У Менску ў некалькіх кінатэатрах паказвалі латышскую мультыплікацыйную стужку «Плынь», якая сёлета выйграла «Оскара» і «Залаты глобус». Як аказалася, пракат быў незаконным, бо стваральнікі мультфільму не давалі дазвол на яго ў Беларусі і Расеі.
Цягам апошняга тыдня «Плынь» паказвалі толькі ў адным менскім кінатэатры – «Skyline Cinema» ў ГЦ «Galileo», піша радыё «Свабода». У пятніцу, 14 сакавіка, меліся прайсці 4 паказы стужкі, у іншыя дні было запланавана па тры паказы на дзень. Квіткі каштавалі ад 14 рублёў. Згодна з афішаю, мультфільм меліся дэманстраваць да 19 сакавіка, але 17 сакавіка ён знік з сайту кінатэатру.
Наведнікам патлумачылі, што «магчыма, стужка яшчэ вернецца на экраны праз некалькі дзён, але пэўнасці ў гэтым няма», распавёў журналістам «Свабоды» чалавек, які збіраўся ісці ў кіно на гэты мультфільм найбліжэйшым часам.
Калі стала вядома пра паказ мультфільму ў Беларусі і Расеі, яго вытворца і суаўтар сцэнару Матыс Кажа заявіў, што такі пракат – нелегальны і беларускія кінатэатры мусяць зняць стужку з паказу.
Дыстрыбутарская кампанія «Charades» у афіцыйнай заяве запэўніла, што ніколі не прадавала, не падпісвала і не давала нейкай згоды на камерцыйны распаўсюд ці паказ фільму ў Беларусі ці Расеі. Адмова ад супрацы з любымі арганізацыямі ў Расеі і Беларусі была ўзгодненая з рэжысёрам мультфільму Гінтсам Зілбаладысам яшчэ да сусветнай прэм’еры фільму на Канскім фестывалі ў 2024 годзе. Ужо тады кінакампаніі з Расеі і Беларусі выказвалі цікавасць да «Плыні».
«Charades» заявіла, што звяжацца з кінатэатрамі ў Расеі і Беларусі, што незаконна паказваюць «Плынь», і пастараецца спыніць гэтыя паказы.
«Плынь» – анімацыйны фільм пра самотнага ката, жыццё якога змяняецца, калі ягоны дом руйнуе моцная паводка. Каб выжыць, кот мусіць навучыцца пераадольваць страх перад вадой, а таксама будаваць зносіны з іншымі жывёлінамі. Сёлета стужка атрымала «Оскара» ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм».
У беларускіх кінатэатрах цяпер паказваюць мультфільмы «Звераполіс» вытворчасці Канады і Вялікай Брытаніі, «Муфаса: Кароль Леў» вытворчасці ЗША, фільмы «Капітан Амерыка: Новы свет» вытворчасці ЗША, «Дробязі жыцця» супольнай вытворчасці Ірландыі, Бельгіі і ЗША.
Марыя Міхалевіч belsat.eu