Вайна

Акружэнне ЗСУ ў Курскай вобласці? Або як Пуцін прыдумаў «кацёл», а Трамп у гэта паверыў

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Улады Расеі заяўляюць пра нібыта акружэнне ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці, прапануюць ім скласці зброю або загінуць. Расейскія наратывы распаўсюджвае і прэзідэнт ЗША Доналд Трамп. Пры гэтым з украінскага боку акружэнне адмаўляюць. Хто ж мае рацыю?

13 сакавіка па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам у Крамлі Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея кантралюе сітуацыю ў Курскай вобласці, а групоўка Збройных сілаў Украіны нібы ў поўнай ізаляцыі.

Паводле яго, кіраванне ўкраінскімі войскамі ўнутры гэтай зоны страчанае, а выхад з яе нават маленькімі групамі немагчымы.

,,

«Тэхніка кінутая цалкам, вывезці яе немагчыма. Яна там застанецца, гэта ўжо гарантавана. А калі найбліжэйшымі днямі адбудзецца фізічнае блакаванне, то выйсці наагул ніхто не здолее. Будзе толькі два спосабы – здацца ў палон або загінуць», – дадаў кіраўнік Крамля.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: kremlin.ru

«Washington Post»: Расея на перамовах будзе патрабаваць «дэмантажу Кіеўскага рэжыму»

Вайна

Такім чынам ён патлумачыў сваю нязгоду з 30-дзённым замірэннем, на якое пагадзіліся раней Украіна і ЗША на перамовах у Саудаўскай Аравіі.

«Калі мы спыняем баявыя дзеянні на 30 содняў, што гэта азначае? Што ўсе, хто там застаецца, будуць выходзіць без бою? Мы іх адтуль павінны выпусціць пасля таго, як яны здзейснілі масу злачынстваў супраць мірных грамадзянаў? Або ўкраінскае кіраўніцтва дасць ім каманду скласці зброю? Проста здацца ў палон. Як гэта будзе? Незразумела», – сказаў Пуцін.

За дзень да таго ён назваў украінскіх вайскоўцаў на Куршчыне тэрарыстамі, якія не падпадаюць пад дзеянне Жэнеўскай канвенцыі 1949 года пра стаўленне да ваеннапалонных.

Трамп паўтарае за Пуціным

І хоць ніхто больш пра нейкі «кацёл» нічога не казаў, інфармацыю ад кіраўніка Расеі неўзабаве паўтарыў прэзідэнт ЗША. У сваім акаўнце ў сацсетцы «Truth Social» Доналд Трамп заявіў, што «менавіта ў гэты момант тысячы ўкраінскіх вайскоўцаў цалкам акружаныя расейскімі вайскоўцамі і ў вельмі дрэнным і ўразлівым становішчы».

,,

«Я настойліва прасіў прэзідэнта Пуціна пашкадаваць іхныя жыцці. Гэта была б жудасная разня, якой не было з часу Другой сусветнай вайны. Божа, блаславі іх усіх», – заявіў палітык 14 сакавіка.


Прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна пасля перамоваў. 13 сакавіка 2025 года. Фота: kremlin.ru

Крамлёўская шахматная партыя: роля Лукашэнкі ў вялікай гульні

Аналітыка

Агулам за содні ён прынамсі тройчы заявіў пра акружэнне ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Мяне вельмі хвалюе сітуацыя на полі бою. Там цяпер ёсць уразлівая група ўкраінскіх вайскоўцаў у акружэнні. Гэта дрэнна, бо мы не хочам іх смерці. Ужо і так шмат загінулых. Паглядзім, што будзе далей», – сказаў Трамп у размове з журналістамі 15 сакавіка.

На заявы прэзідэнта ЗША зноў жа адрэагаваў Пуцін. 14 сакавіка ён сказаў, што вайскоўцам ЗСУ ў Курскай вобласці будзе гарантаванае жыццё, калі яны складуць зброю і здадуцца ў палон. Кіраўнік Крамля паабяцаў ім «гарантаванае жыццё і годнае абыходжанне ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права і законамі Расейскай Федэрацыі». Паводле яго, Кіеў мусіць аддаць ім загад скласці зброю. Хоць сам жа раней казаў, што сувязь з імі ва ўкраінскага боку страчаная.

15 сакавіка прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прапанова «пакуль дзейнічае», але час у ЗСУ «скарачаецца, як шчыгрынавая скура».

У расейскіх сілавых структурах тым часам сказалі, што «цяпер адыход не толькі блакаваны агнявым уздзеяннем, але і фізічна ўжо ніяк суперніку не выбрацца».

Украінскі бок адмаўляе акружэнне

14 сакавіка са зняпраўджаннем заяваў пра акружэнне ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці выступіў Генеральны штаб ЗСУ.

,,

«Паведамленні пра нібыта «акружэнне» праціўнікам украінскіх падраздзяленняў у Курскай вобласці не адпавядаюць рэчаіснасці і ствараюцца расейцамі дзеля палітычных мэтаў і ціску на Украіну і партнёраў», – заявілі ў Генштабе.


Там адзначылі, што баявыя дзеянні на Куршчыне працягваюцца, а ўкраінскія падраздзяленні «ажыццявілі перагрупоўку, адышлі на больш выгодныя рубяжы абароны і выконваюць вызначаныя ім задачы на тэрыторыі Курскай вобласці», «адбіваюць наступальныя дзеянні праціўніка і наносяць яму эфектыўнае агнявое паражэнне з усіх відаў зброі». У Генштабе падкрэслілі: «Пагроза акружэння нашых падраздзяленняў адсутнічае».

Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook
Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

15 сакавіка на падставе справаздачы галоўнакамандуючага ЗСУ Аляксандра Сырскага ўжо прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што акружэння ўкраінскіх войскаў няма, а яны наадварот працягваюць стрымліваць адпаведныя групоўкі Расеі і Паўночнай Карэі на Куршчыне.

«Таксама бачым кірункі ўздоўж усходняй мяжы Украіны, дзе расейскае войска назапашвае сілы. Гэта сведчыць аб жаданні нанесці ўдар па нашай Сумскай вобласці. Мы гэта разумеем і будзем супрацьдзеяць. Хацелася б, каб і ўсе партнёры разумелі, што менавіта плануе Пуцін, да чаго рыхтуецца і што менавіта будзе ігнараваць», – сказаў ён.

Паводле Зяленскага, назапашванне расейскіх сілаў сведчыць, «што ў Маскве збіраюцца ігнараваць дыпламатыю і надалей».

Што кажуць незалежныя эксперты?

Акружэнне ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці РФ не пацвярджаюць і незалежныя крыніцы. Гэтак, амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведаміў 14 сакавіка, што не выявіў «аніякіх геалакацыйных сведчанняў, якія паказваюць на тое, што расейскія войскі акружылі значную колькасць украінскіх войскаў у Курскай вобласці або дзе-небудзь яшчэ ўздоўж лініі фронту ва Украіне». Паводле ISW, словы Пуціна падкрэсліваюць непрыманне ім амерыканска-ўкраінскай прапановы аб спыненні агню і нежаданне браць удзел у добрасумленных перамовах аб заканчэнні вайны ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Пры гэтым Інстытут вывучэння вайны спасылаецца ў тым ліку і на расейскага вайсковага карэспандэнта «Военный Осведомитель», які 12 сакавіка паведамляў, што ЗСУ на Куршчыне «здолелі захаваць асноўныя сілы, яе браню і цэласнасць злучэнняў».

«На жаль, чарговы раз фізічнага «катла» для праціўніка арганізаваць не ўдалося. Як і ў пераважнай большасці сцэнароў, ЗСУ ўтрымліваюць абарону да апошняга моманту і пачынаюць адыход проста перад самай пагрозаю акружэння, выводзячы з пагражальнага ўчастка асноўныя сілы з тэхнікаю. У палон трапляюць і знішчаюцца даволі абмежаваныя сілы пяхоты, кінутыя на апорніках прыкрываць адыход. Так і ў гэтай сітуацыі, асноўныя страты панеслі разрозненыя групы пяхоты, якія адыходзяць на сваіх дваіх і машынах пад ударамі расейскіх FPV-дронаў», – адзначаў расейскі ваенкар.

«У нашай каманды вельмі добрае разуменне сітуацыі ў Курску. Там няма акружаных войскаў. Адыход быў у цэлым арганізаваным, але месцамі хаатычным. Там няма пагрозы акружэння, і няма доказаў, што сведчылі б пра гэта.


Было б разумна спадзявацца на выведку, а не на словы Пуціна. Там у кішэнях ёсць невялікія аддзяленні, якія адыходзяць пешшу, але іх колькасць – менш як 1 % ад агульнага складу», – адказаў Трампу «Tatarigami_UA», кіраўнік OSINT-групы «Frontelligence Insight», наконт заяваў пра ўкраінскае акружэнне.

Куршчына – важны плацдарм для ЗСУ

У каментары «Белсату» вайсковы эксперт Павел Нарожны, заснавальнік дабрачыннай арганізацыі «Рэактыўная пошта», падкрэсліў, што ўкраінскія войскі ў Курскай вобласці РФ працягваюць атрымліваць пастаўкі з Сумскай вобласці Украіны, хоць траса Сумы–Суджа і перабывае пад агнявым кантролем УС РФ.

,,

«Гэта азначае, што лініі лагістыкі вельмі моцна абцяжараныя для групоўкі, якая застаецца ў Курскай вобласці. Але пры гэтым па грунтавых дарогах ёсць вельмі вялікая колькасць лініяў паставак. Зразумела, што па асфальце, па хуткаснай трасе можна везці і снарады, і вялікую колькасць харчоў, і людзей перавозіць. А па грунтоўках гэта рабіць нашмат больш складана. Таму на цяперашні момант сітуацыя ў групоўкі, якая застаецца ў Суджанскім раёне Курскай вобласці, даволі складаная, цяжкая», – сказаў Нарожны.


Паводле яго, пра акружэнне ЗСУ ў Курскай вобласці можна было б казаць, калі б расейскія войскі ўвайшлі ў Сумскую, а іх там няма. Больш за тое, сказаў вайсковы эксперт, цяпер баі ідуць яшчэ нават на ўскраінах Суджы.


«На цяперашні момант нават адыходу няма. На цяперашні момант войскі не адводзяцца з Курскай вобласці. Яны там застаюцца, яны трымаюць стратэгічныя вышыні, што прыкладна за 4-5 кіламетраў ад мяжы Украіны на тэрыторыі Расеі. Унутры вобласці ў расейцаў ёсць тактычныя поспехі. Некалькі паселішчаў, некалькі вёсак яны здолелі захапіць. Але пакуль гаворка пра адвод з Курскай вобласці не ідзе. І адступлення ў Сумскую вобласць, ва Украіну, на бягучы момант не адбываецца», – падкрэсліў эксперт.

Нарожны адзначыў, што плацдарм у Курскай вобласці вельмі важны для ЗСУ, бо ён служыць буферам. Калі гэтага буферу не будзе, то баі з тэрыторыі Расеі перакінуцца на тэрыторыю Украіны, у тым ліку стварыўшы пагрозу ўкраінскім гарадам Сумы і Харкаў.

Макар Мыш, Ігар Сінякевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10