17 сакавіка беларускім праваабаронцам стала вядома пра два суды над замежнымі грамадзянамі ў Менску. Аднаму з іх быў агучаны прысуд. Праваабарончы цэнтр «Вясна» таксама апублікаваў статыстыку па рэпрэсіях у студзені і лютым. Падрабязней – у нашым аглядзе.
Менскі гарадскі суд 17 сакавіка пачаў разглядаць крымінальную справу супраць эстонца Алана Роя і баскетбольнага суддзі Аляксандра Сырыцы, якога затрымалі летась па вяртанні ў Беларусь. Палітвязняў больш за год утрымліваюць пад вартай. Іхную справу разглядае суддзя Анжэла Касцюкевіч.
У залежнасці ад ролі кожнага мужчынаў абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»); ч. 1 арт. 367 КК («Паклёп на прэзідэнта»); ч. 1 арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта»); ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне варожасці»); ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім»).
Вядома, што 16 студзеня 2024 года КДБ прыняў рашэнне аб прызнанні «экстрэмісцкім фармаваннем» фонду «Fund of Belarus Friend LTD». У рашэнні ведамства былі пазначаныя людзі, якія нібыта маюць дачыненне да фонду: Алег Стэфановіч і Аляксандр Сырыца, а таксама Алан Роя.
Паводле міліцэйскіх звестак, у студзені 2025 года ў Гомельскай вобласці «зафіксавана 50 злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці», па якіх устаноўленыя 34 падазроныя. Гэта значыць, што некаторым фігурантам ставяць у віну не адзін, а шэраг палітычна матываваных артыкулаў КК. Часцей за ўсё гэта «абраза прэзідэнта» ці прадстаўнікоў улады, «распальванне варожасці», «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Таксама паводле інфармацыі МУС за студзень было складзена 122 пратаколы за «экстрэмісцкія падпіскі».
У лютым паводле палітычных справаў у Беларусі асудзілі па крымінальных справах прынамсі 156 чалавек. З гэтай колькасці 114 складаюць мужчыны, 42 – жанчыны. Яшчэ пяцёра грамадзянаў былі рэпрэсаваныя ў межах спецыяльнага вядзення.
У Беларусі мінімум 133 чалавекі асуджаныя паводле «тэрарыстычных артыкулаў», у тым ліку замежнікі і пенсіянеры.

У Фрунзенскім раённым судзе Менску 17 сакавіка за ўдзел у пратэстах пачалі судзіць майстрыцу манікюру 29-гадовую Карыну Фасевіч. Яе абвінавачваюць паводле арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
Карына выхоўвае няпоўнагадовага сына.
У Менскім гарадскім судзе агучылі прысуд палітзняволенаму грамадзяніну Японіі Наканісі Масатосі – сем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых велічыняў (21 тысяча рублёў). Палітвязня абвінавацілі ў «агентурнай дзейнасці» (арт. 358-1 КК РБ) з 2018 па 2024 гады. Працэс у закрытым рэжыме з 14 студзеня вяла суддзя Анжэла Касцюкевіч.
Марыя Міхалевіч belsat.eu