцца. І цяжка з гэтым не пагадзіцца. Ні ў якім разе не дапушчу, каб праз мой матэрыял загінулі людзі.

– Ці казалі ваяры і валанцёры нешта пра тое, як іхную працу асвятляюць медыі, як апавядаюць пра вайну? Ці прасілі вас як аўтарку і нас як канал нешта данесці да гледачоў?
– Ёсць такі момант. Часта цывільныя людзі кажуць, што стаміліся ад вайны. У маіх герояў, калі хочаце, ёсць крыўда на гэта.
,,«Стаміліся мы ці не, вайна працягваецца, і ім патрэбная дапамога. Любая дапамога – матэрыяльная, маральная, фізічная. Стаміцца ад гэтай тэмы, безумоўна, можна. Але гэта не значыць, што праблемы будуць самі па сабе развязаныя. І толькі разам мы зможам пераадолець. Гэта галоўнае».

– Раскажыце, калі ласка, што вы адкрылі для сябе за час дакументавання поўнамаштабнай вайны. Мабыць, кожны з нас мае нейкае ўяўленне пра людзей на вайне, сфармаванае кнігамі, фільмамі і, магчыма, аповедамі знаёмых. Але гэтае ўяўленне часта няпоўнае, а часам і непраўдзівае. Бывае, думаеш, калі гэта было, гэта ўжо гісторыя, мы ж жывём у ХХІ стагоддзі… А потым чуеш пра тое самае, але ў вечаровых навінах! Як змянілася вашая карціна свету з 2022 года?
– Для мяне новага задужа.
Я бачыла на свае вочы, як выглядала Буча, Барадзянка, Ірпінь. Я пачула на свае вушы паветраную трывогу ўначы і была змушаная шмат разоў спускацца ў метро. Я глядзела на людзей побач і мела пачуццё віны перад імі за краіну, у якой я нарадзілася. У паездках у іншыя гарады я бачыла блокпасты. Нас спынялі, правяралі. Я цяпер ведаю, што такое каменданцкая гадзіна. Ведаеце, што страшна? Што людзі ва Украіне звыклі да гэтага. І я звыкаю. Ці мусіць так быць?

– Як вы ўяўляеце сабе гледачоў вашай праграмы? Ці маглі б апісаць іх?
– Для мяне даўно не сакрэт, што асноўныя гледачы нашага тэлеканалу – спецслужбы Лукашэнкі. Я часта чытаю каментары да сваіх працаў. Чаго тамака толькі ні пішуць!..
Я стараюся фіксаваць гісторыю праз жыцці і лёсы канкрэтных асобаў. Спадзяюся, асноўны мой глядач ужо нарадзіўся, і яму будзе больш даступная магчымасць ведаць праўду. Сучасную гісторыю я стараюся запісваць для нашчадкаў.
Ёсць сярод сённяшніх гледачоў і тыя, каго цікавіць, што адбываецца навокал. Дзякуй ім за гэта.

– Можаце нешта параіць гледачам, якім цяжка даць рады з эмоцыямі? Вы зрабілі фільм «Вечны бой Эдуарда Лобава». Даруйце за штамп, але сэрца разрываецца ад голасу маці загінулага ваяра.
– Ведаеце, мы жывём у той час, калі гісторыя пішацца вялікімі літарамі і мы – сведкі гэтай гісторыі. Людзі, пра якіх я рыхтую фільмы і рэпартажы, – не сведкі, яны яе ўдзельнікі.
Часта я чула выраз, што гібель аднаго чалавека – гэта трагедыя, а гібель вялікай колькасці людзей – гэта статыстыка. Я з гэтым ніколі не пагаджуся. За гібеллю кожнага – стаіць гора маці, семʼяў, дзяцей.
Рэпартаж памяці Эдуарда Лобава не адзіны, на мой вялікі жаль. Былі фільмы памяці Міраслава Лазоўскага, Паўла Суслава, Васіля Парфянкова, Івана Марчука. І, на мой погляд, пра іх не толькі важна, але і трэба ведаць. Гэтыя людзі – Героі. Дык вось тыя, хто часта пакідае вясёлыя смайлікі ці каментары накшталт «найміты», нават не могуць укласці ў сваіх галовах, што гаворка наагул не пра грошы.

Сэрцы разрываюцца ад невыноснага гора мамы Эдуарда Лобава, ад гора маленькіх дзяцей, якія цалуюць партрэты сваіх загінулых татаў. І гэта цягнецца гадамі. Гэта немагчыма выправіць. Сёння няма падставаў для радасці. Не...
Даведацца, якім быў чалавек, які аддаў сваё жыццё, – хіба не важна? Няўжо не каштоўна захаваць памяць пра яго? Семʼі нашых загінулых ваяроў маюць патрэбу ў сталым падтрыманні, я б хацела нагадаць пра гэта ўсім беларусам і сваім калегам таксама. Іх нельга кідаць.
Час ад часу ў нашым праекце будуць фільмы памяці. Загінулых шмат, на мой вялікі жаль. Гэтыя выданні я не магу назваць некралогамі. Я б хацела, каб мы глыбей ведалі і ўсведамлялі, колькі гора прынесла гэтая вайна.

– У праграме не будзе ні вядоўцы, ні наратара. Ці хацелі б вы нешта сказаць ад сябе пра герояў «Ваяроў і валанцёраў»?
– Я не думаю, што аўтар павінен быць у кадры. Гэта адцягвае ўвагу гледача і ў гэтым няма патрэбы. Нашыя героі – гэта галоўная каштоўнасць праекту.
Пра астатняе магу сказаць, што пэўных схемаў няма і не будзе. Бо людзі розныя. Таму кожнае выданне не будзе падобнае да папярэдняга.
* Рэжысёрка-дакументалістка Вольга Воранава выпусціла шмат фільмаў у супрацы з «Белсатам», многія з якіх былі ўзнагароджаныя на прэстыжных конкурсах.
АВ, belsat.eu
