Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 1112-ы дзень – і больш за тыдзень без дапамогі Злучаных Штатаў. Пакуль у Саудаўскай Аравіі трываюць украінска-амерыканскія перамовы, фронт не развальваецца, хоць украінцы і непакояцца пра пастаўкі зброі. З’яўляецца нават пытанне: дык што, Расея прайграе?
За апошні дзень, як паведамляе Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны, адбылася 140 баявых сутыкненняў. Гэта высокая, але не рэкордная колькасць баёў – прыблізна як мінулым летам, але менш інтэнсіўна за пачатак зімы. Найбольш баёў – на пакроўскім і ліманскім напрамках, а таксама ў Курскай вобласці Расеі. Пад Пакроўскам, паводле некаторых назіральнікаў, сітуацыя стабілізуецца на карысць Украіны.
Паводле агляду амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW), расейскія сілы кансалідуюць здабыткі ў Курскай вобласці і рыхтуюцца атакаваць Суджу – найбуйнейшы горад Расеі, заняты ўкраінскімі сіламі. ISW адзначаў, што становіцца заўважным спыненне амерыканскай падтрымкі звесткамі выведкі – гэта пачынае пагражаць як мінімум аперацыі на Куршчыне. Спыненне амерыканскай падтрымкі паўплывае і на артылерыю (у якой нават цяпер Расея выстрэльвае ў пяць разоў больш снарадаў за Украіну), і на авіяцыю (без амерыканскай «глушылкі» радараў самалётам «F-16» будзе цяжка бараніць тыл ад расейскіх ракетных удараў).
На думку брытанскай выведкі, Расея канцэнтруе найбольшыя высілкі на курскім напрамку, але Украіна мае ўтрымаць там каля 300 км² тэрыторыі. Расея ж будзе праводзіць менш наступальных аперацыяў на астатнім фронце. Асноўны фокус расейскіх войскаў ва Украіне цяпер – Пакроўск, ды там лагістыка Расеі цярпіць ад украінскіх удараў FPV-дронамі.
Колькасць расейскіх ракетных і авіяцыйных удараў вырасла да «звычайных» значэнняў пасля зімняга адноснага зацішша. За мінулы дзень ЗСУ налічылі 2 ракетныя і 113 авіяцыйных удараў, каля шасці тысяч абстрэлаў, з якіх 186 – рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню, выкарыстанне 2930 дронаў-камікадзэ. Паветраныя сілы збілі 79 са 126 дронаў тыпу іранскіх «Shahed» (яшчэ 35 дронаў былі «лакацыйна страчаныя» без наступстваў) і адну балістычную ракету «Іскандэр-М». Атака дронамі закранула Кіеўшчыну, Харкаўшчыну і Сумшчыну, выклікала вялікія пажары ў Адэсе. Атака гэтай ноччу не прынесла катастрафічных ахвяраў і разбурэнняў, але зусім нядаўна, 7 сакавіка расейскія ўдары забілі за дзень 21 мірнага жыхара Украіны.
Украіна, падобна, адбіваецца: у Расеі заяўляюць пра наймаштабнейшую атаку дронамі на Маскву, Маскоўскую вобласць і яшчэ дзевяць рэгіёнаў, у якіх нібыта збілі аж за тры сотні дронаў. Наступствы траплення аскепкаў дрона ў жылы дом паказалі Генеральнаму сакратару Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе Фэрыдуну Сінірліаглу, які якраз знаходзіцца з візітам у Маскве.
Украіна без амерыканскай дапамогі не толькі не прайграе, але і контратакуе
Калі глядзець на сітуацыю на фронце ва Украіне за апошні час, можа ўзнікнуць пытанне: чакайце, дык Расея цяпер прайграе? Менавіта такім пытаннем задаецца брытанскае выданне «TLDR News». Пакроўск не стаў для Украіны «наступным Бахмутам», а ў Тарэцку серыя ўкраінскіх контратак можа прывесці да атачэння расейскай групоўкі – гэта ўжо прымусіла Расею перакінуць сілы ў горад, узяццем якога хвалілася месяц таму. Хіба ў Курскай вобласці расейскія войскі маюць заўважныя поспехі.
Вайскова-палітычны аглядальнік групы «Iнформацiйний спротив» Аляксандр Каваленка кажа «Белсату», што для расейскіх войскаў курскі напрамак цяпер сапраўды найбольш актыўны, а па лініі баявога сутыкнення ва Украіне ў іх цяпер пераважна стагнацыя на тле ўкраінскіх контратак.
«Мы зараз вывелі на сістэмны ўзровень контратакі, якія адбываюцца ўжо не толькі на пакроўскім напрамку, – расказвае Каваленка. – Іх можна назіраць і на вялікаміхайлаўскім напрамку, купянскім напрамку, то бок там, дзе расейцы страчваюць пазіцыі, якія яны займалі месяц таму, паўтара месяцы таму і гэтак далей. Такіх выпадкаў шмат».
,,«З 2024 года такой колькасці сістэмных контратак з боку Сілаў абароны Украіны не адбывалася, як адбываецца зараз. Расейцы вымушаныя не столькі пакладацца на сваю колькасную перавагу ва Украіне, колькі час ад часу адыходзіць на больш выгадныя пазіцыі».
У Курскай вобласці іншая сітуацыя, бо гэта бліжняя і сярэдняя тылавая зона Расеі, а большасць аперацыяў Сілы абароны Украіны базавалася на атрыманні выведных звестак ад Злучаных Штатаў, тлумачыць Каваленка. Пасля таго, як ЗША на мінулым тыдні давалі даваць гэтыя звесткі (а гэта спадарожнікавыя здымкі, праца авіяцыі дальняга радыялакацыйнага назірання і нават праца агентурных сетак на тэрыторыі Расеі), гэтым скарысталася Расея.
