Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да вернікаў праз канал Catholicby на YouTube і распавёў пра стан свайго здароўя. Напярэдадні паведамлялася, што стан іерарха пагоршыўся і ён праходзіць хіміятэрапію.
Taдэуш Кандрусевіч распавёў, што два гады таму ў яго знайшлі меланому (злаякасная пухліна скуры). Была зробленая аперацыя, пасля чаго перыядычна праводзіліся абследаванні.
«У касцёлах и мас-медыя прайшла навіна такая, что я хварэю. Гэта праўда. Два гады таму ў мяне знайшлі рак, меланому. Мне была зробленая аперацыя. Пасля гэтага я рэгулярна першы год, кожны месяц наведваў лекара, наведваў шпіталь. Проста глядзелі, як ідзе лячэнне. Усё было добра другі год кожныя тры месяцы. Роўна два тыдні таму падчас апошняй кантрольнай праверкі выявілася, што ў мяне ёсць метастазы. Метастазы пайшлі на лёгкія. На самой справе я не адчуваю гэтага, але факт ёсць фактам», – сказаў арцыбіскуп.
Ён падзякаваў усім за малітвы і нагадаў, што вернікі перажываюць цяпер Вялікі пост, падчас якога суперажываюць Езусу, які цярпеў за нас і нашыя грахі:
«Мы павінны ахвяроўваць нашы цярпенні за наша навяртанне, за поспех людзей у іх духоўным адраджэнні, а таксама за нашу краіну».
Іерарх пажадаў усім здароўя душы і цела.
Пра тое, што арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч у шпіталі і праходзіць хіміятэрапію, паведаміў падчас святой Імшы ў Архікатэдральным касцёле ў Менску 13 сакавіка арцыбіскуп Іосіф Станеўскі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі.
Аперацыю па выдаленні меланомы Кандрусевіч перанёс у лютым 2023 года. У траўні 2024-га яму рабілі аперацыю на сэрцы пасля інфаркту.
Марыя Міхалевіч belsat.eu