Ілюстрацыйны здымак. Мужчына глядзіць праз плот з беларускага боку беларуска-польскай мяжы. Буферная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю, Белавежская пушча, Польшча. 6 сакавіка 2024 г. (Фота: Attila Husejnow / Forum)
podpis źródła zdjęcia
Польскія ўлады чакаюць канкрэтных рашэнняў і дзеянняў з боку беларускага рэжыму.
Польскія палітыкі з партыі ўлады сёння праводзяць вельмі гучную, рашучую і адважную палітыку. Парламенцкая большасць адабрала ўжо не адзін імунітэт дэпутатам, якія ў часы «Права і справядлівасці» (PIS) займалі важныя дзяржаўныя пасады і ў дачыненні да якіх ёсць падазрэнні з боку пракуратуры. Ідзе сурʼёзная унутраная барацьба, а ўлады ў Варшаве дэманструюць, што няма людзей не кранальных і «усе роўныя перад законам».
Нават былыя прэмʼеры і міністры. Каманда Дональда Туска яшчэ падчас выбарчай кампаніі абяцала, што «разлічыць» сваіх папярэднікаў. Вось і разлічвае.
Ілюстрацыйны здымак. Мужчына глядзіць праз плот з беларускага боку беларуска-польскай мяжы. Буферная зона ўздоўж мяжы з Беларуссю, Белавежская пушча, Польшча. 6 сакавіка 2024 г. (Фота: Attila Husejnow / Forum)
Відавочна, што ў Варшавы ёсць палітычная воля «разлічыць» таксама і Аляксандра Лукашэнку. Бо ёсць жаданне прадэманстраваць «рашучасць» і ў замежнай палітыцы. Таму нельга выключаць, што ў кожны момант можа прыпыніцца гандлёвы рух праз мяжу, у тым ліку і чыгуначны. Польскім уладам (гэта пацвярджаюць апытанні) гэта прынясе іміджавыя бонусы. А калі хтосьці ў ЕЗ пачне крытыкаваць прыпыненне транзіту, то Варшава можа лёгка сказаць: гаварыце з Лукашэнкам, ён ведае нашыя патрабаванні. І такі падыход, гледзячы на атмасферу ў Польшчы апошніх гадоў, зойдзе большасці палякаў. Рашучасць – сёння ключавое слова у польскай палітыцы.
Выглядае на тое, што і ў Менску разумеюць непрадказальнасць дзеянняў польскага ўраду ў дачыненні да дыктатуры Лукашэнкі. Менавіта таму новы кіраўнік МЗС Максім Рыжанкоў запрашаў польскі бок да размоваў на мяжы, а нядаўна распавядаў пра свае польскія карані і бабулю, якая «хадзіла маліцца ў Чырвоны касцёл». Лукашэнка добра ведае, што Варшава дамагаецца перадачы забойцы польскага жаўнера, спынення міграцыйнага крызісу і вызвалення Анджэя Пачобута. Рэжым аднак вырашыў паспрабаваць «пагаварыць з палякамі» замест таго, каб прадэманстраваць сапраўднае жаданне дыялогу і зрабіць першы крок. Пустой рыторыкі ці сімвалічных жэстаў накшталт адмены візаў для грамадзянаў еўрапейскіх краінаў не хопіць. Польшча чакае канкрэтных рашэнняў, бо іншага падыходу не прыме польскае грамадства.
Міжнародная павестка таксама не спрыяе Лукашэнку і хутчэй рана чым позна яму ізноў прыйдзецца «пераабувацца». Ён добра ведае, што калі выбары ў ЗША выйграе Дональд Трамп і яму ўдасца дамовіцца з Уладзімірам Пуціным, то вайна прыпыніцца. Але санкцыі з Беларусі не здымуць. З Расеяй пачнуць гаварыць, але ўжо не ў Менску, як гэты было ў 2014-2015 гадах, а дзе-небудзь у Швейцарыі ці Турцыі. З Лукашэнкам гаварыць ніхто не будзе, санкцыі таксама не здымуць. А дзеля чаго тады гэта ўсё было? Такое справядлівае пытанне мог бы задаць Лукашэнка Пуціну. Не задасць, але «план Б» магчыма ўжо шукае.
Беларускаму дыктатару рана ці позна прыйдзецца думаць пра магчымасці адбудовы камунікацыі (адкрыццё памежных пераходаў, пасажырскіх спалучэнняў, гандлёвых шляхоў), шукаць формулу нармалізацыі стасункаў з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі. Нельга выключаць, што менавіта таму Лукашэнка і заявіў пра вывад войскаў беларуска-ўкраінскага памежжа. А калі гэта так, то гэта азначае, што працэс распачаўся. Лідараў дэмакратычнай апазіцыі дыктатар перад «выбарамі» 2025 года наўрадці выпусціць, але ніхто яму не замінае вызваліць некалькі дзясяткаў чарговых палітвязняў у там ліку і Анджэя Пачобута.
Без сумневу гэта была б перамога замежнай палітыкі ўраду Дональда Туска. Для Лукашэнкі ж магчыма апошні шанец на тое, каб канчаткова не апынуцца ў скуры губернатара акупаванага Крыму Сяргея Аксёнава. Іншага варыянту тут не прадбачваецца.