Каваленка канстатуе: за тыдзень расейскія войскі вярнулі пад свой кантроль крыху больш за 105 км². Гэта далёка не ўся тэрыторыя, якую заняла Украіна ў Курскай вобласці, Расея не вярнула пад кантроль райцэнтр Суджа і не дайшла да мяжы, не можа перарэзаць трасу Н07 ці ўзяць у атачэнне ўкраінскія войскі. Але ж гэта даволі хуткае прасоўванне, якога ў астатнія сем месяцаў не бывала.
Суразмоўца называе гэта «цікавым супадзеннем» – такое ж супадзенне было, калі ў кастрычніку 2023 года трампісцкае крыло Рэспубліканскай партыі пачала блакаваць у Кангрэсе ЗША дапамогу Украіне, Ізраілю і Тайваню, а Расея ў гэты час пачала аўдзееўскую аперацыю.
,,«Уласна ў зоне баявых дзеянняў ва Украіне пра абвал фронту, прарыў абароны не вядзецца, – падкрэслівае Каваленка. – У расейцаў няма на гэта сілаў і сродкаў».
Курская вобласць і тэрыторыя Украіны – зусім розныя тэатры баявых дзеянняў, працягвае ён: якраз ва Украіне ў расейскіх войскаў на сёння назіраецца сур’ёзнае знясіленне.
«Так, мы цяпер не атрымліваем дастатковую дапамогу ад нашых амерыканскіх партнёраў, але мы ўжо ў такім стане былі. З 2023 па 2024 год мы паўгода не атрымлівалі гэтай дапамогі, – нагадвае Каваленка. – Тым не менш, мы вытрымалі адну з наймацнейшых на той момант наступальных кампаніяў расейцаў. Зараз у іх зусім іншы патэнцыял: яны не механізаванымі калонамі з танкамі і баявымі бронемашынамі штурмуюць нашыя пазіцыі, а на УАЗ-іках, „Нівах“ і „Жыгулях“, часам нават на аслах і конях! З гэтага можна рабіць адпаведныя высновы».
,,«Так, не ўсё проста. Так, досыць цяжка, таму што ў іх усё ж такі колькасная перавага. Яны намагаюцца зараз якраз пяхотнай кампанентай і колькасцю дамінаваць над сіламі абароны Украіны. Але пачынаючы са студзеня 2025 года назіраецца сур’ёзная стагнацыя іхных магчымасцяў».
З дапамогай Злучаных Штатаў Украіне было б нашмат лягчэй паляпшаць свае пазіцыі, прызнае Каваленка. І нагадвае, што Украіна шукае шляхі не толькі вяртання амерыканскай дапамогі, але і дыверсіфікацыі паставак. Трывае маштабная дыпламатычная праца не толькі на еўрапейскім напрамку, але і з краінамі з іншых частак свету, якія «сябе не надта афішуюць, але дапамагаюць Украіне досыць даўно». І размовы ідуць не толькі пра пастаўкі тэхнікі і боепрыпасаў, але і пра выведныя звесткі.
У Крамлі «не спяшаюцца надзяваць ружовыя акуляры»
Тым часам у Саудаўскай Аравіі пачаліся перамовы кіраўніцтва Украіны з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім на чале і амерыканскай дэлегацыі, якую ўзначальвае дзяржаўны сакратар Маркаў Руб’ёў. Чаго хочуць Штаты ад Украіны, да канца не зразумела: з заяваў прэзідэнта Доналда Трампа (які ў Саудаўскую Аравію не паляцеў) і ягонага атачэння вынікае, што ЗША схіляюць Украіну да тэрытарыяльных саступак Расеі, а што прапануюць у кампенсацыю, невідавочна.
Без паставак амерыканскай зброі з абароннымі закупкамі адбываецца «смяротны хаос», як піша «Українська правда»: у розных катэгорыях пастаўкі з ЗША займалі ад 30 % да ўсіх 100 %. На еўрапейскім напрамку нядаўна былі некалькі рашэнняў, якія патэнцыйна змогуць надаць новы імпульс дапамозе ЗСУ, ды Еўропа можа замяніць далёка не ўсё – ды, напрыклад, боепрыпасы для сістэмаў «Patriot» могуць паставіць не толькі Штаты, але і тыя краіны, якія купляюць іх у Штатаў. І на ўнутраным рынку цяпер праблемы: так, за апошнія два месяцы Агенцтва абарончых закупак не заключыла ніводнага кантракту на пастаўку боепрыпасаў.
У Крамлі цешацца сварцы Трампа з Зяленскім і вітаюць змену палітыкі ЗША. Ды Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна, выказвае недавер і заклікае «не спяшацца надзяваць ружовыя акуляры». Маўляў, многія чакаюць, што ЗША перастануць пастаўляць Украіне зброю і адключаць сістэмы сувязі – «і ў іх усё атрымаецца», але «ў нас і без гэтага ўсё атрымліваецца».
А ўкраінцы не вераць, што Расея спыніцца на ўжо акупаваных тэрыторыях, паказала нядаўняе апытанне. 66 % апытаных адчуваюць экзістэнцыяльную пагрозу знішчэння ўкраінскай нацыі ці фізічнага генацыду ўкраінцаў. Толькі 4 % лічаць, што Расея мае на мэце зберагчы кантроль адно над ужо акупаванымі тэрыторыямі, толькі 3 % – што Расея хоча «дэнацыфікаваць і дэмілітарызаваць» Украіну без замаху на суверэнітэт.
Алесь Наваборскі belsat.eu